Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

1 да карыньцянаў 15 Першае да карыньцянаў 15 разьдзел

1 Напамінаю вам, браты, Эвангельле, якое я вам абвясьціў, якое вы і прынялі, у якім і ўстаялі,
2 празь якое вы і ратуецеся, тым словам, якое я дабравесьціў вам, калі утрымліваеце (яго), калі толькі ня бяспрычынна паверылі. (Жыд. 5:9).
3 Бо я перадаў вам перш тое, што і (сам) прыняў, што Хрыстос памёр за грахі нашыя, паводля Пісаньняў,
4 і што (Ён) быў пахаваны, і што быў уваскрэшаны на трэйці дзень паводля Пісаньняў,
5 і што Ён быў зьяўлены Кіхве, потым дванаццацём;
6 потым быў зьяўлены больш чым пяцістам братом аднача́сна, зь якіх большасьць жыве да гэтага часу, а нікаторыя і паме́рлі;
7 потым быў зьяўлены Яку́бу, потым (быў зьяўлены) усім Апосталам;
8 а пасьля ўсіх, як (нейкаму) няданоску, быў зьяўлены і мне.
9 Бо я ёсьць найменшы з Апосталаў, які ня варты называцца Апосталам, таму што я гнаў царкву Бога;
10 але Багада́цьцю Бога я ёсьць той, хто я ёсьць. І Багадаць Ягоная, што ўва мне, ня сталася марнай, але я папрацава́ў намнога больш за іх усіх: але ня я, а Багадаць Бога, якая са мною.
11 Дык ці я, ці яны — мы так прапаведуем, і вы так паверылі.
12 Калі ж пра Хрыста апавядаецца, што Ён уваскрэшаны зь мёртвых, (дык) як нікаторыя з вас кажуць, што ўваскрасе́ньня мёртвых няма?
13 Калі ж няма ўваскрэсеньня мёртвых, (дык) і Хрыстос ня быў уваскрэшаны;
14 калі ж Хрыстос ня быў уваскрэшаны, то дарэмная тады нашая пропаведзь, дарэмная ж і вера вашая.
15 А мы сталіся б лжэсьведкамі пра Бога, таму што засьведчылі пра Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, Якога ня ўваскрасіў, — калі сапраўды мёртвыя ня ўваскрашаемы;
16 калі ж мёртвыя ня ўваскрашаемы, то і Хрыстос ня быў уваскрэшаны.
17 Калі ж Хрыстос ня быў уваскрэшаны, то дарэмная вера вашая: вы ўсё яшчэ знаходзіцеся ў грахох вашых.
18 Тады і памёршыя ў Хрысьце загінулі.
19 Калі толькі ў гэтым жыцьці мы спадзяёмся на Хрыста, дык мы самыя няшчасныя з усіх людзей.
20 А цяпер (я кажу, што ведаю): Хрыстос уваскрэшаны зь мёртвых, Ён стаў Першынцам з памёршых.
21 Бо як праз чалавека — сьмерць, так праз Чалавека і — уваскрасеньне (зь) мёртвых.
22 Бо як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысьце ўсе будуць уваскрэшаны,
23 але кожны ў сваім парадку: Пе́ршынец Хрыстос, потым — Хрыстовыя ў прыход Ягоны;
24 потым — канец, калі Ён перадасьць Валадарства Богу і Бацьку, калі скасуе ўсякае начальства і ўсякую ўладу, і сілу.
25 Бо Яму належыць валада́рыць, пакуль ні пакладзе ўсіх ворагаў пад Ногі Ягоныя.
26 (І) апошні вораг будзе зьнішчаны — сьмерць;
27 бо ўсё пакарыў (Бацька) пад Ногі Ягоныя. А калі ска́зана, што ўсё пакорана (Яму, дык) ясна, што акрамя Таго, Хто пакарыў Яму ўсё.
28 А калі будзе пакорана Яму ўсё, тады і Сам Сын пакорыцца Таму, Хто пакарыў Яму ўсё, каб быў Бог усё ва ўсім.
