Езэкііля 40 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

У дваццаць пятым годзе пасьля перасяленьня нашага, на пачатку года, у дзясяты дзень месяца, у чатырнаццатым годзе пасьля разбурэньня горада, у той самы дзень была на мне рука Госпада, і Ён павёў мяне туды.
 
Дваццаць пятага году палону нашага, на пачатку году, дзясятага дня месяца, чатырнанцатага году па паразе места, таго самага дня, рука СПАДАРОВА была на імне й прывяла мяне туды.

Ва ўявах Божых прывёў Ён мяне ў зямлю Ізраілевую і паставіў мяне на даволі высокай гары, і на ёй з паўднёвага боку былі як бы гарадскія будынкі,
 
У відзені Божай Ён прывёў мяне да зямлі Ізраелявае і пастанавіў мяне на вельма высокай гары, на каторай бы будынкі месцкія на паўдні.

і прывёў мяне туды. І вось муж, выгляд у якога як бы выгляд бліскучай медзі, і льняная вяроўка ў руцэ ў яго і трысьціна для вымярэньня, і стаяў ён каля брамы.
 
І прывёў мяне туды, і во муж, — выгляд ягоны, як выгляд медзі, — зь лянным шнюром у руццэ сваёй і меральным прутом, — і стаяў ён у браме.

І сказаў мне гэты муж: сыне чалавечы! глядзі вачыма тваімі і слухай вушамі тваімі, і прыкладвай сэрца тваё да ўсяго, што я буду паказваць табе, бо ты на тое і прыведзены сюды, каб я паказаў табе гэта; усё, што ўгледзіш, абвясьці дому Ізраілеваму.
 
І гэты муж казаў імне: «Сыну людзкі! Глядзі сваімі ачыма, вушыма сваімі слухай і прылажы сэрца свае да ўсёга, што я пакажу табе; бо на тое, каб паказаць табе, ты прыведзены сюды; пакажы ўсе, што абачыш, дому Ізраеляваму.

І вось, па-за храмам — мур з усіх бакоў яго, і ў руцэ ў таго мужа — трысьціна для вымярэньня ў шэсьць локцяў, калі лічыць кожны локаць локцем з далоню; і намерыў ён у гэтым будынку адну трысьціну таўшчыні і адну трысьціну вышыні.
 
І вось, сьцяна знадворку дому навокал, навокал, і ў руццэ мужа меральны прут удаўжкі шасьцёх локцяў, роўных локцю з даланёю; і намераў ён у гэтым будынку адзін прут ушыркі і адзін прут увышкі.

Потым пайшоў да брамы, тварам на ўсход, і падняўся па прыступках яе і знайшоў меры ў адным парозе брамы адну трысьціну шырыні і ў другім парозе адну трысьціну шырыні.
 
І падышоў да брамы, зьверненае на ўсход, і ўзышоў па ўступцох яе, і памераў парог брамы — адзін прут ушыркі, і другі парог — адзін прут ушыркі.

І ў кожным бакавым пакоі адна трысьціна даўжыні і адна трысьціна шырыні, а паміж пакоямі пяць локцяў, і ў парозе брамы каля бабінца брамы ўсярэдзіне адна трысьціна.
 
І камору — адзін прут удаўжкі і адзін прут ушыркі, а памеж камор пяць локцяў; і парог брамы ля ґанку брамы ў нутр — адзін прут.

І зьмерыў ён у бабінцы брамы ўсярэдзіне адну трысьціну,
 
Памераў таксама ґанак брамы ўнутры — адзін прут.

а ў бабінцы каля брамы намерыў восем локцяў і два локці ў слупах. Гэты бабінец каля брамы — з боку храма.
 
І намераў ён у ґанку брамы восьмі локцяў і ў стаўпох яе два локці; а ґанак брамы быў у нутр.

Бакавых пакояў каля ўсходняй брамы: тры — з аднаго боку і тры — з другога; адна мера ва ўсіх трох і адна мера ў слупах з таго і з другога боку.
 
І каморы ля ўсходняе брамы тры на гэтым баку і тры на гэным баку: памера адна ў вусіх трох, і адна памера ў стаўпох на гэтым баку і на гэным баку.

Шырыні ў пройме брамы ён намерыў дзесяць локцяў, а даўжыні брамы — трынаццаць локцяў.
 
