Ёва 1 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Быў чалавек у зямлі Уц, імя ягонае Ёў; і быў чалавек гэты беззаганны, справядлівы і богабаязны і ўхіляўся ад зла.
 
Быў чалавек у зямлі Уц, імя ягонае Ёў; і быў чалавек гэты беззаганны а пасьцівы, і ён баяўся Бога, і адхінаўся ад ліха.

І нарадзіліся ў яго сем сыноў і тры дачкі.
 
І нарадзілася ў яго сямёх сыноў і тры дачкі.

Маёмасьці ў яго было: сем тысяч дробнага быдла, тры тысячы вярблюдаў, пяцьсот пар валоў і пяцьсот асьліц і даволі многа прыслугі; і быў чалавек гэты знакаміты больш за ўсіх сыноў Усходу.
 
І было ў яго драбнога статку сем тысячаў, тры тысячы вярблюдоў, пяцьсот пар валоў а пяцьсот асьліцаў, і вельмі шмат чэлядзі: і быў чалавек гэты вялікшы за ўсіх сыноў усходу.

Сыны яго сыходзіліся, ладзілі гасьціны кожны ў сваім доме, у свой дзень, і пасылалі і запрашалі трох сясьцёр сваіх есьці і піць зь імі.
 
Сынове ягоныя зыходзіліся, спраўляючы чэсьці кажны свайго дня ў доме сваім, і пасылалі й звалі тры сястры свае есьці й піць із імі.

Калі ўсчыналася кола бяседных дзён, Ёў пасылаў па іх і асьвячаў іх і, устаючы рана раніцай, прыносіў цэласпаленьне па ліку ўсіх іх. Бо казаў Ёў: можа быць, сыны мае зграшылі і зганілі Бога ў сэрцы сваім. Так рабіў Ёў ва ўсе такія дні.
 
Як радоўка дзён чэсьцяў канчалася, Ёў пасылаў па іх, і пасьвячаў іх, і, устаючы рана нараніцы, спраўляў усепаленьні подле ліку ўсіх іх; бо гукаў ён: «Можа ізграшылі сынове мае і зганілі Бога ў сэрцу сваім». Гэтак рабіў Ёў усі дні.

І быў дзень, калі прыйшлі сыны Божыя стаць прад Госпадам; сярод іх прыйшоў і сатана.
 
І быў дзень, калі прышлі сынове Божыя стаць перад СПАДАРОМ; і прышоў таксама шайтан памеж іх.

І сказаў Гасподзь сатане: адкуль ты прыйшоў? і адказаў сатана Госпаду і сказаў: я хадзіў па зямлі і абышоў яе.
 
І сказаў СПАДАР шайтану: «Скуль ты прышоў?» І адказаў шайтан СПАДАРУ, і сказаў: «Я абходзіў зямлю й абышоў яе».

І сказаў Гасподзь сатане: ці зьвярнуў ты ўвагу сваю на раба Майго Ёва? бо няма такога, як ён, на зямлі: чалавек беззаганны, справядлівы, богабаязны і ўцечны ад зла.
 
І сказаў СПАДАР шайтану: «Ці зьвярнуў ты ўвагу на слугу Майго Ёва? гэтаж няма такога, як ён, на зямлі: чалавек беззаганны, пасьцівы, баіцца Бога й адварачаецца ад ліха».

І адказаў сатана Госпаду і сказаў: хіба задарам богабаязны Ёў?
 
І адказаў шайтан СПАДАРУ і сказаў: «Ціж дарма Ёў багабойлівы?

ці ня Ты вакол асланіў яго і дом ягоны і ўсё, што ў яго? Дзеі рук ягоных Ты дабраславіў, і статкі ягоныя шырацца па зямлі;
 
Ці ня Ты агарадзіў навокал яго, і навокал дому ягонага, і навокал усяго, што навокал у яго? Работу рук ягоных Ты дабраславіў, і стады ягоныя пашырыў па зямлі.

