Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

2 да Карыньцянаў 7 Другое да Карыньцянаў 7 разьдзел

1 Дык, умілаваныя, маючы ўсе́ парукі, ачысьцім сябе́ ад усякага бруду це́ла й духа, зьдзейсьняючы сьвятасьць у страху Божым.
2 Зразуме́йце нас. Мы нікога ня крыўдзілі, нікому не пашкодзілі, нікога не абдзіралі.
3 Не на асуджэньне кажу: бо я ране́й сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб разам і паме́рці, і жыць.
4 Вялікае ў мяне́ спадзяваньне на вас, вялікая мне́ пахвала за вас; я напоўнены паце́хаю, маю паддастаткам радасьці пры ўсім суме нашым.
5 Бо, калі мы прышлі ў Македонію, цела нашае ня ме́ла аніякага супакою, ды ў-ва ўсім бедавалі: звонку — напасьці, унутры — страхі.
6 Але Бог, Які пацяшае ціхіх, паце́шыў нас прыходам Ціта.
7 І ня толькі прыходам яго, але і паце́хаю, якою ён це́шыўся з вас, пераказваючы нам аб вашай руплівасьці, аб вашым плачу, аб вашай прыхільнасьці да мяне́, ажно я бале́й радаваўся.
8 Калі-ж я й засмуціў вас у пасланьні, не шкадую, хоць і шкадаваў быў; бо бачу, што гэнае пасланьне, хоць і на гадзіну, засмуціла вас.
9 Цяпе́р я це́шуся не дзеля таго, што вы засмуціліся, але што вы засмуціліся на ка́яньне, бо засмуціліся па Богу, каб ні ў чым ня ме́лі ад нас шкоды.
10 Бо смутак па Богу няруплівае пакаяньне ў збаўле́ньне ператварае, а смутак сьве́цкі сьме́рць робіць.
11 Бо-ж вось самае тое, што вы засумавалі па Богу, якую дбаласьць учыніла ў вас, а апраўдываньне, а абурэньне, а страх, а жаданьне, а рупнасьць, а адплату! У-ва ўсім вы паказалі, што вы чыстыя ў гэтай справе.
12 Дык, калі я й (пісаў да вас), то не дзеля крыўдзіцеля і не дзеля пакрыўджанага, але каб вам выявілася дбаласьць наша аб вас перад Богам.
13 Дзеля гэтага мы ўце́шыліся ўце́хаю вашаю; а яшчэ бале́й узрадаваліся мы радасьцяй Ціта, што супакоіўся дух яго ад вас усіх;
14 дык я не асароміўся, калі чым пахваліўся вамі перад ім; але, як мы вам гаварылі ўсю праўду, гэтак і перад Цітам пахвала наша аказалася праўдзіваю;
15 і сэрца яго тым бале́й да вас, калі ён успамінае аб паслухмянасьці ўсіх вас, як вы прынялі яго з страхам і дрыжаньнем.
16 Дык я рад, што ў-ва ўсім магу на вас пакладацца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другое Пасланьне Паўлы да Карыньцянаў, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.