1 І здарылася гэта ў трыццаты год, у пяты дзень чацвёртага месяца, калі я знаходзіўся сярод палонных ля ракі Кэбар, што адкрыліся нябёсы і бачыў я з’яву Божую.
2 У пяты дзень месяца, а гэта быў пяты год ад перасялення цара Ёахіна,
3 Госпад прамовіў да святара Эзэкіэля, сына Буза, у зямлі халдэяў ля ракі Кэбар; і супачыла на ім там рука Госпада.
4 І я паглядзеў: і вось, віхор дзьмуў з поўначы, і велізарная хмара, і агонь палымнеючы, ды бляск кругом яго, і з сярэдзіны яго — штосьці накшталт злітка золата са срэбрам, — гэта значыць з сярэдзіны агню;
5 і ў сярэдзіне яго — штосьці накшталт чатырох істот жывых; і мелі яны такі выгляд: быў у іх выгляд чалавека.
6 Кожная з іх мела па чатыры твары і па чатыры крылы;
7 ногі іх былі прамыя, а ступні ног іх былі падобныя да ступняў ног цяляці, і блішчалі яны, як медзь ззяючая.
8 І пад крыламі мелі яны рукі чалавечыя па чатырох баках. Твары ж і крылы былі ва ўсіх чатырох:
9 крылы іх прылягалі адны да другіх; яны не адварочваліся, калі ішлі; але кожная істота ішла проста перад сабою.
10 Падабенства ж твараў іх: кожная з чатырох істот мела з правага боку аблічча чалавека і выгляд ільва, а з левага боку кожная з чатырох мела выгляд вала і выгляд арла.
11 І крылы іх былі скіраваныя ўгару; два крылы прылягалі адно да аднаго, і два закрывалі целы іх.
12 І кожная ішла напрасткі: ішлі туды, куды іх вяло імкненне духу, і, ідучы, не адварочваліся.
13 І ў сярэдзіне між тымі істотамі жывымі — штосьці накшталт вугалёў, падобных да паходняў, што рухаюцца між тымі істотамі жывымі; і агонь кідаў яркі бляск, ды з агню ўздымаліся маланкі.
14 І істоты жывыя ішлі і вярталіся назад, накшталт маланкі, што бліскае.
15 І калі прыгледзеўся я да тых істот жывых, то пры кожнай з тых істот жывых знаходзілася на зямлі адно кола.
16 І выгляд тых колаў, і выраб іх — накшталт хрызаліта, і ўсе чатыры мелі аднолькавы выгляд; і здавалася, што былі яны зроблены так, што адно кола было ў другім.
17 Маглі яны хадзіць у чатырох напрамках; і, калі ішлі, не адварочваліся.
18 А абады іх былі велізарныя і жахлівага выгляду; і абады іх былі поўныя вачэй вакол усіх чатырох.
19 А калі гэтыя істоты жывыя рухаліся, таксама і колы іх рухаліся разам з імі; і калі істоты падымаліся з зямлі, падымаліся таксама і колы.
20 Куды кіраваў іх дух, каб ісці, туды ішлі, і колы адначасова падымаліся, ідучы за імі; бо дух жывых істот знаходзіўся ў колах.
21 Калі рухаліся гэтыя істоты, рухаліся і колы, і калі спыняліся, таксама і колы затрымліваліся; і калі яны падымаліся з зямлі, і колы падымаліся таксама, і колы ішлі за імі, бо дух жывых істот знаходзіўся ў колах.
22 І над галовамі гэтых істот жывых было штосьці накшталт цвярдыні нябеснай, быццам крышталь ірдзеючы, раскінуты над іх галовамі ўгары.
23 А пад цвярдыняй былі паднятыя крылы іх, адно каля аднаго; і кожная жывая істота пакрывала сваё цела двума крыламі.
24 І калі яны ішлі, чуў я шум крылаў, як шум многіх водаў, як голас Усемагутнага: калі яны ішлі, быў водгук аглушальны, як шум лагера ваеннага; і калі яны спыняліся, крылы мелі апушчаныя.
25 Бо калі чуўся голас над цвярдыняй нябеснай, якая была над іх галовамі, яны спыняліся і крылы мелі апушчаныя.
26 І над цвярдыняю нябеснаю, якая ўзвышалася над іх галовамі, было штосьці, што мела выгляд каменя сапфіравага, накшталт пасада; і на ім быццам постаць чалавека зверху.
27 І ўбачыў я штосьці накшталт злітка золата са срэбрам, які выглядаў, як агонь кругом яго, пачынаючы ад таго, што выглядала, як сцёгны, і вышэй; і ўніз ад таго, што выглядала, як сцёгны, убачыў я штосьці, як агонь, які ззяе вакол яго.
28 Як з’яўленне вясёлкі на воблаку ў дажджлівы дзень, такі быў той бляск наўкола.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Эзэкіэля, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017