Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Да Ціта 1 Ліст да Ціта 1 разьдзел

1 Паўла, паслугач Божы і Апостал Ісуса Хрыста паводле веры выбраннікаў Божых і пазнання праўды, што вядзе да пабожнасці,
2 у надзеі жыцця вечнага, якое абяцаў спрадвеку Бог, Які не падманвае,
3 і аб’явіў у свой час Сваё слова ў пропаведзі, якая даверана мне па загаду Бога, Збаўцы нашага,
4 Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: ласка, міласць і супакой ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага.
5 Дзеля таго пакінуў я цябе на Крыце, каб ты ўсе неўпарадкаваныя справы наладзіў і каб паставіў у гарадах старэйшых, як я табе загадаў:
6 калі хто без заганы, муж аднае жонкі, мае веруючых дзяцей, не вінавачаных у распусце або непаслухмянасці.
7 Належыць бо, каб епіскап быў беззаганны як распарадчык Божы, не горды, не гняўлівы, не п’яніца, не задзіра, не сквапны да ліхой карысці,
8 але гасцінны, ласкавы, сумленны, справядлівы, пабожны, уздзержлівы,
9 які трымаецца праўдзівага слова паводле навукі, вернай слову, каб быў моцны і настаўляў у здаровым навучанні і дакараў тых, што кажуць супраць.
10 Бо ёсць таксама шмат непаслухмяных, пустаслоўных ды спакуснікаў, асабліва з абрэзаных,
11 каторым трэба закрываць рот, бо яны ўсе дамы разбураюць, навучаючы таму, што не належыць, дзеля ліхой карысці.
12 Сказаў жа адзін з іх, уласны іх прарок: «Крыцяне заўжды хлусяць, лютыя звяры, гультайскія жываты».
13 Сведчанне гэтае праўдзівае. Таму дакарай іх строга, каб трывалі ў здаровай веры,
14 не звяртаючы ўвагі на юдэйскія байкі ці на выказванні людзей, якія адварочваюцца ад праўды.
15 Для чыстых усё чыстае. Спаганеным жа і няверуючым нічога няма чыстага, але забруджаны іх думкі і сумленне.
16 Кажуць, што ведаюць Бога, а дзейнасцю сваёй пярэчаць, бо абрыдныя яны і непаслухмяныя, да ніякай добрай справы няздатныя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Ціта, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017