пераклады // сімфонія // слоўнікі

Біблія » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Першае да Карыньцянаў 1 разьдзел

1 Паўла, воляй Божай пакліканы Апостал Ісуса Хрыста, і Состэн, брат,
2 царкве Божай, што ў Карыньце, асьвячоным у Хрысьце Ісусе, пакліканым сьвятым з усімі, што прызываюць імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў-ва ўсякім месцы, у іх і ў нас:
3 ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
4 Заўсёды дзякую Богу майму за вас з прычыны ласкі Божае, данае вам у Хрысьце Ісусе,
5 бо ўсім абагаціліся вы ў Ім, усякім словам і ўсякаю ведаю, —
6 бо сьведчаньне Хрыстовае ўмацавалася ў вас, —
7 дзеля чаго вы ня маеце нястачы ні ў якім дары, ждучы адкрыцьця Госпада нашага Ісуса Хрыста,
8 Які і ўгрунтуе вас да канца, каб быць вам бязьвіннымі ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.
9 Верны Бог, якім вы пакліканы ў лучнасьць Сына Яго, Ісуса Хрыста, Госпада нашага.
10 Малю вас, браты, іменем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно, і ня было-б між вамі падзелаў, але каб вы злучаны былі ў адным розуме і ў аднэй думцы.
11 Бо ад Хлоіных сталася мне ведама аб вас, браты мае, што між вамі есьць спрэчкі.
12 Кажу-ж аб тым, што кожны ў вас кажа: я Паўлавы, я Апалёсавы, я Кіфавы, а я Хрыстовы.
13 Ці-ж разьдзяліўся Хрыстос? Ці-ж Паўла раскрыжаваўся за вас? Ці ў імя Паўлава вы ахрысьціліся?
14 Дзякую Богу, што я нікога з вас не ахрысьціў, апрача Крыспа і Гайя,
15 каб не сказаў хто, што я хрысьціў у маё імя.
16 Ахрысьціў я таксама Сьцяпанавы дом, а ці ахрысьціў яшчэ каго, ня ведаю.
17 Бо і Хрыстос паслаў мяне не хрысьціць, а абвяшчаць Эвангельле; не ў прамудрасьці-ж слова, каб не панізіць крыжа Хрыстовага;
18 бо слова, што аб крыжу, для пагібаючых ёсьць вар’яцтва, а для нас, якія спасаюцца, — сіла Божая.
19 Бо напісана: загублю мудрасьць мудрацоў, і розум разумных адкіну. (Ісая 29:14)
20 Гдзе мудрэц? гдзе кніжнік? гдзе дасьледчык гэтага веку? Ці не ператварыў Бог мудрасьць сьвету гэтага ў вар’яцтва? (Ісая 33:18)
21 Бо, калі сьвет сваею мудрасьцяй не пазнаў Бога ў прамудрасьці Божай, дык угодна было Богу праз дурасьць пропаведзі збавіць веруючых.
22 Бо і Юдэі трэбуюць цудаў, і Грэкі шукаюць мудрасьці;
23 а мы абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, для Юдэяў спакусу, а для Грэкаў дурасьць,
24 для самых жа пакліканых, і Юдэяў, і Грэкаў, — Хрыста, Божую сілу і Божую прамудрасьць;
25 бо дурное Божае мудрэйшае за людзей, і слабое Божае дужэйшае за людзей.
26 Бо паглядзеце, браты, на пакліканьне вашае: ня многа мудрых паводле цела, ня многа дужых, ня многа дабрародных;
27 але Бог выбраў дурноту сьвету, каб асароміць мудрых, і бяссільнае сьвету выбраў Бог, каб асароміць дужое;
28 і бязроднае сьвету і пагарджанае і няістотнае выбраў Бог, каб зьнішчыць істотнае,
29 дзеля таго, каб ніводнае цела не хвалілася перад Ім.
30 З Яго і вы ў Хрысьце Ісусе, які стаўся для нас прамудрасьцяй ад Бога, і праведнасьцяй, і асьвячэньнем, і адкупленьнем,
31 каб было, як напісана: хто хваліцца, хваліся ў Госпадзе. (Ерамія 9:24)
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першае Пасланьне Паўлы да Карыньцянаў, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу . Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1926−1931, 1948, 1985, 1991


2023. Створана з любоўю для тых, хто разважае пра Бога і шукае Яго.