Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 да Карынцянаў 12 2-i ліст да Карынцянаў 12 разьдзел

1 Некарысна хваліцца мне, бо перайду да з’яў і аб’яў Госпадавых.
2 Ведаю чалавека ў Хрысце, які чатырнаццаць гадоў таму — ці ў целе — не ведаю, ці па-за целам — не ведаю, Бог ведае, — падхоплены быў у трэцяе неба.
3 І ведаю, што такоі чалавек — ці ў целе, ці па-за целам, — не ведаю, Бог ведае, —
4 быў узяты ў рай і пачуў невымоўныя словы, якіх нельга чалавеку сказаць.
5 Гэтым магу хваліцца, але сабой зусім не буду хваліцца, хіба сваімі немачамі.
6 Калі і захачу хваліцца, не буду неразумным, бо скажу праўду. Але стрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне больш, чым ува мне бачыць або ад мяне чуе.
7 І каб з-за велічы аб’яў я не выносіўся, дадзены мне джала для цела, анёл шатанскі, каб мучыў мяне, каб я не выносіўся.
8 Дзеля таго тройчы маліў я Госпада, каб адышоў ад мяне,
9 але Ён сказаў мне: «Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц Мая праз слабасць здяйсняецца». Таму найбольш ахвотна буду хваліцца сваімі немачамі, каб абжылася ўва мне моц Хрыстова.
10 Дзеля таго падабаюцца мне і мае немачы, знявагі, нястачы, пераследаванні і прыгнёты дзеля Хрыста: бо калі я слабы, тады я дужы.
11 Я стаўся неразумным, хвалячыся, бо вы прымусілі мяне! Гэта вам бы належала мяне хваліць, бо нічым я не меншы за вялікіх Апосталаў, хоць я нічога не варты.
12 Знакі майго Апостальства сталіся ў вас ва ўсякай цярплівасці, а таксама ў знаках, і цудах, і моцах.
13 Ці ж вы меней атрымалі, чым іншыя цэрквы? Хіба адно толькі, што не быў вам цяжарам. Даруйце мне гэтую крыўду!
14 Ужо трэці раз збіраюся да вас прыбыць і не буду вас абцяжарваць, бо шукаю не вашага, але вас. Бо не дзеці бацькам павінны збіраць скарб, але бацькі дзецям.
15 Я вельмі ахвотна панясу выдаткі і нават самога сябе аддам за душы вашы. Дык ці чым больш вас люблю, тым менш любові атрымліваю?
16 Хай будзе і так, я не абцяжарыў вас. Але, можа, як падступнік, хітрасцю вас абіраў?
17 Ці праз кагосьці з тых, каго пасылаў да вас, я шукаў ад вас карысці?
18 Папрасіў Ціта і паслаў з ім брата. Ці Ціт вас скарыстаў? Ці мы не хадзілі ў тым самым духу? Ці не па тых самых слядах?
19 Вы ўжо даўно думаеце, што мы перад вамі апраўдваемся? На віду Бога ў Хрысце гаворым; а ўсё, найдаражэйшыя, на збудаванне ваша.
20 Бо баюся, каб часам, прыйшоўшы да вас, знайсці вас не такімі, якімі хачу вас знайсці, ды каб і вы не знайшлі мяне такім, якога вы не хочаце, каб часам не было ў вас спрэчак, зайздрасці, гневу, сварак, ачарненняў, абмовы, пыхлівасці, звадкі,
21 каб, калі прыйду да вас зноў, не панізіў мяне Бог мой перад вамі і каб мне не прыйшлося аплакваць многіх сярод вас, якія раней зграшылі і не навярнуліся з нячыстасці, распусты ды разбэшчанасці, якую зрабілі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другі ліст да Карынцянаў, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017