1 Напамінаю вам, браты, Эвангельле, якое я абвяшчаў вам, ды якое вы і прынялі, у якім і ўстаялі,
2 якім і збаўляецеся, калі ўдзе́ржыце, якім словам я абвяшчаў яго вам, калі толькі не надарма паве́рылі.
3 Бо я сьпярша́ пераказаў вам, што і сам прыняў, што Хрыстос паме́р за грахі нашыя паводле Пісаньня,
4 і што Ён быў пахаваны і ўскрос на трэці дзень, паводле Пісаньня,
5 і што зьявіўся Кіфе, пасьля-ж дванаццацём;
6 пасьля зьявіўся бале́й чым пяцістам братом зара́з, з якіх большая частка й дагэтуль жывуць, некаторыя-ж паўміралі;
7 пасьля зьявіўся Якубу, дый усім Апосталам;
8 а пасьля ўсіх зьявіўся і мне́, быццам адкіненаму.
9 Бо я — найме́ншы з Апосталаў і няварты называцца Апосталам, бо я перасьле́даваў царкву Божую,
10 але з ласкі Бога ёсьць тым, чым есьць, і ласка Яго, што́ ўва мне́, ня была дарэмнай, але я бале́й за іх усіх папрацаваў; дый ня я, але ласка Божая, што са мною.
11 Дык ці я, ці яны, мы гэтак навучаем, а вы гэтак паве́рылі.
12 Калі-ж аб Хрысьце́ апавядаецца, што Ён уваскрос з мёртвых, дык я́к некаторыя з вас кажуць, што няма ўваскрасе́ньня мёртвых?
13 Калі няма ўваскрасе́ньня мёртвых, дык і Хрыстос не ўваскрос;
14 а калі Хрыстос не ўваскрос, дык і навука наша дарэмная, дарэмная і ве́ра вашая.
15 Да таго мы аказаліся-б і ілжывымі сьве́дкамі Божымі, бо сьведчылі аб Богу, што Ён ускрасіў Хрыста, Якога не ўскрашаў, калі паме́ршыя не ўскрасаюць.
16 Калі-ж мёртвыя не ўскрасаюць, дык і Хрыстос не ўваскрос;
17 а калі Хрыстос не ўваскрос, дык ве́ра вашая пустая: вы йшчэ ў грахох вашых.
18 Дык і паме́ршыя ў Хрысьце́ пагіблі.
19 А калі мы ў гэтым толькі жыцьці спадзяе́мся на Хрыста, дык найбольш нешчасьлівыя з усіх людзе́й.
20 Але цяпе́р Хрыстос уваскрос з мёртвых, першако́м сярод паме́ршых стаўся.
21 Бо, як сьме́рць праз чалаве́ка, гэтак праз чалавека і ўваскрасе́ньне мёртвых.
22 Бо, як у Адаме ўсе́ паміраюць, гэтак у Хрысьце́ ўсе́ ажывуць,
23 і кожны ў сваім парадку: пярша́к Хрыстос, потым Хрыстовыя ў прыход Ягоны.
24 А тады кане́ц, калі Ён аддасьць Царства Богу і Айцу, калі зьніштожыць усякае начальства і ўсякую ўладу і сілу,
25 бо Яму нале́жыць цараваць, дакуль пакладзе́ ўсіх ворагаў пад ногі Свае́.
26 Апошні вораг зьнішчыцца — сьме́рць,
27 бо ўсё пакарыў пад ногі Яго; калі-ж сказана, што Яму ўсе пакорна, дык ясна, што апрача Таго, Хто пакарыў Яму ўсё.
28 Калі-ж усё пакарыць Яму, тады й Сам Сын пакарыцца Пакарыўшаму Яму ўсё, каб быў Бог усё ў-ва ўсім.
29 Іначай што́ будуць рабіць Тыя, што хрысьцяцца дзеля мёртвых, калі мёртвыя зусім не ўскрасаюць? чаго хрысьціцца дзеля мёртвых?
30 Чаго і мы кожную гадзіну ў небясьпе́цы?