але працягні руку Тваю і дакраніся да ўсяго, што ў яго, — ці дабраславіць ён Цябе?
 
Але выцягні руку Сваю і даткніся ўсёга, што ў яго, — ці ня згане ён Цябе ў відзеньне Твае?»

І сказаў Гасподзь сатане: вось, усё, што ў яго, у руцэ тваёй; толькі на самога не прасьцірай рукі тваёй. І адышоў сатана ад аблічча Гасподняга.
 
І сказаў СПАДАР шайтану: «Вось, усе, што ў яго, у руццэ тваёй; адно на яго не выцягай рукі свае». І адышоў шайтан ад віду СПАДАРОВАГА.

І быў дзень, калі сыны ягоныя і дочкі ягоныя елі і віно пілі ў доме ў першароднага брата свайго.
 
І быў дзень, калі сынове ягоныя а дачкі ягоныя елі й пілі віно ў доме першароднага брата свайго,

І вось, прыходзіць весьнік да Ёва і кажа:
 
І прышоў пасланец да Ёва, і сказаў:

валы аралі, і асьліцы пасьвіліся каля іх, як напалі Савэяне і забралі іх, а хлопчыкаў пабілі вастрыём меча; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
 
«Валы аралі, і асьліцы хадзілі ля іх, як напалі Савяне і ўзялі іх, а дзяцюкоў забілі лязом мяча; толькі я адзін уцёк, каб наказаць табе».

Яшчэ ён гаварыў, як прыходзіць другі і кажа: агонь Божы ўпаў зь неба і абпаліў авечак і хлопчыкаў і зжэр іх; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
 
Яшчэ ён гукаў, як прыходзе другі й кажа: «Цяпло Божае ўпала зь неба, і папаліла авечкі а дзяцюкоў, і пажэрла іх; і толькі я адзін уцёк, каб наказаць табе».

Яшчэ ён гаварыў, як прыходзіць другі і кажа: Халдэі сталі трыма атрадамі і кінуліся на вярблюдаў і забралі іх, а хлопчыкаў пабілі вастрыём меча; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
 
Яшчэ ён гукаў, як прыходзе другі й кажа: «Хальдэі разьлягліся трыма аддзеламі, і кінуліся на вярблюды, і ўзялі іх, і дзяцюкоў забілі лязом мяча; і толькі я адзін уцёк, каб наказаць табе».

Яшчэ гэты гаварыў, прыходзіць другі і кажа: сыны твае і дочкі твае елі і віно пілі ў доме ў першароднага брата свайго;
 
Яшчэ ён гукаў, прыходзе іншы й кажа: «Сынове твае а дачкі твае елі й пілі віно ў доме першароднага брата свайго;

і вось, вялікі вецер прыйшоў з пустыні і ахапіў чатыры вуглы дома, і дом упаў на хлопчыкаў, і яны памерлі; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
 
І вось, узьняўся вялікі вецер із тога боку пустыні, і ахапіў чатыры вуглы дому, і ўпаў на дзяцюкоў, і яны памерлі; і толькі я адзін уцёк, каб наказаць табе».

Тады Ёў устаў і падраў вопратку на сабе, пастрыг галаву сваю і ўпаў на зямлю і пакланіўся
 
Тады Ёў устаў, і разьдзер вопратку, астрыг галаву сваю, і паў на зямлю, і пакланіўся,

і сказаў: голы я выйшаў з чэрава маці маёй, голы і вярнуся. Гасподзь даў, Гасподзь і ўзяў, хай будзе імя Гасподняе дабраславёна!
 
І сказаў: «Голы я вышаў із жывата маці свае, голы й зьвярнуся туды. СПАДАР даў, СПАДАР і ўзяў; хай будзе імя СПАДАРОВА дабраславена!»

Ва ўсім гэтым не зграшыў Ёў і не вымавіў нічога неразумнага пра Бога.
 
У вусім гэтым не ізграшыў Ёў і не праказаў неразумнага Богу.