Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

2 да Карыньцянаў 12 Другое да Карыньцянаў 12 разьдзел

1 Некарысна мне́ хваліцца; перайду-ж да відзе́жаў і адкрыцьцяў Гасподніх.
2 Ве́даю чалаве́ка ў Хрысьце́, які чатырнаццаць год назад (ці ў це́ле — ня ве́даю, ці па-за це́лам — ня ве́даю; Бог ве́дае) падхоплены быў да трэцяга не́ба.
3 І ве́даю гэткага чалаве́ка (ці у це́ле, ці па-за це́лам, ня ве́даю: Бог ве́дае),
4 што быў узяты ў рай і чуў нявымоўныя словы, якіх чалаве́ку не́льга выгаварыць.
5 Гэтакім магу хваліцца; сабою-ж не пахвалюся, хіба толькі бяссільлем маім.
6 Калі-ж захачу хваліцца, ня буду дурным, бо скажу праўду; але я стрымліваюся, каб хто не падумаў аба мне́ бале́й, чым у-ва мне́ бачыць або чуе ад мяне́.
7 І, каб я не вывышшаўся ве́ліччу церазьме́рнай адкрыцьцяў, дадзена мне́ калючка ў це́ла, ангел шата́навы, каб зьняважаці мяне́, каб я не вывышшаўся.
8 Тройчы маліў я Госпада аб ім, каб адступіўся ад мяне́.
9 Але Госпад сказаў мне́: даволі табе́ ласкі Мае́й, бо сіла мая завяршаецца ў слабасьці. Дык ахвотна больш буду хваліцца сваімі слабасьцямі, каб увайшла ў мяне́ сіла Хрыстовая.
10 Дзеля гэтага я добрае мысьлі і ў слабасьцях, у крыўдах, у недастатках, у перасьле́даваньнях, у ўціску за Хрыста, бо, калі я слабы́, тады дужы́.
11 Я адурэў, хвалячыся; вы мяне́ прымусілі. Бо трэба было, каб вамі быў хва́лены, бо ні ў чым я ня горшы за найпе́ршых Апосталаў, хаця я й нішто.
12 Знакі Апостала сталіся ў вас у ўсякім цярпе́ньні, знаме́ньнях, цудах і сілах.
13 Бо што ў вас, чым вы горшыя за другія Цэрквы? Хіба тое, што сам я ня быў вам цяжарам. Даруйце мне́ гэткую крыўду.
14 Вось, трэці раз я гатоў ісьці да вас і ня буду цяжкім для вас, бо шукаю ня вашага, а вас. Бо ня дзеці мусяць зьбіраць багацьце для бацькоў, але бьцькі для дзяце́й.
15 Я ахвотна буду траціць сваё і аддаваць сябе́ за душы вашыя, хоць, любячы вас бале́й, я ме́нш карыстаюся вашай любоўю.
16 Няхай так, што сам я не абцяжаў вас; але, як хітрун, мо’ подступа́м браў з вас?
17 Ці-ж карыстаўся я чым ад вас праз не́кага з тых, каго пасылаў да вас?
18 Я папрасіў Ціта і паслаў з ім аднаго з братоў: ці скарыстаўся чым ад вас Ціт? Ці ня ў тым жа духу мы хадзілі? ня тымі-ж сьлядамі?
19 Ці мо’ ізноў думаеце, што мы апраўдываемся перад вамі? Мы гаворым перад Богам у Хрысьце́ і ўсё, умілаваныя, дзеля вашага збудаваньня.
20 Бо баюся, каб, прыйшоўшы, не знайсьці мне́ вас ня гэткімі, як хачу, дый каб і вам не знайсьці мяне́, якім ня хочаце: каб не (знайсьці ў вас) калатні, зайздрасьці, гне́ву, сварак, абмаўляньняў, нагаво́раў, пыхі, бязладзьдзя,
21 каб, як ізноў прыду, не панізіў мяне́ Бог мой у вас, ды каб не аплаківаў я многіх, якія саграшылі ране́й і не пакаяліся, і ў нячыстасьці, і ў блудзе, і ў распусьце, якую рабілі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другое Пасланьне Паўлы да Карыньцянаў, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.