1 Гэта кажа Госпад: «Вось, Я навяду на Бабілон і на жыхароў Халдэі як бы вецер пагібельны.
2 І Я пашлю ў Бабілон веяльшчыкаў, і яны перавеюць яго, і знішчаць зямлю яго, бо адусюль нападуць на яго ў дзень няшчасця.
3 Хай ніводзін з лучнікаў не нацягвае свайго лука, і хай не выхваляецца панцырны ваяр; не шкадуйце юнакоў яго, забіце ўсё войска яго!»
4 І пападаюць забітыя ў зямлі Халдэйскай, і параненыя — на вуліцах яе.
5 Бо не аўдавеў Ізраэль, і Юда па сваім Богу, па Госпаду Магуццяў, бо зямля іх перапоўнена злачынствамі на віду Святога Ізраэля.
6 Уцякайце з асяроддзя Бабілона! Хай кожны ратуе душу сваю. Не гіньце з прычыны віны яго, бо гэта час помсты Госпада, Ён аддасць яму належнае.
7 Бабілон у руцэ Госпада — залаты келіх, які паіў усю зямлю. Віно яго пілі народы, і дзеля таго ашалелі.
8 Раптам упаў Бабілон, і зруйнавалі яго. Галасіце дзеля яго, вазьміце бальзам на боль яго, можа, ачуняе.
9 «Лекавалі мы Бабілон, але ён не паздаравеў. Пакіньце яго, і хадзем кожны ў сваю зямлю! Бо аж да неба даходзіць прысуд над ім і аж да хмараў падымаецца».
10 Выявіў Госпад справядлівасць нашу, хадземце і раскажам на Сіёне пра справу Госпада, Бога нашага!
11 Вастрыце стрэлы, напаўняйце калчаны. Узбудзіў Госпад дух цара мідзян, бо супраць Бабілона намер Яго, каб знішчыць яго, бо гэта помста Госпада, і помста за святыню яго.
12 Падыміце сцяг над мурамі Бабілона! Павялічце варту, расстаўце варту, падрыхтуйце засады, бо так вырашыў Госпад і здзейсніў тое, што прадказаў супраць жыхароў Бабілона.
13 Ты, што жывеш над вялікімі водамі, перапоўнены багаццямі, прыходзіць канец твой, мерка сквапнасці тваёй!
14 Госпад Магуццяў прысягнуў душою Сваёю: «Нават калі напоўню цябе людзьмі, як саранчою, заспяваюць яны над табою ваенную песню».
15 Ён стварыў зямлю сілаю Сваёю, упарадкаваў свет мудрасцю Сваёй і розумам Сваім расцягнуў неба.
16 Па загадзе Яго множацца воды ў небе, Ён прыносіць хмары з канца зямлі, маланкамі папераджае дождж і выклікае вецер са сховішчаў сваіх.
17 Неразумным стаўся кожны чалавек без ведаў, асаромлены кожны залатар дзеля ідала, бо падманнае ліццё яго, няма ў ім жыцця.
18 Марныя творы і смеху вартыя, і ў час наведання іх яны пагінуць.
19 Не такая доля Якуба, як гэтая, бо Ён — Той, Хто стварыў усё, а Ізраэль — племя спадчыны Яго, Госпад Магуццяў — імя Яго.
20 «Ты — молат Мой, начынне вайны; табою Я пабіваю народы і знішчаю табою царствы.
21 Табою Я пабіваю каня і конніка яго і табою пабіваю калясніцу і возніка яе.
22 Паб’ю табою мужчыну і жанчыну, паб’ю табою старога і падлетка і паб’ю табою юнака і дзяўчыну.
23 Паб’ю табою пастыра і статак яго, і паб’ю табою земляроба і запрэжкі яго, і паб’ю табою ваяводаў і ўрадоўцаў.
24 І Я аддам Бабілону і ўсім жыхарам Халдэі за ўсю іх ліхоту, якую яны зрабілі Сіёну на вачах вашых», — кажа Госпад.
25 «Вось, Я на цябе, гара пагібельная, — кажа Госпад, — якая знішчыла ўсю зямлю. Я працягну руку Сваю да цябе, і спіхну цябе са скалы, і зраблю цябе гарой палаючай.
26 І не возьмуць з цябе ані каменю кутняга, ані каменю на падмурак, але спустошаная будзеш навечна», — кажа Госпад.
27 Падыміце сцяг на зямлі! Трубіце ў трубы між народамі, прыгатуйце супраць яго народы, склічце супраць яго царствы Арарата, Міні, Аскеназа, устанавіце супраць яго ваяводаў, прывядзіце коней, як калючую саранчу!
28 Прыгатуйце супраць яго народы, цароў мідзян, князёў іх, усіх намеснікаў іх і ўсю зямлю ўладання іх.
29 Задрыжыць зямля і затрасецца, бо споўніцца задума Госпада супраць Бабілона, каб учыніць зямлю Бабілона пустыннай і бязлюднай.
30 Волаты Бабілона кінулі ваяваць, сядзяць у крэпасцях, змарнела іх сіла, і сталіся яны, як жанчыны; палаткі іх спалены, і засаўкі іх паламаны.
31 Пасланец за пасланцом пабяжыць, і вястун за вестуном, каб паведаміць цару Бабілона, што здабыты горад яго ад канца да канца.
32 І што броды пазайманы, умацаванні агнём спалены, а ваяры дужа ўстрывожаны.
