Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Езэкіеля 25 Езэкіеля 25 разьдзел

1 І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
2 «Сыну людзкі! зьвярні від свой да сыноў Амонавых і праракай ім,
3 І скажы сыном Амонавым: "Выслухайце словы Спадара СПАДАРА: гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’За тое, што ты кажаш: "Ага!" празь сьвятыню Маю, як яна збудзенена, і празь зямлю Ізраеляву, як яна спустошана, і праз дом Юдзін, як ён пайшоў у палон,
4 За тое гля, я аддам цябе дзяцём Усходу ў дзяржанньне, і пастановяць вежы свае ў цябе і закладуць сялібы свае ў цябе, і будуць есьці плады твае й піць малако твае.
5 І ўчыню Раўву стайняю вярблюдом, і месты сыноў Амонавых пасьцьбішчам драбному статку, і даведаецеся, што Я — СПАДАР’;
6 Бо гэтак кажа Спадар СПАДАР: "За тое, што ты ляскала рукамі й тупала нагою й цешылася ў душы з усёй тваёй злосьцю да зямлі Ізраелявае,
7 Вось, за тое Я выцягну руку Сваю на цябе, і аддам цябе на глабаньне народам, і ўчыню, што ты будзеш адцята ад людаў, і выгублю цябе ізь земляў, вынікблю цябе; і ты даведаешся, што Я — СПАДАР’.
8 Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "За тое, што Моаў а Сэір кажуць: "Гля, як усі народы, дом Юдзін",
9 За тое, вось, Я адкрыю плячо Моава ад местаў, ад местаў на паграніччу ягоным, славы краю, ад Беф-Ешымофу, Ваал-Меону а Кірафаіму,
10 І аддам іх на спадак разам із сынамі Амонавымі людзём Усходу, каб Сыноў Амонавых не менавалі меж народаў,
11 І зьдзею суды над Моавам; і даведаюцца, што Я — СПАДАР’.
12 Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’За тое, што дзеяў Едом, помсьцячыся помстаю супроці дому Юдзінага, і завініліся віною, і памсьціліся ім, —
13 За тое гэтак кажа Спадар СПАДАР: — выцягну руку Сваю на Едом і адатну людзіну й жывёлу зь яго, і аддам на спустошаньне: ад Феману аж да Дэдану яны паваляцца ад мяча;
14 І зьдзею помсту Сваю над Едомам рукою люду Майго Ізраеля, і зробяць у Едоме подле гневу Майго й подле палкага гневу Майго; і яны пазнаюць помсту Маю’, — агалашае Спадар СПАДАР.
15 Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’За тое, што Пілішчане дзеялі памсьліва і памсьціліся помстаю із злосьцяй душы свае, зь нянавіднасьці вечнае, —
16 За тое гэтак кажа Спадар СПАДАР: — абач, Я выцягну руку Сваю на Пілішчан і выгублю Крыцян, і зьнішчу астачу іх на беразе мора.
17 І зьдзею над імі вялікія помсты зь вельмі гнеўнымі казьнераньнямі; і даведаюцца, што Я — СПАДАР, як зьдзею помсту Сваю над імі’"».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарокі Езэкіеля, 25 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.