Біблія » Пераклады » Пераклад П. Татарыновіча

2 да карынтыян 7 2 да карынтыян 7 разьдзел

1 Маючы восьжа гэтыя зарукі, ачышчайма сябе, мілыя, ад усякай гідоты цела і духа, зьдзейсьніваючы ў богабоязі усьвячэнне нашае.
2 Прыймеце нас: мыж нікога ня скрыўдзілі, нікога не ачмуцілі зьдзерствам.
3 Кажу гэта, не каб асудзіць вас, бож сказаў ужо вам, што вы ў нашых сэрцах на уміранне поспал і на жыцьцё.
4 У мяне вялікая спадзева на вас, вялікая пахвала мне за вас; я повен суцехі й радасьці пры ўсіх журбах нашых.
5 Бо і тады, як прыйшлі былі мы ў Макэдонію, цела нашае ня мела супачынку (утульля) — адусюль бяда: звонку напасьці, ўнутры страхі.
6 Але Бог, пацяшыцель пакорных, уцешыў нас прыйсьцём Тытуса;
7 ды ня толькі прыйсьцём, але і дазнанай у вас уцехаю, як расказваў аб вашай тужлівасьці, аб вашым плачу ды руплівасьці аба мне, так што я шчэ болей абрадаваўся.
8 Хоць я й засмуціў вас маім лістом, не шкадую гэтага, а каліб і шкадаваў, бачыўшы хвілінную засмочонасьць вашую,
9 дык цяпер цешуся, не дзеля таго, што вы зажурыліся, але дзеля таго, што журба тая была пакутнай; вы бо смуціліся дзеля Бога, каб ні ў чым ня мелі ад нас шкоды.
10 Смутак бо дзеля Бога спрычыняе збаўленнае каянне, якога потым не шкадуецца, а смутак гэтага сьвету спрычыняе сьмерць.
11 Бо вось тое сумаванне дзеля Бога, гляньце, якую руплівасьць разбудзіла ў вас, якое апраўдванне ды абурэнне (на вінаватага), якую боязь, якую тужлівасьць, якую шчырасьць ды й спагнанне: у ва ўсім вы паказалі сябе нявіннымі ў гэтай справе.
12 А калі й напісаў вам, дык не дзеля крыўдзіцеля, ані дзеля пакрыўджанага, але каб між вамі выявілася дбаласьць наша аб вас перад Богам.
13 Таму мы уцешыліся ўцехаю вашаю, а шчэ болей радасьцю Тытуса, што вы ўсе заспакоілі дух ягоны.
14 І калі я быў крыху пахваліўся вамі перад ім, дык без сораму; бо, як мы заўсёды гаварылі вам праўду, так і пахвала перад Тытусам нашая аказалася праўдаю;
15 і сэрца яго йшчэ прыхільнейшае да вас на ўспамін вашай паслухмянасьці, як вы прынялі яго з боязьзю і тропатам.
16 Я рад, што ў-ва ўсім магу здавацца на вас.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другі ліст да карынтыян сьвятога Паўла апостала, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.