33 Бо гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Дачка Бабілона — як ток у час малацьбы на ім, яшчэ крыху — і прыйдзе на яе час жніва».
34 З’еў мяне, спустошыў мяне Набукаданосар; цар Бабілона адкінуў мяне, як пустую пасудзіну, як цмок, праглынуў мяне, напоўніў жывот свой маімі асалодамі, і выпхнуў мяне.
35 «Знявага мая і цела маё на Бабілон!», — кажа жыхарка Сіёна. «А кроў мая на жыхароў Халдэі!» — кажа Ерузалім.
36 Таму вось што кажа Госпад: «Вось, Я абараню справу тваю, і адпомшчу помсту тваю, і мора яго зраблю пустыняю, і высушу крыніцу яго,
37 і Бабілон станецца кучай развалін, прыстанішчам шакалаў, страхоццем і пасмяяннем, і не будзе ў ім жыхароў.
38 Заравуць яны, быццам ільвы, замуркаюць, як малыя львяняты.
39 У прагнасці іх падрыхтую ім баль, напаю іх, каб ашалелі і заснулі сном вечным, і не прачнуліся, — кажа Госпад. —
40 Я павяду іх на зарэз, як авечак, як бараноў разам з казламі».
41 Як здабыты Сэсах, як узята слава ўсяе зямлі! Як ім стаўся страхоццем Бабілон паміж народаў!
42 Нахлынула мора на Бабілон, і закрыла яго безліч хваль яго.
43 Гарады яго сталіся страхоццем, зямлёй бязлюднаю і пустэчай, зямлёй, дзе ніхто не жыве, і не ходзіць па ёй сын чалавечы.
44 «Я наведаю Бэла ў Бабілоне, вырву ў яго з пашчы тое, што ён праглынуў, не будуць больш да яго плысці народы, і мур Бабілона заваліцца!
45 Выйдзі, народ Мой, з яго, каб кожны ўратаваў душу сваю ад лютасці гневу Госпада.
46 Хай не млее сэрца ваша, і не бойцеся весткі, якую пачуеце на зямлі, бо ў адзін год прыйдзе вестка, а другая — у другі год, а на зямлі — гвалт, і валадар на валадара.
47 Таму, вось, надыходзяць дні, калі Я наведаю ідалаў Бабілона, і ўся зямля яго асароміцца, і ўсе забітыя ў ім будуць ляжаць пасярод яго.
48 І загамоняць хвалебна над Бабілонам неба і зямля і ўсё, што ў іх, бо з поўначы надыдуць на яго спусташальнікі, — кажа Госпад. —
49 Вось, Бабілон упадзе за забітых Ізраэля, як упалі за Бабілон забітыя на ўсёй зямлі.
50 Вы, што ўцяклі ад меча, уцякайце, не стойце; хоць вы далёка, памятайце пра Госпада, а Ерузалім хай узыдзе ў сэрца ваша».
51 Асаромленыя мы, бо чулі знявагу, і ганьба пакрыла твары нашы, бо ўвайшлі чужынцы ў свяцілішча дома Госпада.
52 «Дзеля таго, вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я наведаю ідалаў яго, і па ўсёй зямлі яго будуць стагнаць параненыя.
53 Калі б нават да неба падняўся Бабілон і ў небе ўмацаваў сілу сваю, але ад Мяне прыйдуць на яго нішчыцелі», — кажа Госпад.
54 Крык чуцен з Бабілона, і вялікае гора з зямлі Халдэйскай,
55 бо Госпад нішчыць Бабілон і сцішае ад яго гармідар вялікі, і зашумяць іх хвалі, як вялікія воды, і ўздымаецца плёскат іх.
56 Бо ідзе на яго, на Бабілон, рабаўнік, і схоплены асілкі яго, і лук іх зламаны, бо Бог помсты, Госпад, аддасць належнае.
57 «І напаю Я князёў яго, і мудрацоў яго, і намеснікаў яго, і ўрадоўцаў яго, і мужных яго, і заснуць яны сном вечным, і не прачнуцца, — кажа Валадар, Госпад Магуццяў — імя Яго».
58 Гэта кажа Госпад Магуццяў: «Умацаваны, вельмі шырокі славуты мур Бабілона заваліцца, а брамы яго высокія згараць у агні, і надарма працавалі народы, і людзі на агонь марнавалі сілы».
59 Слова, якое даў на загад прарок Ярэмія Сараі, сыну Нэрыі, сыну Маасіі, калі той накіравіўся з царом Юды, Сэдэцыем, у Бабілон у чацвёртым годзе яго царавання, а Сарая быў кіраўніком над пакоямі.
60 І апісаў Ярэмія ў адной кнізе ўсё ліха, якое мела прыйсці на Бабілон, усе гэтыя словы, напісаныя супраць Бабілона.
61 І сказаў Ярэмія Сараі: «Калі ты прыбудзеш у Бабілон, то глядзі: прачытай усе гэтыя словы
62 і скажы: “Госпадзе, Ты прадказаў пра гэтае месца, што знішчыш яго так, што не будзе ў ім жыхароў, — ні чалавека, ні жывёлы, — і будзе яно пустыняй вечна”.
63 І калі скончыш чытаць гэтую кнігу, прывяжы да яе камень і ўкінь яе ў сярэдзіну Эўфрата,
64 і скажы: “Хай так патоне Бабілон і хай не падымецца дзеля таго няшчасця, якое Я на яго наводжу, і ён будзе зруйнаваны”». Дасюль словы Ярэміі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Ярэміі, 51 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017