31 Я што-дня ўміраю: сцьвяржае гэта пахвала ваша, браты, якую ма́ю ў Хрысьце́ Ісусе, Госпадзе нашым.
32 Калі-б я па-чалаве́чаму бароўся з зьве́рамі ў Эфэсе, дык якая мне́ карысьць, калі мертвыя не ўскрасаюць? Дык будзем е́сьці і піць, бо заўтра памрэм!
33 Не ашуківайце сябе́: благія сяброўствы псуюць добрыя абычаі.
34 Працьверазіцеся праведна і не грашыце; бо некаторыя з вас ня ве́даюць Бога, — кажу вам на сорам.
35 Але скажа хто-не́будзь: як ускрэснуць мёртвыя? ды ў якім це́ле прыдуць?
36 Неразумныя! што́ ты се́еш, не ажыве́, калі не памрэ;
37 і што́ се́еш, се́еш ня будучае це́ла, а голае зе́рне, пшанічнае, ці якое іншае, як надарыцца;
38 але Бог дае́ яму це́ла, як хоча, і кожнаму зярняці сваё це́ла.
39 Ня кожнае це́ла такое самае це́ла, але інакшае ў рыбаў, інакшае ў птушак.
40 І це́лы нябе́сныя, і це́лы зямныя: але інакшая слава нябе́сных, інакшая зямных;
41 інакшая слава сонца, інакшая слава ме́сяца, інакшая зораў; бо зорка ад зоркі розьніцца ў славе.
42 Гэтак і ўскрасе́ньне мёртвых: се́ецца на тле́ньне, устае́ ў нятле́ннасьці;
43 се́ецца ў паніжэньні, устае́ ў славе; се́ецца ў бяссільлі, устае́ ў сіле;
44 се́ецца це́ла душэўнае, устае́ це́ла духоўнае. Ёсьць це́ла душэўнае і есьць це́ла духоўнае.
45 Так і напісана: стаўся пе́ршы чалаве́к Адам душою жывою (Быцьцё 2:7), а апошні Адам — дух жыцьцятворны.
46 Але не́ духоўнае ране́й, а душэўнае; духоўнае пасьля.
47 Пе́ршы чалаве́к з зямлі, зямны; другі чалаве́к — Госпад з не́ба.
48 Які зямны, гэтакія і зямныя; і які нябе́сны, такія і нябе́сныя.
49 І як мы насілі абра́з зямнога, будзем насіць і абраз нябе́снага.
50 Тое-ж скажу вам, браты, што ня могуць цела і кроў унасьле́даваць Царства Божае, дый тле́ннасьць не насьле́дуе нятле́ннасьці.
51 Вось кажу вам тайну: бо ня ўсе́ мы памрэм, але ўсе́ пераме́німся —
52 зьнячэўку, у імгне́ньне вока, пры апошняй трубе́; бо затрубіць, і мёртвыя ўскрэснуць нятле́ннымі, і мы пераме́німся,
53 бо тле́ннаму гэтаму трэба апрануцца ў нятле́ннасьць, і сьмяротнаму гэтаму апрануцца ў несьмяротнасьць.
54 Калі-ж тле́ннае гэтае апранецца ў нятле́ннасьць, і сьмяротнае гэтае апране́цца ў несьмяротнасьць, тады ста́нецца напісанае слова: праглынена сьме́рць перамогаю (Ісая 25:8).
55 Сьме́рць! гдзе́ тваё джала? Пе́кла! гдзе́ твая перамога? (Осія 13:14.)
56 Джала-ж сьме́рці — грэх; а сіла грэху — закон.
57 Богу-ж падзяка, што даў нам перамогу праз Госпада нашага Ісуса Хрыста!
58 Гэтак, браты мае́ ўмілаваныя! будзьце цьвёрдыя, стойкія, у дзе́ле Гасподнім пасьпявайце заўсёды, ве́даючы, што праца ваша не дарэмная перад Госпадам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першае Пасланьне Паўлы да Карыньцянаў, 15 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.