Біблія » Пераклады » Пераклад праваслаўнай царквы

2 да Карынфян 5 2-е Пасланне да Карынфян 5 разьдзел

1 Бо ведаем, што калі зямны наш дом, гэтая хацíна, разбу́рыцца, то мы маем жыллё ад Бога: дом нерукатворны, вечны, на нябёсах.
2 І таму тут мы стогнем, жада́ючы апрану́цца ў нябеснае наша жыллё;
3 толькі б нам і апра́нутым не апынуцца голымі.
4 Бо мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, стогнем ад цяжа́ру, бо не хочам распрану́цца, а хочам апрану́цца, каб смяротнае было́ паглыну́та жыццём.
5 На гэта ж і стварыў нас Бог, і даў нам залог Духа.
6 Дык вось, мы заўсёды маем пэўнасць; і паколькі ведаем, што, жывучы ў целе, мы адда́лены ад Госпада, —
7 бо мы жывём вераю, а не ба́чаннем, —
8 то маем пэўнасць і жадаем лепш вы́селіцца з цела і пасяліцца ў Госпада,
9 і таму старанна імкнёмся — ці пасяля́ючыся, ці высяля́ючыся — быць угоднымі Яму;
10 бо ўсім нам належыць з’явíцца на суд Хрыстоў, каб кожнаму атрымаць паводле таго, што ён рабіў, жывучы́ ў целе — ці добрае, ці дрэннае.
11 Дык вось, ведаючы страх Гасподні, мы пераконваем людзей, для Бога ж мы адкрытыя; спадзяюся, што адкрытыя і вашаму сумленню.
12 Бо мы не зноў прадстаўляем сябе вам, а даём вам нагоду хвалíцца намі, каб мелі вы адказ для тых, якія хва́ляцца знешнім, а не тым, што ў сэрцы.
13 Бо калі мы бываем не ў сабе, то дзеля Бога; калі ж мы ў здаровым розуме, то дзеля вас.
14 Бо любоў Хрыстова прымушае нас разважа́ць так: калі адзін памёр за ўсіх, то ўсе памерлі.
15 А Хрыстос за ўсіх памёр, каб тыя, хто жыве, жылí ўжо не дзе́ля сябе, а дзе́ля Таго, Хто памёр за іх і ўваскрэс.
16 Так што мы з гэтага часу нікога не знаем па плоці; калі ж і зналі мы Хрыста па плоці, то цяпер ужо не знаем.
17 Дык вось, хто ў Хрысце, той — новае стварэнне; старое прайшло, цяпер настала ўсё новае.
18 А ўсё гэта — ад Бога, Які праз Іісуса Хрыста прымірыў нас з Сабою і даў нам служэнне прымірэння,
19 таму што Бог у Хрысце прымірыў з Сабою свет, не залічваючы лю́дзям правін іх, і даручыў нам слова прымірэння.
20 Дык вось, мы — пасланнікі ад імя́ Хрыста, нíбы Сам Бог просіць праз нас, ад імя́ Хрыста мы просім: прымірыцеся з Богам.
21 Бо Таго, Хто не спазнаў граху, Ён дзеля нас зрабіўся грахом, каб мы сталі ў Ім праведнасцю Божай.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Да Карынфян 2-е Пасланне святога Апостала Паўла, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.