Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

1 да Карынцянаў 1 1-ы ліст да Карынцянаў 1 разьдзел

1 Паўла, з волі Божай пакліканы Апостал Ісуса Хрыста, ды брат Састэн
2 Божай царкве, што ў Карынце, асвечаным у Ісусе Хрысце ды пакліканым святым разам з усімі, што прызываюць імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў кожным месцы, у іх ды ў нас:
3 ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
4 Дзякую заўсёды за вас Богу майму, за ласку Божую, дадзенаю вам у Хрысце Ісусе,
5 бо ў Ім вы ва ўсім сталіся багатымі, усякім словам і ўсякім веданнем,
6 бо сведчанне Хрыстова ўмацавалася ў вас,
7 так што не маеце ніякай нястачы ласкі ў чаканні аб’яўлення Госпада нашага Ісуса Хрыста,
8 Які і ўмацуе вас да канца, каб былі без заганы ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.
9 Верны Бог, Якім вы пакліканы да супольнасці з Сынам Яго Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым.
10 Браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста малю вас, каб усе вы гаварылі адно і каб не было сярод вас падзелаў, каб вы былі дасканалымі, аднаго духа і аднае думкі.
11 Бо тыя, што ў Хлоі, паведамілі мне пра вас, браты мае, што здараюцца між вамі спрэчкі.
12 Я кажу тое, што кожны ў вас кажа: «Я Паўлаў», «Я Апалосаў», «Я Кіфаў», «А я Хрыстоў».
13 Ці ж Хрыстос падзяліўся? Ці ж Паўла быў за вас укрыжаваны? Ці ў імя Паўлы вы ахрышчаны?
14 Дзякую Богу, што, апрача Крыспа і Гая, я нікога з вас не ахрысціў,
15 каб ніхто не казаў, што я хрысціў у маё імя.
16 Праўда, ахрысціў я таксама дом Сцяпана. А больш не ведаю, ці ахрысціў яшчэ каго.
17 Бо не паслаў мяне Хрыстос хрысціць, але несці добрую вестку; не ў мудрасці слова, каб не адмяніць крыжа Хрыстова.
18 Бо слова крыжа для тых, што ідуць у пагібель, ёсць вар’яцтва, а тым, што ідуць у збаўленне, — сіла Божая.
19 Бо напісана: «Загублю мудрасць мудрых і кемлівасць разумных знішчу».
20 Дзе мудрэц? Дзе кніжнік? Дзе даследчык гэтага веку? Ці не зрабіў Бог мудрасць гэтага свету дурнотай?
21 Калі ж свет мудрасцю не пазнаў Бога ў мудрасці Божай, дык спадабалася Богу праз вар’яцтва прапаведніцтва збавіць веруючых.
22 Бо юдэі дамагаюцца знакаў, і грэкі шукаюць мудрасці;
23 а мы прапаведуем Хрыста ўкрыжаванага, Які для юдэяў — згаршэнне, а для паганаў — вар’яцтва,
24 для тых жа, што пакліканы, ці з юдэяў, ці з грэкаў, Хрыстос — моц Божая ды мудрасць Божая.
25 Бо тое, што неразумнае ў Бога, мудрэйшае за людзей, а што кволае ў Бога — мацнейшае за людзей.
26 Дык вы, браты, паглядзіце на ваша пакліканне, што няшмат з вас мудрых паводле цела, нямнога магутных, няшмат высакародных;
27 але Бог выбраў неразумнае свету, каб пасароміць мудрых, і кволае свету, каб пасароміць магутных,
28 і невысакароднае свету, і пагарджанае выбраў Бог, і тое, што нікчэмнае, каб знішчыць тое, што нечым ёсць,
29 каб ніводнае цела не выхвалялася перад Богам.
30 Дзякуючы Яму і вы ёсць у Хрысце Ісусе, Які ад Бога стаўся для нас мудрасцю, справядлівасцю, пасвячэннем і адкупленнем,
31 каб было, як напісана: «Хто хваліцца, хай Госпадам хваліцца».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст да Карынцянаў, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017