2 Яна 1 разьдзел

Другое пасланьне Яна
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Старац — выбранай спадарыні і дзецям яе, якіх я люблю ў ісьціне, і ня толькі я, але і ўсе, хто спазнаў ісьціну,
 
Старшы — абранай спадарыні а дзеткам ейным, каторых я люблю ў праўдзе, і ня толькі я адзін, але й усі, што пазналі праўду,

дзеля ісьціны, якая жыве ў нас і будзе з намі вечна:
 
Дзеля праўды, што трывае ў нас і будзе з намі на век:

хай будзе з вамі мілата, літасьць, мір ад Бога Айца і ад Госпада Ісуса Хрыста, Сына Айца, у ісьціне і любові.
 
Хай будзе з вамі ласка, міласэрдзе, супакой ад Бога Айца а ад Спадара Ісуса Хрыста, Сына Айцовага, у праўдзе й міласьці.

Я вельмі ўсьцешыўся, што знайшоў сярод дзяцей тваіх такіх, якія ходзяць у ісьціне, як мы атрымалі ў наказ ад Айца.
 
Я вельма ўсьцешыўся, што знайшоў зь дзетак тваіх ходзячых у праўдзе, як мы адзяржалі расказаньне ад Айца.

І сёньня прашу цябе, спадарыня, ня як новую запаведзь прадпісваючы табе, а тую, якую маем ад пачатку, — каб мы любілі адно аднаго.
 
І цяпер прашу цябе, спадарыня, не як новае расказаньне пішучы тэ, але тое, што маем ад пачатку, каб мы мілавалі адно аднаго.

Любоў бо ў тым, каб жылі мы паводле запаведзяў Ягоных. Гэта — тая запаведзь, якую вы чулі ад пачатку, каб жылі згодна зь ёю,
 
А гэта міласьць, каб мы хадзілі подле расказаньняў Ягоных. Гэта — тое расказаньне, каторае вы чулі ад пачатку, каб хадзілі ў ім.

бо многія зваднікі ўвайшлі ў сьвет, якія не вызнаюць Ісуса Хрыста, што прыйшоў у плоці: такі чалавек ёсьць зваднік і антыхрыст.
 
Бо шмат спадманцоў вышлі ў сьвет, яны не вызнаваюць Ісуса Хрыста, прышлага ў целе. Такі — спадманец а антыхрыст.

Сачэце за сабою, каб нам ня страціць таго, над чым мы працавалі, а каб атрымалі поўную ўзнагароду.
 
Глядзіце сябе, каб вы ня страцілі таго, над чым працавалі, але адзяржалі супоўную адплату.

Кожны, хто пераступае вучэньне Хрыстовае і ня жыве ў ім, ня мае Бога; а хто жыве ў вучэньні Хрыстовым, той мае і Айца і Сына.
 
Кажны, хто выступае і ня трывае ў навуццы Хрыстовай, ня мае Бога; хто трывае ў гэтай навуццы, мае Айца й Сына.

Хто прыходзіць да вас і ня прыносіць гэтага вучэньня, таго ня прымайце ў дом і ня вітайце яго;
 
Калі хто прыходзе да вас і ня прыносе гэтае навукі, ня прыймайце яго да дому і ня вецьце яго;

бо хто яго вітае, той мае ўдзел у ліхіх учынках ягоных.
 
Бо хто веце яго, тый мае ўчасьце ў нягодных учынках ягоных.

Многае маю пісаць вам, ды не хачу на паперы чарнілам; а спадзяюся прыйсьці да вас і гутарыць вуснамі ў вусны, каб радасьць вашая была поўная.
 
Шмят чаго маю вам пісаць, але не хачу на паперы чэрняю, а спадзяюся прыйсьці да вас і гукаць вуснамі да вуснаў, каб радасьць наша была супоўная.

Вітаюць цябе дзеці сястры твае выбранае. Амін.
 
Здароваюць цябе дзеткі твае абранае сястры.