Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Езэкіеля 42 Езэкіеля 42 разьдзел

1 І вывеў мяне да навоннага панадворку паўночнаю дарогаю, і прывёў мяне да пакою, што супроці аддзеленага току, і каторы перад будоўляю, зьверненаю на поўнач.
2 На вока даўжыня паўночных дзьвярэй сто локцяў, а ўшыркі пяцьдзясят локцяў.
3 Насупроці току дваццацёх локцяў, што належыў да нутранога панадворку, і насупроці масткоў, каторыя належылі да навоннага панадворку, быў калідор супроці калідору ў трох пятрах.
4 Перад пакоямі быў тачок дзесяцёх локцяў ушыркі ўнутры, ход да яго аднаго локця, і дзьверы яго зьверненыя на поўнач.
5 Верхнія пакоі вужшыя, бо калідоры забіралі ў іх болей, чымся ад дольняе й сярэдняе пятраў.
6 Бо яны трох пятраў, але ня было ў іх стаўпоў, як стаўпы панадворку, затым яны былі паменшаны супроці дольніх і сярэдніх, пачынаючы ад далоўя.
7 А знадворная агарожа супроці пакояў, зьверненая да навоннага панадворку, была пярэдняю стараною пакояў, даўжыня яе пяцьдзясят локцяў;
8 Бо даўжыня пакояў, што на навонным панадворку, пяцьдзясят локцяў, і вось, перад палацам сто локцяў.
9 А далавах да гэтых пакояў быў ход із усходу, каб падходзіць да іх із навоннага панадворку.
10 Ушыркі гэтага панадворку — агарожа на ўсход супроці аддзеленага точышча, а супроці будоўлі — пакоі.
11 І ход перад імі, як выгляд уходу ў тых пакояў, што на паўночнай старане, і такая ж даўжыня іх, такая шырыня іх, і ўсі выхады іх, і як хорма іх, і як дзьверы іх.
12 І подле дзьвярэй пакояў, што на паўдня, дзьверы на пачатку дарогі, дарогі перад сьцяною проста на ўсход, як уходзіш да іх.
13 І сказаў ён імне: «Паўночныя пакоі і паўднявыя пакоі, што перад аддзеленым токам — пакоі сьвятыні, ідзе ядуць сьвятары, што бліжацца да СПАДАРА, найсьвятшыя рэчы; там яны будуць класьці найсьвятшыя рэчы, і хлебны аброк, і аброк за грэх, і аброк віны, бо месца сьвятое.
14 Як сьвятары ўвыйдуць у яго, то яны ня маюць выходзяць ізь сьвятога месца на навонны панадворак, але там маюць пакінуць адзецьці свае, у каторых правілі, бо яны сьвятыя; і адзенуць іншыя адзецьці, і дабліжацца да месца, каторае люду».
15 І, як скончыў мераньне нутранога дому, ён вывеў мяне брамаю, зьверненаю на ўсход, і памераў яго навокал, навокал.
16 Ён памераў меральным прутом усходнюю старану, намераў пяцьсот прутоў меральным прутом навокал.
17 Памераў паўночную старану, намераў пяцьсот прутоў меральным прутом навокал.
18 Ён памераў паўднявую старану, намераў пяцьсот прутоў меральным прутом.
19 Зьвярнуўшыся да заходняе стараны, намераў пяцьсот прутоў меральным прутом.
20 З чатырох бакоў памераў яго; сьцяна яго навокал, навокал была пяцьсот прутоў удаўжкі і перак пяцьсот прутоў, каб аддзяліць сьвятое ад будзеннага месца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарокі Езэкіеля, 42 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.