Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

2 да карыньцянаў 1 Другое да карыньцянаў 1 разьдзел

1 Павал, Апостал Ісуса Хрыста па волі Бога, і Цімахвей брат царкве Бога, якая знаходзіцца ў Карыньце, са ўсімі сьвятымі, што знаходзяцца па ўсёй Ахайі:
2 Багадаць вам і мір ад Бога Бацькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
3 Багаславёны Бог і Бацька Госпада нашага Ісуса Хрыста, Бацька міласэрнасьці і Бог усякага суцяшэньня,
4 Які суцяшае нас у кожным нашым горы, каб мы маглі суцяшаць тых, што знаходзяцца ва ўсякім горы, тым суцяшэньнем, якім Бог суцяшае нас саміх!
5 Бо паколькі памнажаюцца пакуты Хрыста ў нас, пастолькі памнажаецца і суцяшэньне нашае цераз Хрыста.
6 Калі ж мы церпім уціск, дык дзеля вашага суцяшэньня і выратаваньня, якое адбываецца цераз ператрываньне тых жа пакутаў, якія і мы трываем. Калі мы суцяшаемы, дык дзеля вашага суцяшэньня і збаўленьня. І надзея нашая на вас цьвёрдая,
7 ведаючы, што вы зьяўляецеся ўдзельнікамі як у пакутах (нашых), так і ў суцяшэньні.
8 Бо ня хочам, каб вы ня ведалі, браты, пра нашае гора, якое здарылася з намі ў Азіі, таму што прыгнечаны мы былí звыш меры (і) звыш сілы, так што мы нават згубілі надзею выжыць.
9 Але (мы) самі ў сабе мелі прысуд сьмерці, каб спадзявацца (нам) ня на сябе, але на Бога, Які ўваскрашае мёртвых,
10 Які збавіў нас ад гэткай (жахлівай) сьмерці і (далей) збаўляе, на Якога спадзяёмся, што і яшчэ збавіць
11 і пры спрыяльнай вашай малітве за нас, каб праз (малітвы) многіх аб дару нам, многія атрымалі падставу быць удзячнымі за нас.
12 Бо пахвала нашая ёсьць у тым, аб чым сьведчыць (і) сумленьне нашае, што мы жылí ў сьвеце гэтым, асабліва ж у вас, у прастаце і шчырасьці Божай, (кіруючыся) ня мудрасьцяй плоцкай, але Багадацьцю Божай.
13 Таму што мы пішам да вас ня нейкім іншасказаньнем, але тое, што вы чытаеце ці нават разумееце; спадзяюся ж, што і да канца зразумееце,
14 як вы часткова і зразумелі нас, што мы зьяўляемся пахвалой вашай, як і вы — нашай у дзень Госпада Ісуса.
15 З гэткай упэўненасьцяй хацеў я прыйсьці да вас (яшчэ) раней, каб вы ў другі раз атрымалі (гэткую) Багадаць;
16 і праз вас прайсьці ў Македонію, ды ізноў із Македоніі прыйсьці да вас, і ад вас быць праведзеным у Юдэю.
17 Дык прымаючы гэткі намер, няўжо я тады выявіў лёгкадумнасьць? Ці тое, што я рашаю, рашаю па плоці, так што ў мяне бывае (адначасна) то «так, так», то «не, не»?
18 Верны ж Бог, што слова нашае да вас ня было то «так», то «не».
19 Таму што Божы Сын, Ісус Хрыстос, Які быў прапаведаны намі сярод вас, (і) мной і Сілуанам, і Цімахвеям, ня быў то «так», то «не», але ў Ім было (толькі) «так».
20 Бо ўсе абяцаньні Бога ў Ім «так» і ў Ім «амін», — на славу Богу цераз нас.
21 Той жа, Хто ўмацоўвае нас з вамі ў Хрысьце і памазаў нас (ёсьць) Бог,
22 Які і паклаў на нас (Сваю) пячатку і даў (нам) задатак Духа ў сэрцы нашыя.
23 Я ж заклікаю Бога ў сьведкі на маю душу́, што, шкадуючы вас, я дагэтуль ня прыйшоў у Карынт.
24 Ня таму, што мы пануем над верай вашай, але спрыяем вам у радасьці вашай; бо ў веры вы стаіце́ цьвёрда.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другое Пасланьне Апостала Паўлы да карыньцянаў, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020