Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эзэкіэля 41 Эзэкіэля 41 разьдзел

1 І ўвёў ён мяне ў святыню, і змераў вушакі: шэсць локцяў шырыні з аднаго і шэсць локцяў шырыні з другога боку.
2 І шырыня дзвярэй была дзесяць локцяў, і бакі брамы — пяць локцяў з аднаго і пяць локцяў з другога боку; і змераў яе даўжыню — сорак локцяў, і шырыню — дваццаць локцяў.
3 І ўвайшоў у сярэдзіну, і змераў на вушаку брамы — два локці, і браму — шэсць локцяў, ды шырыню бакоў брамы — сем локцяў з аднаго і сем локцяў з другога боку.
4 І змераў яе даўжыню — дваццаць локцяў, і шырыню — дваццаць локцяў з пярэдняга боку святыні. І сказаў ён мне: «Гэта святое з святых».
5 І змераў ён мур святыні — шэсць локцяў, і шырыню прыбудовы — чатыры локці з усіх бакоў кругом святыні;
6 і бакавыя пакоі, пакой за пакоем у тры рады. І былі выступы ў муры дома перад бакавымі пакоямі навокал, маючы служыць за падпоры, бо ў сцяне святыні не было падпор,
7 і пакоі бакавыя пашыраліся ўгары, бо дом быў пабудаваны кругам аж да верху вакол дома; дзеля таго шырыня дома ўверсе была большай, і з ніжняга паверха праз сярэдні на верхні падымаліся.
8 І ўбачыў я вакол святыні ўзвышэнне, падмуркі прыбудовы мелі ў вышыню цэлы прут, гэта значыць шэсць локцяў.
9 І шырыня знешняга мура прыбудовы мела пяць локцяў. І паміж пакоямі, прыбудаванымі да святыні, было пустое месца,
10 і паміж пакоямі шырыня была ў дваццаць локцяў вакол дома.
11 І брамы будынка, які прымыкаў да пустога месца, глядзелі: адна брама на поўнач, і другая брама на поўдзень; і шырыня мура пустога месца была пяць локцяў вакол.
12 І будынак, што знаходзіўся перад адгароджанай прасторай і ў напрамку дарогі, што вядзе да мора, меў шырыню ў семдзесят локцяў; мур жа будынка меў шырыню пяць локцяў кругом і даўжыня яго — дзевяноста локцяў.
13 І змераў ён даўжыню дома — сто локцяў, і адгароджаная прастора, і будынак разам з яго мурамі мелі даўжыню сто локцяў;
14 а шырыня пярэдняга боку дома з агароджанай прасторай на ўсходзе — сто локцяў.
15 І змераў ён даўжыню будынка перад адгароджанай прасторай з задняга боку з яго мурамі з аднаго і другога боку — сто локцяў. Галоўны будынак, і ўнутраная частка храма, і прысенкі звонку былі паабіваныя дрэвам,
16 і аблямаваныя вокны, і трайныя аздабленні кругом насупраць парога былі пакрытыя дрэвам навокал, і ад зямлі аж да вокнаў — вокны ж маглі зачыняцца — аж да верху брамы;
17 і аж да ўнутранай часткі дома звонку, а таксама на ўсіх сценах кругом, унутры і звонку,
18 былі зроблены адпаведна памеру выявы херубінаў, і пальмаў, і па адной пальме між двума херубінамі; і кожны херубін меў два твары,
19 адзін твар чалавечы, звернуты ў бок пальмы з аднаго боку, і аблічча льва, звернутае ў бок пальмы з другога боку: так было зроблена па ўсім доме кругом.
20 Ад зямлі аж да верху брамы былі выразаны херубіны і пальмы.
21 На сцяне святыні — чатырохкутныя вушакі пры дзвярах; і перад святыняй — штосьці,
22 што выглядала як ахвярнік з дрэва, вышынёю ў тры локці і ў два локці даўжынёй, і рогі яго, і падножжы яго, і сцены яго былі з дрэва. І сказаў ён мне: «Гэта — стол, які стаіць перад Госпадам».
23 І святыня мела двое дзвярэй, і свяцілішча мела двое дзвярэй.
24 Дзверы мелі падвоі рухомыя аж да сцяны, і другія дзверы мелі падвоі.
25 І на дзвярах святыні былі выразаны херубіны і выявы пальмаў, зроблены яны былі так, як на сценах; і дах з дрэва быў перад прысенкам звонку,
26 і аблямаваныя вокны, і штосьці накшталт пальмаў было з аднаго і другога боку на бакавых сценах прысенкаў у пакоях, што прымыкаюць да дома.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Эзэкіэля, 41 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017