Біблія » Пераклады » Пераклад П. Татарыновіча

2 да карынтыян 1 2 да карынтыян 1 разьдзел

1 Павал з волі Божае Апостал Езуса Хрыстуса і Тыматэй брат — эклезіі Божай у Карынце з усімі сьвятымі па ўсёй Ахаі.
2 Ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Усеспадара Езуса Хрыстуса.
3 Дабраслаўлены Бог і Айцец Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, Айцец міласэрдзя і Бог усякай патолі,
4 што пацяшае нас у кажнай журбе нашай, каб і мы маглі горам прыгнобленых пацяшаць тою патоляю, якою Бог самых нас пацяшае.
5 Бо так як багата ў нас цярпенняў Хрыстуса, гэтак праз Хрыстуса шмат і пацехі.
6 Калі восьжа мы тужым, дык для вашай пацехі й збаўлення, што вам дае сілу цярпліва зносіць тыяж мукі, якія і мы перажываем.
7 Надзея наша аб вас моцная, бо ведаем, што вы супольнікі нашыя ў смутках так, як і ў радасьцях будзеце.
8 Мы бо ня хочам, каб вы, браты, ня ведалі аб нашай бядзе, якая спаткала нас у Азіі; так празьмерную й непасільную мелі мы прыгнобу, што аж ня мілае нам было жыцьцё.
9 Але мы ў сабе самых мелі сьмяротны прысуд, каб спадзявацца не на сябе, а на Бога, які ўскрашае мяртвых;
10 які выбавіў нас ды выбаўляе ад гэтулькіх небясьпекаў; на Яго спадзяёмся, што і далей выбаўляціме
11 пры дапамозе і вашай за нас малітвы, каб за дар атрыманы дзеля просьбы многіх, многія за нас і дзякавалі.
12 Хвала бо нашая — гэта сьветчанне нашага сумлення, што ў прастаце і Богу мілай шчырасьці, не ў цялеснай мудрасьці, але ў ласцы Божай паступалі на гэтым сьвеце, асабліваж у вас.
13 Мы нічога й ня пішам вам, як тое толькі, што вы чытаеце й разумееце; дый, спадзяюся, што й цалком зразумееце,
14 як часткова ўжо й зразумелі нас: што мы — вашая слава, так як вы — нашая ў дню Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса.
15 І з гэтай спадзевай меўся я раней прыбыць да вас, каб другі раз вы радасьць мелі;
16 і ад вас перайсьці ў Макэдонію ды зноў вярнуцца к вам з Макэдоніі, каб вы правялі мяне ў Юдэю.
17 Маючы гэта ў намеры, ціж я паступіў лёгкадумна? Ці што я задумляю, дык толькі з людзкіх мяркаванняў, каб было ў мяне адначасна і «так» і «не»?
18 Алеж верны Бог мне сьветкай, што мова наша да вас ня ёсьць і «так» і «не».
19 Бо Сын Божы Езус Хрыстус, які абвяшчаецца у вас намі — і мною, і Сільванам, і Тыматэем — ня быў «так» і «не», але было ў Ім толькі «так»;
20 колькі бо ёсьць абяцанняў Божых, усе ў Ім сталіся «так», таму празь Яго і Аман Богу на хвалу ад нас.
21 А той, каторы уцьвярджае нас з вамі ў Хрыстусе й каторы даў нам памазанне, ёсьць Бог;
22 Ён-жа палажыў на нас пячаць сваю ды даў заруку Духа ў сэрцы нашыя.
23 Бога восьжа ўжываю на сьветка маёй душы, што дзеля ашчады вас я дагэтуль ня прыходзіў у Карынт;
24 не таму, як быццамбы мы валадарнічалі над вашай верай, але мы спрыяем вашай радасьці: бо у веры вы стойкія.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другі ліст да карынтыян сьвятога Паўла апостала, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.