Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Езэкіеля 33 Езэкіеля 33 разьдзел

1 І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
2 «Сыну людзкі! гукай сыном люду свайго і скажы ім: "Калі я навяду меч на зямлю, возьме люд зямлі мужа зь ліку свайго, і пастанове яго за паночнага свайго,
3 І як ён бача, што меч прыходзе на тую зямлю, ён трубе ў трубу й перасьцерагае люд;
4 Калі хто чуе гук трубы, але ня прыйме перасьцярогі, калі меч прыйдзе й забярэць яго, кроў ягоная будзе на галаве ягонай.
5 Ён чуў гук трубы, і ня прыняў перасьцярогі — кроў ягоная будзе на ім; але тый, што паслухаў перасьцярогі, вывальне душу сваю.
6 Але калі паночны бача, што меч прыходзе, і ня трубе ў трубу, і люд ня будзе перасьцярэжаны, то калі прыйдзе меч і возьме душу з памеж іх, гэты будзе ўзяты ў бяспраўю сваім, але кроў ягоную Я спаганю з рукі паночнага".
7 І ты, сыну людзкі! Я прызначыў цябе за паночнага дому Ізраеляваму, затым слухай слова з вуснаў Маіх і перасьцерагай іх ад Мяне.
8 Як Я скажу нягодніку: "Нягодніча, ты сьмерцю памрэш, а ты ня будзеш гукаць, каб перасьцерагчы нягодніка ад дарогі ягонае; то гэны нягодны памрэць у бяспраўю сваім, але кроў ягоную Я спаганю з рукі твае.
9 Калі ты, адылі, перасьцерагаў нягодніка ад дарогі ягонае, каб адвярнуўся ад яе; калі ён не адвярнуўся ад дарогі свае, ён у бяспраўю сваім памрэць, але ты спас душу сваю.
10 І ты, сыну людзкі, кажы дому Ізраеляваму: "Гэтак вы гукаеце, кажучы: ’Калі выступы нашы а грахі нашы на нас, і мы таім ад іх, дык як мы маглі б жыць?’"
11 Кажы ім: "Жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР: — Я ня маю прыемнасьці ў сьмерці нягодніка, але каб нягоднік адвярнуўся ад дарогі свае й жыў. Адвярніцеся, адвярніцеся ад благіх дарогаў сваіх, бо нашто вам паміраць, доме Ізраеляў?"
12 А ты, сыну людзкі, кажы сыном люду свайго: "Справядлівасьць справядлівага не спасець яго ў дзень выступу ягонага; што да нягоднасьці нягоднага, то ён не загіне пераз гэта ў дзень адвярненьня ад нягоднасьці свае, і справядлівы ня можа жыць за справядлівасьць сваю ў дзень, што ён грэша".
13 Калі скажу справядліваму, што ён канечне будзе жыць, а ён паспадзяецца на справядлівасьць сваю і ўчыне бяспраўе, уся справядлівасьць ягоная ня будзе прыпомнена, і ў бяспраўю сваім, што ён зрабіў, ён памрэць.
14 Ізноў, калі скажу нягоднаму: "Ты напэўна памрэш", а ён адвернецца ад грэху свайго й учыне суд а справядлівасьць:
15 Нягоднік зьверне заклад, заплаце за паглабанае, будзе хадзіць у вуставах жыцьця, каб не рабіць бяспраўя, — то ён напэўна будзе жыць, ён не памрэць.
16 Нішто з грахоў ягоных, што ён зьдзеяў, ня будзе менавана яму: ён чыніў суд а справядлівасьць, ён канечне будзе жыць.
17 Сынове люду твайго, адылі, кажуць: "Дарога Спадарова няправільная", прымеж тога дарога іхная няправільная.
18 Калі справядлівы адвернецца ад справядлівасьці свае і зьдзее бяспраўе, ён памрэць у ім;
19 Але калі нягодны адвернецца ад нягоднасьці свае і ўчыне суд а справядлівасьць, ён пераз гэта будзе жыць.
20 Вы, адылі, кажаце: "Няправільная дарога Спадарова". Кажнага подле дарогаў ягоных Я буду судзіць вас, доме Ізраеляў».
21 І было двананцатага году палону нашага, дзясятага месяца, пятага дня месяца, што прышоў да мяне адзін уцеклы зь Ерузаліму, кажучы: «Места зражана».
22 І рука СПАДАРОВА была на імне ўвечары, і Ён адчыніў вусны мае, пакуль тый прышоў да мяне нараніцы, і мае вусны былі адчыненыя, і я ўжо ня быў немы.
23 Тады было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
24 «Сыну людзкі! жывучыя на тых пусташах зямлі Ізраельскае гутараць, кажучы: "Абрагам быў адзін, і яму спала зямля; але нас шмат, дык зямля дана нам на спадак".
25 Дык скажы ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Вы ясьце з крывёю і ўздыймаеце вочы свае да балваноў сваіх, і разьліваеце кроў; і вы маеце дзяржаць зямлю?
26 Вы апіраецеся на меч, робіце агіду і плюгавіце кажны жонку прыяцеля свайго, — і маеце дзяржаць зямлю?’"
27 Гэтак кажы ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Жыў Я: напэўна тыя, што ў пустынях, загінуць ад мяча; і таго, хто ў чыстым полю, Я аддам зьверанятам пажэрці, і тыя, што ў гарадох а ў пячорах памруць ад ліпучкі.
28 І абярну зямлю ў пустую а пустынную, і пыха сілы яе спыніцца, спустошаны будуць ізраельскія горы, ня будзе праходзячага.
29 І даведаюцца, што Я — СПАДАР, як абярну зямлю ў пустую а пустынную за ўсі агіды, што яны ўчынілі’".
30 Што да цябе, сыну людзкі, то сынове люду твайго гукаюць празь цябе ля сьценаў і ля ўходу дамоў і гутараць адзін аднаму, кажны брату свайму, кажучы: "Прыходзьце, калі ласка, і слухайце што за слова, каторае прыходзе ад СПАДАРА".
31 І прыходзяць да цябе, як люд прыходзе, і садзяцца перад табою, люд Мой, і слухаюць словы твае, але ня поўняць іх; бо любосную песьню ў вуснах сваіх яны пяюць, але сэрца іхнае йдзець за прагавітасьцю сваёй.
32 І гля, ты ім, як любосная песьня, пяяная харошым голасам і добра граная на снадзі; бо яны слухаюць словы твае, але ня поўняць іх.
33 Але як гэта станецца, — а вось яно станецца, — тады даведаюцца, што быў прарока меж іх».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарокі Езэкіеля, 33 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.