Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Езэкіеля 11 Езэкіеля 11 разьдзел

1 І ўзьняў мяне дух, і занёс мяне да ўсходняе брамы дому СПАДАРОВАГА, зьверненай на ўсход. І вось, у варотах брамы дваццаць пяцёх мужоў, меж іх бачыў я Яазаню Азуронка а Пеляту Венаёнка, князёў люду.
2 І сказаў Ён імне: «Сыну людзкі! гэтыя людзі выдумляюць шкоду й даюць благую раду ў гэтым месьце:
3 Яны кажуць: "Ня блізка; стаўма дамы; гэтае места гаршчок, а мы мяса".
4 Дык праракай на іх, праракай, сыну людзкі!»
5 І паў на мяне Дух СПАДАРОЎ, і сказаў імне: «Кажы: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Гэтак вы кажаце, бо Я ведаю, што прыходзе вам удум.
6 Вы павялічылі сваіх забітых у гэтым месьце і напоўнілі забітымі вуліцы яго’.
7 Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Забітыя вашы, каторых вы палажылі ў ім, — мяса, а места гэтае — гаршчок; але вас Я вывяду зь яго.
8 Вы баіцеся мяча, і Я навяду на вас меч, — агалашае Спадар СПАДАР. —
9 І вывяду вас ізь яго, і аддам у рукі чужаземцаў, і ўчыню суды над вамі.
10 Ад мяча вы загінеце; на граніцы Ізраельскай буду судзіць вас, і даведаецеся, што Я — СПАДАР.
11 Гэтае места ня будзе вам казаном, і вы ня будзеце мясам у ім; на граніцах Ізраельскіх буду судзіць вас.
12 І даведаецеся, што Я — СПАДАР, бо вы не хадзілі ў вуставах Маіх і ня слухалі судоў Маіх, але рабілі подле звычаёў паган, што навокал вас’"».
13 І сталася, як я праракаў, што Пелята Венаёнак памер; і паў я на від свой, і загаласіў вялікім голасам, і сказаў: «Ах, Спадару СПАДАРУ! Ты канец робіш астачы Ізраеля?»
14 Ізноў слова СПАДАРОВА было да мяне, кажучы:
15 «Сыну людзкі! братом тваім, братом тваім, сваяком тваім і ўсяму дому Ізраеляваму кажуць жыхары Ерузаліму: "Здальцеся ад СПАДАРА; нам дана зямля гэтая ў дзяржаньне".
16 Затым кажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Дарма што Я аддаліў іх да меж народаў, і дарма што Я рассыпаў іх па краёх, буду Я, адылі, малою сьвятыняю ім у краёх, куды яны пайшлі’".
17 Затым скажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Я зьбяру вас зь людаў, і зьбяру вас із краёў, ідзе вы рассыпаныя, і дам вам зямлю Ізраеляву’".
18 І яны прыйдуць туды, і адкінуць усі абрыдлыя рэчы яе і ўсі агіды яе адгэнуль.
19 І дам ім адно сэрца, і дух новы ўлажу ў нутр іхны, і выму каменнае сэрца зь цела іхнага, і дам ім сэрца цялеснае,
20 Каб хадзілі ў вуставах Маіх, і дзяржалі загады Мае, і паўнілі іх; і яны будуць людам Імне, а Я буду ім Богам.
21 А чые сэрца ходзе за брыдамі а агідамі сваімі, Я абярну дарогі тых на галавы іхныя», — кажа Спадар СПАДАР.
22 Тады распусьцілі херувы крылы свае, і колы сталі ля іх, і слава Бога Ізраелявага зьверху над імі.
23 І ўзьнялася слава СПАДАРОВА з пасярод места, і стала на гары, што на ўсходнім баку места.
24 Адлі дух падняў мяне і прынёс мяне ў відзені Духам Божым да Хальдэі, да палону. І відзень, што я бачыў, паднялася ад мяне.
25 І гукаў я да тых із палону ўсі справы СПАДАРОВЫ, што Ён паказаў імне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарокі Езэкіеля, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.