Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Ярэміі 22 Ярэміі 22 разьдзел

1 Гэта кажа Госпад: «Сыдзі ў дом цара Юдэйскага і абвясці яму гэтае слова.
2 І скажы яму: “Слухай слова Госпада ты, цар Юдэйскі, які сядзіш на пасадзе Давіда, ты, і твае паслугачы, і твой народ, які ўваходзіць праз гэтыя брамы.
3 Гэта кажа Госпад: “Чыніце суд і справядлівасць, вызваляйце прыгнечанага з рук крыўдзіцеля, чужынцу, сіраце і ўдаве не рабіце крыўды ані ўціску несправядлівага, ды крыві бязвіннай не пралівайце ў гэтым месцы.
4 Калі бо дакладна споўніце вы гэтае слова, то будуць уваходзіць праз брамы гэтага дома цары з роду Давіда, якія сядзяць на пасадзе яго ды ўзвышаюцца на калясніцах і на конях, самі, і паслугачы іх, і народ іх.
5 Калі ж не паслухаеце гэтых слоў, прысягаю Самім Сабою, — кажа Госпад, — што дом гэты станецца пустыняй”.
6 Гэта кажа Госпад адносна дому цара Юдэйскага: “Ты для Мяне — Галаад, вяршыня Лібана. Але, сапраўды, Я зраблю з цябе пустыню, гарады бязлюдныя.
7 І прызначу Я на цябе нішчыцеля і зброю яго, і зрэжуць яны найлепшыя твае кедры ды кінуць у агонь.
8 І пройдзе многа народаў праз гэты горад, і скажа кожны блізкаму свайму: “Чаму зрабіў так Госпад гэтаму вялікаму гораду?”
9 І адкажуць: “За тое, што пакінулі запавет Госпада, Бога свайго, і пакланяліся чужым багам, і служылі ім”».
10 Не плачце дзеля памерлага і не галасіце дзеля яго. Плачце горка дзеля таго, хто адыходзіць, бо ён не вернецца ўжо і не пабачыць сваёй роднай зямлі.
11 Бо вось што кажа Госпад пра Сэлума, сына Осіі, цара Юдэйскага, які цараваў замест Осіі, бацькі свайго, і які пакінуў гэтае месца:
12 «Не вернецца больш сюды той, які выйшаў з гэтага месца,
13 але на месцы, у якое завялі яго, памрэ, ды зямлі гэтае болей не ўбачыць». Гора таму, хто будуе дом свой на несправядлівасці, і святліцы свае — на незаконнасці, блізкаму свайму кажа працаваць задарма, і заробку яго не аддае яму.
14 Ён кажа: «Пабудую сабе дом прасторны, і святліцы шырокія», ды прасякае вокны сабе, і будуе столь кедравую, і малюе цынобраю.
15 «Ці будзеш цараваць, таму што выслаўляешся кедрамі? А можа, твой бацька не еў і не піў? Але ён спаўняў закон і чыніў справядлівасць, і добра было яму тады.
16 Ён разбіраў справу беднага і няшчаснага, і добра [было яму] тады. Ці ж не гэта азначае ведаць Мяне? — кажа Госпад. —
17 Твае ж вочы і сэрца — толькі ўласнай карысці, праліцця нявіннай крыві, крыўды і гвалту.
18 Таму вось што кажа Госпад Еліякіму, сыну Осіі, цару Юдэйскаму: “Не будуць плакаць па ім: “О гора, браце мой! О гора, сястра мая!” Не будуць па ім плакаць: “О гора, гаспадару! О гора, ясны!”
19 Будзе ён мець пахаванне, якое спраўляецца аслу. Будуць яго цягнуць і кінуць далёка па-за брамамі Ерузаліма».
20 Узыдзі на Лібан і крычы, і на Басане ўздымі голас твой, і гукай з Абарыма, бо былі панішчаны ўсе палюбоўнікі твае.
21 «Прамаўляў Я да цябе ў час бяспекі тваёй, а ты адказаў: “Не буду слухаць!” Гэткая твая дарога ад юнацтва твайго, бо не слухаў ты голасу Майго.
22 Усіх тваіх пастыраў будзе пасвіць вецер, а твае палюбоўнікі пойдуць у няволю. Вось тады пасаромеешся і пачырванееш з прычыны ўсялякае ліхоты тваёй.
23 Ты, які сядзіш на Лібане і маеш гняздо на кедрах, як ты будзеш стагнаць, калі прыйдуць на цябе пакуты, быццам пакуты парадзіхі!
24 Жыву Я, — кажа Госпад, — бо калі б Ёахін, сын Якіма, цар Юдэйскі, быў пярсцёнкам на Маёй правай руцэ, то і адтуль Я сарву яго;
25 і аддам цябе ў рукі тых, што цікуюць на тваю душу, ды ў рукі тых, якіх ты баішся, у рукі Набукаданосара, цара Бабілонскага, і ў рукі халдэяў.
26 Ды пашлю цябе і маці тваю, якая цябе нарадзіла, у зямлю чужую, у якой вы не нарадзіліся, і там паўміраеце.
27 І ў зямлю, у якую прагнуць яны душой сваёй вярнуцца, не вернуцца».
28 Ці ж чалавек той, Ёахін, — гэта пасудзіна адкінутая і пабітая? Няўжо гэтая пасудзіна зусім непатрэбная? Чаму ж выкінуты яны: ён і нашчадкі яго, ды выкінуты ў зямлю, у якой яны не нарадзіліся і якой не ведалі?
29 О зямля, зямля, зямля! Слухай слова Госпада!
30 Гэта кажа Госпад: «Запішыце гэтага чалавека як пазбаўленага патомства, як чалавека, які не будзе шчаслівым у дні жыцця свайго, бо ніхто з яго нашчадкаў не будзе сядзець на пасадзе Давідавым і не будзе больш мець улады ў Юдэі».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ярэміі, 22 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017