Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эзэкіэля 25 Эзэкіэля 25 разьдзел

1 І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
2 «Сын чалавечы, звярні твар свой да аманіцян і праракуй супраць іх,
3 і кажы аманіцянам: “Слухайце слова Госпада Бога. Гэта кажа Госпад Бог: “За тое, што ты крычаў “Ага”! на Маю святыню, бо яна была апаганена, і на зямлю Ізраэля, бо яна была спустошана, і на дом Юды, бо ён пайшоў у няволю, —
4 таму Я аддам цябе сынам Усходу ва ўласнасць, і яны раскінуць лагер свой у цябе, і паставяць у цябе палаткі свае: яны будуць есці збожжа тваё ды піць малако тваё.
5 І Я аддам Рабу на пашу вярблюдам, і аманіцян — на логавішча для статкаў, і даведаецеся, што Я — Госпад Бог”.
6 Гэта кажа Госпад Бог: “За тое, што ты пляскаў рукамі і тупаў нагамі, і ўсцешыўся ад усяе душы з зямлі Ізраэля,
7 вось таму Я выцягну Маю руку супраць цябе, і аддам цябе на рабунак народам, і выкарчую цябе паміж народаў, і вынішчу цябе пасярод земляў, і загублю, і даведаешся, што Я — Госпад!”
8 Гэта кажа Госпад Бог: “Дзеля таго, што Мааб і Сэір казалі: “Вось жа, дом Юды — такі самы, як усе іншыя народы,” —
9 вось таму Я адкрыю бок Мааба, пазбаўляючы яго гарадоў, гарадоў яго, — кажу Я, — ад межаў яго, ад аздобы зямлі гэтай: ад Бэт-Есімота, ад Баал-Мэона і Карыятаіма;
10 аддам іх разам з аманіцянамі ў спадчыну сынам Усходу, каб аб аманіцянах не было больш успаміну між народамі.
11 І Я ўчыню суд Маабу, і даведаюцца, што Я — Госпад”».
12 Вось што кажа Госпад Бог: «За тое, што Ідумея ўчыніла помсту, каб адпомсціць дому Юды, і, правініўшыся, зграшыла ды абрушыла на іх помсту, —
13 дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: Я выцягну руку Маю супраць Ідумеі, ды вынішчу ў ёй людзей і жывёлу, і ператвару яе ў пустыню — ад Тэмана аж да Дэдана загінуць ад меча.
14 Я адпомшчу Ідумэі праз руку народа Майго Ізраэля, і зробяць яны з Эдомам паводле гневу Майго і абурэння Майго, і адчуюць яны помсту маю», — кажа Госпад Бог.
15 Вось што кажа Госпад Бог: «За тое, што філістынцы адпомсцілі і адпомсцілі ад усяе душы, забіваючы і павялічваючы спрадвечную нянавісць,
16 дзеля гэтага вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я выцягну руку Маю супраць філістынцаў, і выкарчую херэтаў, і знішчу астаткі зямлі прыморскай;
17 Я выканаю над імі вялікую помсту, удараючы ў абурэнні, і даведаюцца, што Я — Госпад, калі Я даканаю на іх помсту Маю”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Эзэкіэля, 25 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017