Езэкііля 42 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І вывеў мяне да зьнешняга двара паўночнаю дарогаю і прывёў мяне да пакояў, якія насупраць плошчы і насупраць будынка на поўнач.
І вывеў мяне да навоннага панадворку паўночнаю дарогаю, і прывёў мяне да пакою, што супроці аддзеленага току, і каторы перад будоўляю, зьверненаю на поўнач.
да таго месца, якое каля паўночных дзьвярэй мае ў даўжыню сто локцяў, а ў шырыню пяцьдзясят локцяў.
На вока даўжыня паўночных дзьвярэй сто локцяў, а ўшыркі пяцьдзясят локцяў.
Насупраць дваццаці локцяў унутранага двара і насупраць памоста, які на зьнешнім двары, былі галярэя супраць галярэі ў тры ярусы.
Насупроці току дваццацёх локцяў, што належыў да нутранога панадворку, і насупроці масткоў, каторыя належылі да навоннага панадворку, быў калідор супроці калідору ў трох пятрах.
А перад пакоямі — ход у дзесяць локцяў шырыні, а ўсярэдзіну адзін локаць; дзьверы іх выходзяць на поўнач.
Перад пакоямі быў тачок дзесяцёх локцяў ушыркі ўнутры, ход да яго аднаго локця, і дзьверы яго зьверненыя на поўнач.
Верхнія пакоі — вузейшыя, бо галярэя забірае ў іх крыху адносна ніжніх і сярэдніх пакояў гэтага будынка.
Верхнія пакоі вужшыя, бо калідоры забіралі ў іх болей, чымся ад дольняе й сярэдняе пятраў.
Яны — у тры ярусы, і такіх слупоў, якія на дварах, няма ў іх; таму яны і зроблены вузей за ніжнія і сярэднія пакоі, пачынаючы ад дарогі.
Бо яны трох пятраў, але ня было ў іх стаўпоў, як стаўпы панадворку, затым яны былі паменшаны супроці дольніх і сярэдніх, пачынаючы ад далоўя.
А вонкавая сьцяна насупраць гэтых пакояў ад зьнешняга двара, якая складае франтальны бок пакояў, мае даўжыні пяцьдзясят локцяў;
А знадворная агарожа супроці пакояў, зьверненая да навоннага панадворку, была пярэдняю стараною пакояў, даўжыня яе пяцьдзясят локцяў;
бо і пакоі на зьнешнім двары займаюць даўжыні толькі пяцьдзясят локцяў, і вось, перад храмам сто локцяў.
Бо даўжыня пакояў, што на навонным панадворку, пяцьдзясят локцяў, і вось, перад палацам сто локцяў.
А зьнізу — ход да гэтых пакояў з усходняга боку, калі падыходзяць да іх са зьнешняга двара.
А далавах да гэтых пакояў быў ход із усходу, каб падходзіць да іх із навоннага панадворку.
У шырыню сьцены двара на ўсход перад плошчаю і перад будынкам былі пакоі.
Ушыркі гэтага панадворку — агарожа на ўсход супроці аддзеленага точышча, а супроці будоўлі — пакоі.
І ход перад імі — такі самы, як і ў тых пакоях, якія выходзяць да поўначы, такая самая даўжыня, як і ў тых, і такая самая шырыня, і ўсе выхады зь іх і будова іхняя і дзьверы ў іх такія самыя, як і ў тых.
І ход перад імі, як выгляд уходу ў тых пакояў, што на паўночнай старане, і такая ж даўжыня іх, такая шырыня іх, і ўсі выхады іх, і як хорма іх, і як дзьверы іх.
Такія самыя дзьверы, як і ў пакоях, якія на поўдзень, і для ўваходу ў іх — дзьверы каля самай дарогі, якая ішла проста ўздоўж сьцяны на ўсход.
І подле дзьвярэй пакояў, што на паўдня, дзьверы на пачатку дарогі, дарогі перад сьцяною проста на ўсход, як уходзіш да іх.
І сказаў ён мне: пакоі на поўнач і пакоі на поўдзень, якія перад плошчаю, ёсьць пакоі сьвяшчэнныя, у якіх сьвятары, якія набліжаюцца да Госпада, ядуць самыя сьвятыя ахвяры; там сама яны кладуць самыя сьвятыя ахвяры і хлебнае прынашэньне, і ахвяру за грэх і ахвяру за злачынства, бо гэта месца сьвятое.
І сказаў ён імне: «Паўночныя пакоі і паўднявыя пакоі, што перад аддзеленым токам — пакоі сьвятыні, ідзе ядуць сьвятары, што бліжацца да СПАДАРА, найсьвятшыя рэчы; там яны будуць класьці найсьвятшыя рэчы, і хлебны аброк, і аброк за грэх, і аброк віны, бо месца сьвятое.
Калі ўвойдуць туды сьвятары, дык яны не павінны выходзіць з гэтага сьвятога месца на зьнешні двор, пакуль не пакінуць там вопраткі сваёй, у якой служылі, бо яна сьвяшчэнная; яны павінны апрануцца ў іншае адзеньне, і тады выходзіць да людзей.
Як сьвятары ўвыйдуць у яго, то яны ня маюць выходзяць ізь сьвятога месца на навонны панадворак, але там маюць пакінуць адзецьці свае, у каторых правілі, бо яны сьвятыя; і адзенуць іншыя адзецьці, і дабліжацца да месца, каторае люду».
Калі ён закончыў мерыць унутраны храм, дык вывеў мяне праз браму, якая выходзіць на ўсход, і пачаў мерыць яе вакол.
І, як скончыў мераньне нутранога дому, ён вывеў мяне брамаю, зьверненаю на ўсход, і памераў яго навокал, навокал.
Ён абмерыў усходні бок мернаю трысьцінаю і намераў мернаю трысьцінаю ўсяго пяцьсот трысьцін;
Ён памераў меральным прутом усходнюю старану, намераў пяцьсот прутоў меральным прутом навокал.
з паўночнага боку тою самаю мернаю трысьцінаю намераў усяго пяцьсот трысьцін;
Памераў паўночную старану, намераў пяцьсот прутоў меральным прутом навокал.
з паўднёвага боку намераў мернаю трысьцінаю таксама пяцьсот трысьцін.
Ён памераў паўднявую старану, намераў пяцьсот прутоў меральным прутом.
Павярнуўшыся на заходні бок, намераў мернаю трысьцінаю пяцьсот трысьцін.
Зьвярнуўшыся да заходняе стараны, намераў пяцьсот прутоў меральным прутом.
З усіх чатырох бакоў ён вымерыў яго; вакол яго быў мур даўжынёю ў пяцьсот трысьцін і ў пяцьсот трысьцін шырынёю, каб аддзяліць сьвятое месца ад несьвятога.
З чатырох бакоў памераў яго; сьцяна яго навокал, навокал была пяцьсот прутоў удаўжкі і перак пяцьсот прутоў, каб аддзяліць сьвятое ад будзеннага месца.