Агея 1 разьдзел

Кніга прарока Агея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

На другім годзе цара Дарыя, на шостым месяцы, у першы дзень месяца было слова Гасподняе праз Агея прарока Зарававэлю, сыну Салафіілеваму, упраўцу Юдэі, і Ісусу, сыну Ясэдэкаваму, вялікаму іярэю.
 
Другога году караля Дара, шостага месяца, першага дня месяца, было слова СПАДАРОВА Гаґеям прарокам Зэрувавелю Шэалфіеленку, вайводзе Юдэі, а Ігошуі Егосадачонку, найвышшаму сьвятару, кажучы:

Так сказаў Гасподзь Саваоф: народ гэты кажа: «ня прыйшоў яшчэ час — будаваць дом Гасподні».
 
«Гэтак кажа СПАДАР войскаў, кажучы: "Гэты люд кажа: ’Ня прышла пара, пара, каб станавіць дом СПАДАРОЎ’"».

І было слова Гасподняе праз Агея прарока:
 
Тады было слова СПАДАРОВА Гаґеям прарокам, кажучы:

а вам самім час — жыць у дамах вашых упрыгожаных, тым часам як дом гэты ў запусьценьні?
 
«Ці пара вам жыць у шаляваных дамох, а гэты дом спустошаны?»

Таму сёньня так кажа Гасподзь Саваоф: павярнеце сэрца ваша на дарогі вашыя.
 
Затым цяпер гэтак кажа СПАДАР войскаў: «Зьвярніце сэрца сваё да дарогаў сваіх.

Вы сееце многа, а зьбіраеце мала: ясьце, але ўнядосыць; п’яце, але не напіваецеся; апранаецеся, але не саграваецеся; заробнік платы зарабляе ў дзіравы кашалёк.
 
Вы сееце шмат, але зьбіраеце мала; ясьце, але вам ня досыць; п’іце, але не праганяеце смагі; адзяіцеся, але вам ня цёпла; хто зарабляе плату, зарабляе да дзіравага капшука».

Так кажа Гасподзь Саваоф: павярнеце сэрца ваша на дарогі вашыя.
 
Гэтак кажа СПАДАР войскаў: «Зьвярніце сэрца сваё да дарогаў сваіх.

Узыдзеце на гару і насеце дрэвы і будуйце храм: і Я буду дабраволіць яму і праслаўлюся, кажа Гасподзь.
 
Узыйдзіце на гару, і вазіце дзерва, і станавіце дом; і Я буду прыяць яму, і ўслаўлюся, — кажа СПАДАР. —

Чакаеце шмат, а выходзіць мала, і што прынесяце дамоў, тое Я разьвею. За што кажа Гасподзь Саваоф: за Мой дом, які ў запусьценьні, тым часам як вы бяжыце — кожны да свайго дома.
 
Глядзіце, каб было шмат, а гля, мала; і як прыносіце двору, Я разьвею тое. Чаму? — агалашае СПАДАР войскаў: — За дом Мой, што спустошаны, а вы бяжыце кажны да дому свайго.

Якраз таму неба і зачынілася і не дае вам расы, і зямля не дае сваіх утвораў.
 
Затым неба над вамі заставалася без расы, і зямля заставалася бяз плоду.

І я наклікаў суш на зямлю, на горы, на хлеб, на вінаградны сок, на алей і на ўсё, што родзіць зямля, і на чалавека і на быдла і на ўсякую ручную працу.
 
І Я прыгукаў сухмень на зямлю а на горы а на збожжа а на вінны сок а на аліву а на тое, што выдаець зямля, а на людзёў а на статак а на ўсю гарапашнасьць рук».

І паслухаліся Зарававэль, сын Салафіілеў, і Ісус, сын Ясэдэкаў, і ўвесь астатні люд голасу Госпада Бога свайго і слоў Агея прарока, як пасланага Госпадам Богам іхнім, і люд убаяўся Госпада.
 
І паслухалі Зэрувавель Шэалфіеленак а Ігошуа Егосадачонак, найвышшы сьвятар, і ўся астача люду голасу СПАДАРА, Бога свайго, і слоў Гаґея прарокі, бо СПАДАР, Бог іхны, паслаў яго, і люд баяўся СПАДАРА.

Тады Агей, весьнік Гасподні, пасланы ад Госпада, сказаў люду: «Я з вамі! кажа Гасподзь».
 
І сказаў Гаґей, пасланец СПАДАРОЎ, з паручэньня СПАДАРОВАГА да люду, кажучы: «Я з вамі», — агалашае СПАДАР.

І абудзіў Гасподзь дух Зарававэля, сына Салавіілевага, упраўцы Юдэі, і дух Ісуса, сына Ясэдэкавага, вялікага іярэя, і дух усёй рэшты людзей — і яны прыйшлі і пачалі рабіць працу ў доме Госпада Саваофа, Бога свайго,
 
І ўзрушыў СПАДАР дух Зэрувавеля Шэалфіеленка, вайводы Юдэі, а дух Ігошуі Егосадачонка, найвышшага сьвятара, а дух усяго засталага люду, і яны прышлі, і рабілі работу ў доме СПАДАРА войскаў, Бога свайго,

на дваццаць чацьвёрты дзень шостага месяца, на другім годзе цара Дарыя.
 
Дваццаць чацьвертага дня шостага месяца, другога году караля Дара.