Біблія » Пераклады » Пераклад Праваслаўнай Царквы

2 да Карынфян 7 2-е Пасланне да Карынфян 7 разьдзел

1 Дык вось, узлю́бленыя, маючы такія абяца́нні, давайце ачысцім сябе ад усялякай нечыстаты́ плоці і духу, удаскана́льваючыся ў святасці са страхам Божым.
2 Умясціце нас: мы нікога не пакрыўдзілі, нікому не пашкодзілі, ні ад каго не шукалі карысці.
3 Я не ў асуджэнне гавару; бо я раней сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб і памерці разам, і жыць разам.
4 Вялікае ў мяне спадзява́нне на вас, вялікі ў мяне гонар за вас; я напоўнены суцяшэннем, перапоўнены радасцю пры ўсёй горасці нашай.
5 Бо калі мы прыйшлі ў Македонію, плоць наша не мела ніякага спакою, мы цярпелі ўціск з усіх бакоў: звонку — напа́ды, унутры — стра́хі.
6 Але Бог, Які суцяшае пакорлівых, суцешыў нас прыбыццём Ціта,
7 і не толькі прыбыццём яго, але і суцяшэннем, якім ён быў суце́шаны за вас, расказваючы нам пра вашу тугу́, пра вашы слёзы, пра вашу адданасць мне, так што я яшчэ больш узрадаваўся.
8 Таму, калі я і засмуціў вас пасланнем, то не шкадую, а калі і шкадаваў, — бо я бачу, што пасланне тое, хоць і часова, засмуціла вас, —
9 то цяпер радуюся: не таму, што вы былі засму́чаны, а таму, што засму́чаны былі вы для пакая́ння, бо вы былі засму́чаны дзеля Бога, так што вы ні ў чым не зазна́лі шкоды ад нас.
10 Бо смутак дзеля Бога вядзе да неадме́ннага пакая́ння дзеля спасення, а смутак свету гэтага вядзе да смерці.
11 Бо якраз тое, што вы былі засму́чаны дзеля Бога, такую ў вас руплівасць абудзіла, а якое апраўданне, а якое абурэнне, а які страх, а якую тугу́, а якую стараннасць, а якое спагна́нне! Ва ўсім вы паказалі сябе чыстымі ў гэтай справе.
12 Дык вось, калі я і напісаў вам, то не дзеля крыўдзіцеля і не дзеля пакрыўджанага, а дзеля таго, каб вам адкрылася наша рупнасць дзеля вас перад Богам.
13 Таму мы суце́шыліся суцяшэ́ннем вашым; а яшчэ больш мы ўзрадаваліся радасці Ціта, таму што вы ўсе супакоілі дух яго;
14 бо калі я ў чым-небудзь перад ім і пахваліўся вамі, то не аказаўся пасаромленым; але як усё ска́занае намі вам было ісцінаю, так і пахвала́ наша перад Цітам аказалася ісцінаю;
15 і сэрца яго вельмі прыхільнае да вас, калі ён успамінае паслухмянасць усіх вас і тое, як са страхам і трымце́ннем вы прынялí яго.
16 Таму я радуюся, што ва ўсім магу быць упэўненым у вас.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Да Карынфян 2-е Пасланне святога Апостала Паўла, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейская камісія БПЦ
© 2017