Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Езэкіеля 34 Езэкіеля 34 разьдзел

1 І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
2 «Сыну людзкі! праракай праз пастыроў Ізраелявых, праракай і скажы ім, пастыром: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Авохці пастыром Ізраелявым, што пасьвяцца самы! ці ня маюць пастыры пасьціць чараду?
3 Тук вы ясьце й воўнаю адзяіцеся, рэжаце ўкормленых, але чарады ня пасьвіце.
4 Слабых вы ня сіліце, хворага ня лечыце, зломаў не завязуеце, адпіхнёнага не зварачаеце, згубленага ня шукаеце, але сілаю радзіце іх, ды стродка.
5 І расьцярушыліся без пастыра, і сталі жырам усім зьвяром палявым, як былі расьцярушыўшыся.
6 Авечкі Мае блудзяць па ўсіх гарах і на кажным высокім узгорку; але, па ўсім відзе зямлі расьцярушаны авечкі Мае, і ніхто не сачыў і ня шукаў іх’"».
7 Затым, пастыры, слухайце слова СПАДАРОВА:
8 «Жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — напэўна з тае прычыны авечкі Мае сталі глабаньням, і авечкі Мае сталі жырам кажнаму зьвяру палявому, што ня было пастыра, і пастыры Мае не сачылі авечак Маіх, але пастыры самы пасьвіліся, а авечак Маіх ня пасьвілі.
9 Затым, пастыры, слухайце слова СПАДАРОВА:
10 "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Гля, Я супроці пастыроў, і Я спаганю чараду Сваю з рукі іхнае, і аддалю іх ад пашчаньня авец, і наперад пастыры ня будуць пасьвіцца самы, бо Я вывальню авечкі Свае ад роту іхнага, і ня будуць ежаю ім’"»;
11 Бо гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Гля, Я пасачу авечкі свае і разгледжу іх.
12 Як пастыр разглядае чараду сваю ў дзень, як ён меж расьцярушаных авец сваіх, так Я разгледжу авечкі Свае й вывальню іх із усіх мясцовасьцяў, куды яны былі расьцярушаны хмарнага а цемнага дня.
13 І вывяду іх із памеж людаў, і зьбяру іх із краёў, і прывяду іх да собскае зямлі іхнае, і буду пасьціць іх на горах Ізраелявых ля рэк і на ўсіх заселеных мясцовасьцях краю.
14 На добрым пасьцьбішчу буду пасьціць іх, і на высокіх горах Ізраелявых будзе загарадня іх, там яны будуць ляжаць у добрай загарадні і на сытым пасьцьбішчу будуць пасьціцца, на горах Ізраелявых.
15 Я буду пасьціць чараду Сваю і зьдзею, што яны будуць супачываць, — агалашае Спадар СПАДАР. —
16 Згубленае буду шукаць, прагнаную зьвярну, і раненую абвяжу, і слабую пасілю; але сытую а дужую зьнішчу: буду пасьціць іх судам.
17 І што да вас, авечкі Мае, гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Гля, Я судзьдзя меж ягняці й ягняці, меж бараноў і казлоў.
18 Хіба мала вам пасьвіцца на добрым пасьцьбішчу, прымеж тога вы топчаце нагамі сваімі астачу свайго пасьцьбішча? і піць із чыстых водаў, прымеж тога астачу муціце нагамі сваімі?
19 І што да авец Маіх, то яны пасьвяцца на тым, што патаптана нагамі вашымі, і п’юць тое, што замучана нагамі вашымі"».
20 Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР ім: «Вось, Я буду судзіць меж ягняці сытога й ягняці худога;
21 Бо бакамі а плячыма піхаецеся і рагамі сваімі бадзіце ўсіх няўздолеючых, пакуль не разжаніце іх вон.
22 Затым Я спасу авечкі свае, і яны ўжо ня будуць глабаньням, і рассуджу меж ягняці й ягняці.
23 І пастанаўлю аднаго пастыра над імі, і ён будзе пасьціць іх, слугу Свайго Давіда; ён будзе пасьціць іх і ён будзе ў іх за пастыра.
24 І Я, СПАДАР, буду вам Богам, і Мой слуга Давід князям у вас; Я, СПАДАР, казаў.
25 І ўчыню зь імі змову супакою, і аддалю злога зьвера ізь зямлі, і будуць жыць бясьпечна на пустыні, і спаць у лясох.
26 І зраблю іх і аколіцы ўзгорку Свайго дабраславенствам, і зышлю дождж упару; дажджы дабраславенства будуць.
27 І дасьць палявое дзерва плод свой, і зямля дасьць ўрод свой, і будуць на зямлі сваёй бясьпечнымі; і даведаюцца, што Я — СПАДАР, як патрышчу вязі йга іхнага, што паняволілі іх.
28 І ня будуць ужо глабаняю народаў, і зьвер земны ня будзе жэрці іх, але будуць жыць бясьпечна, і няма страшучага.
29 І ўладжу ім славутую рошчу, ня будзе ўжо губіць іх галадоў у зямлі, і наперад ня будуць цярпець ганьбы ад народаў.
30 І даведаюцца, што Я, СПАДАР, Бог іх — ізь імі, і яны, дом Ізраеляў, люд Мой, — агалашае Спадар СПАДАР. —
31 А вы, авечкі мае, авечкі пасты Мае, людзі вы, а Я Бог ваш», — агалашае Спадар СПАДАР.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарокі Езэкіеля, 34 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.