29 Інакш што будуць рабіць тыя, каго хрысьцяць дзеля мёртвых? Калі мёртвыя зусім ня ўваскрашаемы, дык для чаго і хрысьцяцца дзеля мёртвых?
30 Дзеля чаго і мы ў небясьпецы ўсякі час?
31 Я кожны дзень паміраю: аддаю ў залог маю пахвалу, якую я маю ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
32 Калі (проста) па-чалавечаму змагаўся я зь дзікімі зьвярамі ў Эхвесе, (дык) якая мне (ад гэтага) карысьць, калі мёртвыя ня ўваскрашаемы? Станем есьці і піць, бо заўтра памром!
33 Ня абманвайце сябе: благія сяброўствы псуюць добрыя норавы.
34 Абразумце сябе да праведнасьці і ня грашыце, таму што нікаторыя з вас ня ведаюць Бога: на сорам вам кажу.
35 Але хто-небудзь скажа: якім чынам мёртвыя ўваскрашаемы? Ды ў якім целе прыходзяць?
36 Няразумны! тое, што ты сееш, ня ажыве, калі ня памрэ.
37 І тое, што ты сееш, (дык) сееш ня цела будучае, але голае зерне, якое надарыцца — пшанічнае альбо якое-небудзь іншае.
38 А Бог дае яму цела, як хоча, і кожнаму зярняці сваё цела.
39 Ня ўсякае цела (ёсьць) аднолькавае цела, але іншае цела — у людзей, іншае ж цела — у жывёлаў, іншае ж — у рыбаў, іншае ж — у птушак.
40 І (ёсьць) целы нябесныя і целы зямныя; але іншая слава нябесных, іншая — зямных.
41 Іншая слава ў сонца і іншая слава ў месяца, і іншая слава ў зорак; бо зорка ад зоркі адрозьніваецца славай.
42 Гэтак і ўваскрашэньне мёртвых: сеецца ў тленьні, уваскрашаецца ў нятленьні;
43 сеецца ў няславе, уваскрашаецца ў славе, сеецца ў немачы, уваскрашаецца ў сіле;
44 сеецца цела душэўнае, уваскрашаецца цела духовае. Ёсьць цела душэўнае, і ёсьць цела духовае.
45 Гэтак і напісана: «стаўся першы чалавек Адам душою жывою»; апошні Адам (ёсьць) Дух жыцьцятворчы.
46 Але (у чалавеку) спачатку ня духовае, а душэўнае, духовае (ж) затым.
47 Першы чалавек — зь зямлі, зямны; наступны Чалавек — Госпад зь Неба.
48 Які зямны, гэткія і зямныя; і Які Нябесны, гэткія і нябесныя.
49 І як мы насілі абраз зямнога, (гэтак) будзем насіць і абраз Нябеснага.
50 Гэта ж кажу (вам), браты, што цела і кроў Валадарства Бога атрымаць у спадчыну ня могуць, і тленьне ня спадкуе нятленьня.
51 Вось, кажу вам тайну: ня ўсе мы памром, але ўсе будзем пераменены,
52 раптам, у імгненьне вока, пры апошняй трубе; бо затру́біць, і мёртвыя будуць уваскрэшаны нятленнымі, а мы будзем пераменены.
53 Бо належыць гэтаму тленнаму апрануцца ў нятленнасьць, і сьмяротнаму гэтаму апрануцца ў нясьмяротнасьць.
54 Калі ж тленнае гэтае апранецца ў нятленнасьць, і сьмяротнае гэтае апранецца ў нясьмяротнасьць, тады спраўдзіцца слова напíсанае: «сьмерць праглынена перамогаю».
55 «Сьмерць, дзе тваё джала? Пекла, дзе твая перамога?»
56 Джала ж сьмерці — грэх, сіла ж грэху — Закон.
57 Але Богу падзяка, Які дае нам перамогу цераз Госпада нашага Ісуса Хрыста!
58 Дык вось, браты мае любасныя, будзьце цьвёрдыя, няпахісныя, маючы заўсёды посьпех у справе Госпада, ведаючы, што праца вашая ня марная перад Госпадам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першае Пасланьне Апостала Паўлы да карыньцянаў, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020