Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Езэкіеля 13 Езэкіеля 13 разьдзел

1 І было да мяне слова СПАДАРОВА, кажучы:
2 «Сыну людзкі, праракай на праракаючых прарокаў ізраельскіх і скажы тым, што праракаюць із собскага сэрца свайго: "Слухайце слова СПАДАРОВА:
3 Гэтак кажа Спадар Бог: ’Бяда дурным прарокам, што йдуць за духам собскім, Прымеж тога нічога ня бачылі.
4 Як лісы на разьвярненьнях, былі прарокі твае, Ізраелю!
5 Вы ня выходзілі ў праломы і не гарадзілі агарожы дому Ізраеляваму, каб стаць у бітву ў дзень СПАДАРОЎ.
6 Яны бачылі пустое й манлівыя вешчаваньні, кажучы: "СПАДАР агалашае", Прымеж тога СПАДАР не пасылаў іх, а яны даюць надзею, каб умацаваць слова.
7 Ці ня пустую відзень бачылі вы і ці ня гукалі манлівага вешчаваньня, прымеж тога вы кажаце: "СПАДАР агалашае", як Я не казаў?’"»
8 Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: «За тое, што вы гукаеце пустое й бачылі ману, дык, вось, Я супроці вас, — агалашае Спадар Бог. —
9 І будзе рука Мая на прароках, што бачаць пустое й што вяшчуюць ману; у тайне люду Майго яны ня будуць і ў сьпісаньне дому Ізраелявага ня будуць упісаны, і ў зямлю Ізраеляву ня ўвыйдуць; і даведаецеся, што Я — Спадар СПАДАР.
10 За тое, дыкжэ затое, што яны зводзілі люд Мой, кажучы: "Супакой", як няма супакою, і як адзін муруе сьцяну, то, гля, іншыя тынкуюць негадзячым мазалам,
11 Кажы тым, што тынкуюць негадзячым мазалам, што яна паваліцца: пойдзе лівун, і вы, вялікія градавыя драбы, падзіце, і навальнічны вецер абура яе.
12 Гля, сьцяна паваліцца; ці ня скажуць вам: "Ідзе мазала, каторым вы тынкавалі яе?"»
13 Затым гэтак кажа Спадар Бог: «Я абуру яе навальнічным ветрам у палкім гневе Сваім, і лівун пойдзе ў гневе Маім, і вялізныя драбы граду ў палкім гневе Маім, каб зьнішчыць яе.
14 І абуру сьцяну, што вы тынкавалі негадзячым мазалам, і рассыплю яе па зямлі, аж поды яе аголяцца, і яна разваліцца, і вы загінеце пад ёю; і даведаецеся, што Я — СПАДАР.
15 І спаганю гнеў Свой на сьцяне й на тых, што тынкавалі негадзячым мазалам яе, і скажу вам: "Няма сьцяны, няма й тых, што тынкавалі яе;
16 Гэткія прарокі Ізраелявы, што праракаюць празь Ерузалім і бачаць яму відзені супакою, але няма супакою", — агалашае Спадар СПАДАР.
17 І ты, сыну людзкі, абярні від свой да дачок люду свайго, што праракаюць із собскага сэрца свайго, і праракай супроці іх,
18 І скажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Бяда тым, што шыюць падушачкі пад усі локці й робяць хусткі на галавы кажнае вялічыні, каб упаляваць душы! Ціж, палюючы на душы люду Майго, можаце захаваць жывыя душы свае?
19 І вы будзеніце Мяне мяж люду Майго за жмені ячменю а лусты хлеба, каб забіць душы, што ня маюць паміраць, і захаваць жывыя душы, што ня маюць жыць, — маною сваёю люду Майму, каторы слухае ману’"».
20 Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Гля, Я супроці падушачкаў вашых, каторымі вы палюеце на душы там, каб прыляталі, і адарву іх із рук вашых, і вывальню душы, душы тых, на каторыя вы палюеце, каб яны прыляталі.
21 Парву чыпкі вашы і вывальню люд Свой з рукі вашае, і наперад яны ня будуць упаляваныя ў руццэ вашай; і даведаецеся, што Я — СПАДАР;
22 Бо маною вы зьнемарасьцілі сэрца справядлівага, каторага Я ня немарасьціў, і ўмацавалі рукі нягоднага, каб ён не адвярнуўся ад свае нягоднае дарогі і каб ня жыў.
23 За гэта наперад вы ня будзеце бачыць марнасьці ані варажыць варожбаў, бо Я вывальню люд Свой з рукі вашае; і даведаецеся, што Я — СПАДАР».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарокі Езэкіеля, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.