1 О, каб вы маглі сцярпець крыху маю неразумнасць! Але ж вы і церпіце мяне!
2 Бо руплюся я дзеля вас Божаю руплівасцю, бо заручыў я вас з адным мужам, каб завесці да Хрыста, як чыстую дзявіцу.
3 Але баюся, каб, як змей звёў Еву сваёю хітрасцю, гэтак і вашы думкі не адвярнуліся ад прастаты і чысціні, якая ў Хрысце.
4 Бо калі б хто прыйшоў і стаў прапаведаваць другога Ісуса, якога мы не прапаведавалі, або калі б вы прынялі іншага духа, якога вы не прынялі, або іншае евангелле, якое не атрымалі, — вы б цярпліва зносілі.
5 Але я думаю, што і я зрабіў не менш за вялікіх Апосталаў,
6 бо хоць я не вопытны ў слове, але не ў ведах, і мы ў кожным і ва ўсім адкрыліся вам.
7 Ці ж я зграшыў, паніжаючы сябе, каб павысіць вас, бо прынёс вам дарма Евангелле Божае?
8 Абіраў я іншыя цэрквы, беручы на пражытак дзеля служэння вам.
9 І, калі быў у вас і апынуўся ў нястачы, нікому не быў я цяжарам, бо калі мне чаго не хапала, дык дапаўнялі браты, што прыйшлі з Мацэдоніі; і нічым не абцяжарваў вас і не буду абцяжарваць.
10 Як Хрыстова праўда ўва мне, так гэтае пахвалы ніхто ад мяне не адыме ў землях Ахаі.
11 Чаму? Ці, можа, таму, што вас не люблю? Бог ведае!
12 Што я раблю, тое і буду рабіць, каб адсячы повад у тых, хто шукае поваду; каб аказаліся і мы такімі, з чаго яны выхваляюцца.
13 Бо тыя фальшывыя апосталы — гэта крывадушныя працаўнікі, якія прыкідваюцца Хрыстовымі Апосталамі.
14 Ды не дзіва, бо нават сам шатан прыкідваецца анёлам святла.
15 Таму нічога незвычайнага, што і яго паслугачы прыкідваюцца паслугачамі справядлівасці, але канец іх будзе паводле іх учынкаў.
16 І зноў кажу: хай ніхто не лічыць мяне за неразумнага! У адваротным выпадку прыміце мяне, хоць як неразумнага, каб мог і я хоць крыху пахваліцца.
17 Што гавару, тое гавару не паводле Госпада, але як бы ў неразумнасці ў гэтай адвазе пахвалы.
18 Калі вось многія хваляцца паводле цела, дык і я буду хваліцца.
19 Бо ахвотна вы церпіце неразумных, хаця самі разумныя.
20 Церпіце, калі хто бярэ вас у няволю, калі хто вас аб’ядае, калі хто абірае, калі хто над вамі ўзносіцца, калі хто б’е вас па твары.
21 Кажу гэта на сорам, як быццам мы нядужыя былі; нехта мае ў гэтым адвагу, — кажу ў неразумнасці, — дык і я адважуся.
22 Яны гебраі? Дык і я! Яны ізраэльцы? Дык і я! Яны семя Абрагама? Дык і я!
23 Паслугачы Хрыста? Здурэўшы кажу — дык і я куды больш: у большай спрацаванасці, у шматлікіх вязніцах, звыш меры ў плягах, часта пры смерці;
24 ад юдэяў пяць разоў атрымаў па сорак удараў без аднаго,
25 тры разы быў біты палкамі, раз каменаваны, тройчы пацярпеў караблекрушэнне, ноч і дзень быў у марской глыбіні.
26 Часта ў падарожжах, у небяспеках на рэках, у небяспеках ад разбойнікаў, у небяспеках ад народа, у небяспеках ад паганаў, у небяспеках у горадзе, у небяспеках у пустыні, у небяспеках на моры, у небяспеках ад фальшывых братоў,
27 у працы і знямозе, у частым чуванні, у голадзе і смазе, у многіх пастах, у холадзе і галізне,
28 і, апрача ўсяго іншага, штодзённы збор дзеля настаўніцтва ў мяне, клопат пра ўсе цэрквы.
29 Хто знемагаецца, а я не знемагаюся? Хто горшыцца, каб я не гарэў?
30 Калі належыць хваліцца, буду і я хваліцца са сваіх немачаў.
31 Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраславёны навекі, ведае, што я не хлушу.
32 У Дамаску намеснік цара Арэты пільнаваў горад дамасцаў, каб мяне схапіць, і ў кашы спусцілі мяне цераз мур з акна, і так я ўцёк з рук яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Другі ліст да Карынцянаў, 11 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017