І памераў шырыню ўходу брамы — дзесяць локцяў, і даўжыню брамы — трынанцаць локцяў.

А перад пакоямі выступ у адзін локаць, і ў адзін локаць — з другога боку выступ; гэтыя пакоі з аднаго боку мелі шэсьць локцяў і шэсьць локцяў з другога боку.
 
І прамежак аднаго локця перад пакоямі, і аднаго локця прамежак на гэным баку; а пакоі шасьцёх локцяў адгэтуль і шасьцёх локцяў адгэнуль.

Потым намерыў ён у браме ад даху аднаго пакоя да даху другога дваццаць пяць локцяў шырыні; дзьверы былі насупраць дзьвярэй.
 
Тады ён памераў браму ад страхі аднае каморы да страхі другое — шырыня дваццаць пяць локцяў, дзьверы супроці дзьвярэй.

А ў слупах ён налічыў шасьцьдзясят локцяў — у кожным слупе каля двара і каля брамы,
 
Зрабіў стаўпы шасьцьдзясят локцяў, і стоўп ля брамы панадворку.

і ад пярэдняга боку ўваходу ў браму да пярэдняга боку ўнутранае брамы — пяцьдзясят локцяў.
 
І ад пярэдняе стараны брамы ля ўходу да пярэдняе стараны ґанку нутраное брамы пяцьдзясят локцяў.

Кратаваныя вокны былі і ў бакавых пакоях і ў слупах іх, усярэдзіну брамы вакол, таксама і ў бабінцах вокны былі вакол на зьнешні бок, і на слупах — пальмы.
 
І вузкія вокны да камор, і да стаўпоў ўнутры брамы навокал, навокал, і таксама да ґанкаў, і вокны навокал у нутр, і на стаўпох — пальмы.

І прывёў ён мяне на зьнешні двор, і вось там — пакоі і каменны памост вакол двара; трыццаць пакояў на тым памосьце.
 
І прывёў мяне на навонны панадворак; і гля, каморы а масткі зроблены да панадворку навокал, навокал; трыццаць камор мошчаных.

І памост гэты быў абапал брамы, адпаведна даўжыні брамы; гэты памост быў ніжэй.
 
І масткі былі па бакох брамаў, а супроці даўжыні брамаў — масткі іншыя.

І намерыў ён у шырыню ад ніжняе брамы да зьнешняга краю ўнутранага двара сто локцяў — на ўсход і на поўнач.
 
І памераў ён шырыню ад пераду дольняе брамы да пераду нутранога панадворку знадворку — сто локцяў на ўсход і поўнач.

Ён зьмерыў таксама даўжыню і шырыню брамы зьнешняга двара, які выходзіў на поўнач,
 
І браму навоннага панадворку, зьверненую на поўнач, памераў удаўжкі і ўшыркі.

і бакавыя пакоі пры іх, тры з аднаго боку і тры з другога; і слупы іх і выступы іх былі такой самай меры, як у ранейшае брамы: даўжыня іх — пяцьдзясят локцяў, а шырыня — дваццаць пяць локцяў.
 
І каморы яе тры на гэтым баку і тры на гэным баку; а стаўпы яе а ґанкі яе былі подле меры першае брамы: удаўжкі пяцьдзясят локцяў, а ўшыркі дваццаць пяць локцяў.

І вокны іх і выступы іх і пальмы іх — той самай меры, як у брамы, якая выходзіць на ўсход; і ўваходзяць у яе па сямі прыступках, і перад імі выступы.
 
І вокны яе, і ґанкі яе, і пальмы яе подле меры брамы, зьверненае на ўсход; сяма ўступцамі ўзыходзяць на яе; і ґанкі яе перад імі.

І ва ўнутраны двор ёсьць брама насупраць брамаў паўночнай і ўсходняй; і намерыў ён ад брамы да брамы сто локцяў.
 
І брама нутранога панадворку была супроці брамы паўночнае і ўсходняе; і памераў ён ад брамы да брамы — сто локцяў.

І павёў мяне на поўдзень, і вось там — брама паўднёвая; і намерыў ён у слупах і выступах такую самую меру.
 
І павёў мяне на паўдня; і во брама, зьверненая на паўдня; і памераў ён стаўшы яе і ґанкі яе подле гэтых мераў.

