Біблія » Пераклады » Пераклад праваслаўнай царквы

Да Галатаў 1 Пасланне да Галатаў 1 разьдзел

1 Павел, Апостал не ад людзей і не праз чалавека, а праз Іісуса Хрыста і Бога Айца, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,
2 і ўсе браты, што са мною, — цэрквам Галатыйскім:
3 благадаць вам і мір ад Бога Айца і Госпада нашага Іісуса Хрыста,
4 Які аддаў Самога Сябе за грахі нашы, каб вызваліць нас з цяперашняга веку злога, па волі Бога і Айца нашага;
5 Яму слава на векі вякоў. Амінь.
6 Здзіўляюся, што вы ад Таго, Хто паклікаў вас благадаццю Хрыстовай, так хутка пераходзіце да іншага дабравесця,
7 якое і не з’яўляецца іншым, але ёсць некаторыя, што сеюць смуту сярод вас і хочуць сказіць дабравесце Хрыстова.
8 Калі б нават мы альбо Ангел з неба стаў дабраве́сціць вам не тое, што мы дабраве́сцілі вам, — няхай будзе анафема.
9 Як раней мы сказалі, так і цяпер зноў кажу: калі хто дабраве́сціць вам не тое, што вы прынялí, — няхай будзе анафема.
10 Ці ў людзей я цяпер шукаю прыхільнасці, ці ў Бога́ хіба лю́дзям намагаюся дагаджаць? Калі б я ўсё яшчэ лю́дзям дагаджаў, то не быў бы рабом Хрыстовым.
11 Абвяшчаю вам, браты, што Евангелле, якое я дабраве́сціў, не ёсць нешта чалавечае;
12 бо і я не ад чалавека прыняў яго і быў наву́чаны, а праз адкравенне Іісуса Хрыста.
13 Вы ж чулі пра маё ранейшае жыццё ў Іудзействе, пра тое, што я жорстка пераследаваў Царкву Божую і вынішчаў яе,
14 і пераўзыходзіў у Іудзействе многіх равеснікаў з роду майго, будучы заўзя́тым паборнікам бацькоўскіх паданняў маіх.
15 Калі ж Бог, Які вы́браў мяне ад улоння маці маёй і паклікаў благадаццю Сваёю, пажада́ў
16 адкрыць Сына Свайго ўва мне, каб я дабраве́сціў Яго сярод язычнікаў, то я адразу не стаў раіцца з плоццю і крывёю
17 і не пайшоў у Іерусалім да тых, якія раней за мяне сталі Апосталамі, а пайшоў у Аравію і зноў вярнуўся ў Дамаск.
18 Потым, праз тры гады, хадзіў я ў Іерусалім пазнаёміцца з Пятром і прабыў у яго пятнаццаць дзён.
19 Іншага ж з Апосталаў я не бачыў нікога, акрамя Іакава, брата Гасподняга.
20 А тое, што пішу вам, — вось, перад Богам, — не лгу.
21 Потым пайшоў я ў землі Сірыі і Кілікіі.
22 Цэрквам Хрыстовым у Іудзеі я асабіста не быў вядомы,
23 а толькі чулі яны, што той, хто некалі пераследаваў іх, цяпер дабраве́сціць веру, якую тады вынішчаў, —
24 і праслаўлялі за мяне Бога.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Да Галатаў Пасланне святога Апостала Паўла, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.