І вокны ў іх і перад дзьвярыма ў іх — такія самыя, як тыя вокны: даўжыні пяцьдзясят локцяў, а шырыні дваццаць пяць локцяў.
 
І вокны ў ёй, і ґанкі яе навокал, навокал, як тыя вокны: даўжыня пяцьдзясят локцяў і шырыня дваццаць пяць локцяў.

Пад’ём да іх — у сем прыступак, і пераддзьвер’е перад імі; і пальмавыя акрасы — адно з аднаго боку і адно з другога — на слупах іх.
 
І ўсходы йсьці на яе, і ґанак яе перад імі, і пальмы — адна на гэтым баку і другая на гэным баку, на стаўпох іх.

І ва ўнутраны двор была паўднёвая брама; і намерыў ён ад брамы да брамы паўднёвай сто локцяў.
 
І была брама на паўдня да нутранога панадворку; і памераў ад брамы да брамы на паўдня — сто локцяў.

І прывёў ён мяне праз паўднёвую браму ва ўнутраны двор; і намерыў у паўднёвай браме тую самую меру.
 
І прывёў мяне да нутранога панадворку пераз паўднявую браму, і памераў паўднявую браму подле тых мераў;

І бакавыя пакоі іх і слупы іх і бабінцы іх — той самай меры, і вокны ў іх і ў бабінцах іх былі вакол; усяго ў даўжыню — пяцьдзясят локцяў, а ў шырыню — дваццаць пяць локцяў.
 
І каморы яе, і стаўпы яе, і ґанкі яе подле тых мераў; і вокны ў іх, і ґанкі ў іх навокал, навокал — пяцьдзясят локцяў удаўжкі і дваццаць пяць локцяў ушыркі.

Бабінцы былі вакол у дваццаць пяць локцяў, а шырынёю ў пяць локцяў.
 
І ґанкі навокал, навокал іх дваццаць пяць локцяў удаўжкі і пяць локцяў ушыркі.

І бабінцы былі ў іх на зьнешні двор, і пальмы былі на слупах іх; пад’ём да іх — на восем прыступак.
 
І ґанкі яе да навоннага панадворку, і пальмы на стаўпох яе, і ўзыход на яе восьмі локцяў.

І павёў мяне ўсходняю брамаю на ўнутраны двор; і намерыў у гэтай браме тую самую меру.
 
І прывёў мяне на нутраны панадворак на ўсход, і памераў браму подле тых мераў.

І бакавыя пакоі іх і слупы іх былі вакол; даўжыня на пяцьдзясят локцяў, і шырыня — дваццаць пяць локцяў.
 
І каморы яе, і стаўпы яе, і ґанкі яе подле тых мераў; і вокны ў ёй, і ґанкі яе навокал, навокал — пяцьдзясят локцяў удаўжкі і дваццаць пяць локцяў ушыркі.

Бабінцы ў іх былі на зьнешні двор, і пальмы на слупах іх з таго і другога боку; пад’ём да іх — на восем прыступак.
 
І ґанкі яе на навонны панадворак, і пальмы на стаўпох яе на гэтым баку і на гэным баку, і ўзыход на яе восьмі ўступцоў.

Потым прывёў мяне да паўночнае брамы і намерыў у ёй тую самую меру.
 
І прывёў мяне да паўночнае брамы, і памераў подле тых мераў.

Бакавыя пакоі пры ёй, слупы яе былі вакол; усяго ў даўжыню — пяцьдзясят локцяў і ў шырыню — дваццаць пяць локцяў.
 
І каморы яе, і стаўпы яе, і ґанкі яе, і вокны да яе навокал, навокал удаўжкі — пяцьдзясят локцяў і ўшыркі дваццаць пяць локцяў.

Бабінцы ў ёй былі на зьнешні двор і пальмы на слупах яе з таго і з другога боку; пад’ём да яе — на восем прыступак.
 
І стаўпы яе на навонным панадворку, і пальмы на стаўпох яе на гэтым баку і на гэным баку, і ўзыход на яе восьмі локцяў.

Быў таксама пакой, з уваходам у яго, каля слупоў брамы: там абмываюць ахвяры цэласпаленьня.
 
І каморы і ўходы яе ля стаўпоў брамаў, ідзе абмывалі аброк на ўсепаленьне.

А ў бабінцы каля брамы два сталы — з аднаго боку і два — з другога боку, каб калоць на іх ахвяры цэласпаленьня і ахвяры за грэх і ахвяры за злачынства.
 
І на ґанку брамы два сталы на гэтым баку і два сталы на гэным баку, рэзаць на іх усепаленьне, і аброк за грэх, і аброк за віну.

І са зьнешняга боку каля ўваходу ў праёміну паўночнае брамы былі два сталы, і з другога боку каля бабінца пад брамай — два сталы.
 
І ля знадворнага боку, як уходзіш у ўход паўночнае брамы, два сталы, і на другім баку, каторы ля ґанку брамы, два сталы.

Чатыры сталы — з аднаго боку і чатыры сталы — з другога боку і абапал брамы: усяго восем сталоў, на якіх колюць ахвяры.
 
Чатыры сталы на гэтым баку і чатыры сталы на гэным баку ля боку брамы: восьмі сталоў, яны да зарэзу.

І чатыры сталы для прыгатаваньня цэласпаленьня былі з часаных камянёў, даўжынёю ў паўтара локця і шырынёю ў паўтара локця, а вышынёю ў адзін локаць; на іх кладуць прылады для заколу ахвяры цэласпаленьня і іншыя ахвяры.
 
І чатыры сталы з часанага каменя да ўсепаленьня паўтара локця ўдаўжкі і паўтара локця ўшыркі і адзін локаць увышкі; на іх кладуць снадзі да зарэзу ўсепаленьня а аброку.

І гакі ў адну далоню ўроблены былі ў сьцены будынка вакол, а на сталах клалі ахвярнае мяса.
 
І крукі з даланю ўшыркі, прымацаваныя ўнутры навокал, навокал, і на сталох мяса на аброкі.

Звонку ўнутранае брамы былі пакоі для сьпевакоў; на ўнутраным двары, з боку паўночнае брамы, адна на поўдзень, а другая, з боку паўднёвае брамы, на поўнач.
 
І знадворку нутраное брамы былі каморы пяюноў у нутраным панадворку, каторы на баку паўночнае брамы, зьверненыя на паўдня; адна на баку ўсходняе брамы, зьверненая на поўнач.

І сказаў ён мне: гэты пакой, які выходзіць на поўдзень — для сьвятароў, якія чуваюць на варце храма;
 
І сказаў ён імне: «Гэта камора, зьверненая на паўдня, ё сьвятаром, што стаяць на варце дому;

а пакой, які выходзіць на поўнач — для сьвятароў, якія чуваюць на варце ахвярніка: гэта сыны Садока, якія адны з сыноў Лявія набліжаюцца да Госпада, каб служыць Яму.
 
А камора, зьверненая на поўнач, сьвятаром, што стаяць на варце ля аброчніка: гэта сынове Садокавы меж сыноў Левавых, каторыя дабліжыліся да СПАДАРА, служыць Яму».

І намерыў ён у двары сто локцяў даўжыні і сто локцяў шырыні: ён быў чатырохкутны: а перад храмам стаяў ахвярнік.
 
І памераў ён панадворак — сто локцяў удаўжкі і сто локцяў ушыркі, чатыракутні; а аброчнік перад домам.

І прывёў ён мяне да бабінца храма і намерыў у слупах бабінца пяць локцяў з аднаго боку і пяць локцяў з другога; а ў браме — тры локці шырыні з аднаго боку і тры локці з другога.
 
І прывёў мяне да ґанку дому, і памераў стоўп ґанку — пяць локцяў на гэтым баку і пяць локцяў на гэным баку, і шырыня брамы тры локці на гэтым баку і тры локці на гэным баку.

Даўжыня бабінца — дваццаць локцяў, а шырыня — адзінаццаць локцяў, і ўзыходзяць у яго па дзесяці прыступках; і былі падпоры ў слупоў: адна — з аднаго боку, а другая — з другога.
 
Удаўжкі ґанак дваццаць локцяў, а ўшыркі адзінанцаць локцяў; і прывёў мяне ўступцамі, каторымі ўходзяць да яго; і былі падпоры ля стаўпоў, адна на гэтым баку а другая на гэным баку.