Ёва 5 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Пакліч, калі ёсьць той, хто адкажа табе. Да каго зь сьвятых зьвернешся ты?
Гукай; ці ёсьць адказуючы табе? і да каго ізь сьвятых ты зьвернешся?
Так дурнога забівае гнеўлівасьць, і няцямнага губіць дражлівасьць.
Пэўне злосьць забівае дурнога, і завідасьць губе няцямлівага.
Бачыў я, як дурны ўкараняецца, і адразу пракляў дом ягоны.
Я бачыў дурнога, што пусьціў карэньне, і неўспадзеўкі пракляў гасподу ягоную.
Дзеці ягоныя далёкія ад шчасьця, іх будуць біць каля брамы, і ня будзе заступніка.
Далёкія сынове ягоныя ад спасеньня, і зьбітыя ў браме, і няма ратуючага.
Жніво ягонае з’есьць галодны і праз церне возьме яго, і спрагненыя праглынуць маёмасьць ягоную.
Жніво ягонае галодны зьядае, і зь церня выбірае яго, і ўсьмяглы жадае багацьця ягонага;
Так, ня з пылу выходзіць гора, і не зь зямлі вырастае бяда;
Бо ня з пылу выходзе бяспраўе, і не ізь зямлі пушчае пагоны мука;
а чалавек нараджаецца на пакуту, як іскры, каб імкнуцца ўгору.
Бо чалавек родзіцца на муку, як іскры, ляцець у выш.
Але я да Бога зьвярнуўся б, аддаў бы дзею маю Богу,
А я зьвярнуўся б да Бога, і Богу аддаў бы справу сваю,
Які творыць дзеі вялікія, бясконца дзівосныя,
Каторы чыне рэчы вялікія, няўскуманыя, чудоўныя бязь ліку;
дае дождж улоньню зямлі і пасылае воды на ўлоньне палёў;
Даець дождж на відзеньне зямлі, і пасылае воды на відзеньне палёў;
прыніжаных ставіць на вышыню, і гаротнікаў узносіць у выратаваньне.
Станове на вышыню тых, што нізка, і гаротных падымае да спасеньня.
Ён разбурае намыслы хітрых, і рукі іхнія не давяршаюць пачатага.
Ён разбурае думкі хітрых, так што рукі іхныя не выпаўняюць прадпрыемства.
Ён ловіць мудрацоў іхняй жа хітрасьцю, і рада хітрых робіцца марнай:
Ён лове мудрых у іх собскай хітрыні і рады самадыйнікаў чыне пустымі:
удзень яны сустракаюць цемру і аполудні ходзяць вобмацкам, як поначы.
Удзень сустракаюць цемнь і, бы ночы, ходзяць вошчупкам серадня.
Ён ратуе беднага ад меча, ад вуснаў іхніх і ад рукі моцнага.
Ён выбаўляе ад мяча, ад вуснаў іхных і беднага — ад рукі дужога.
І ёсьць надзея няшчаснаму, і няпраўда стуляе вусны свае.
І бывае беднаму надзея, і несправядлівасьць зачыняе вусны свае.
Шчасны чалавек, якога наводзіць на розум Бог, і таму кары Ўсеўладнага не адхіляй,
Вось, шчасьлівы чалавек, каторага зыра Бог; затым караньням Усемагучага ня грэбуй;
бо Ён спрычыняе раны і Сам перавязвае іх; Ён б’е, і Ягоныя ж рукі ацаляюць.
Бо Ён ране, Ён і завязуе; Ён б’ець, ягоныя ж рукі й лечаць.
У шасьці бедах ратуе цябе, і ў сёмай не кране цябе ліха.
Із шасьцёх бедаў Ён вывальне цябе, у сёмай не даткнецца да цябе ліха.
У голад выбавіць цябе ад сьмерці, і на вайне — ад рукі меча.
У галадоў выбаве цябе ад сьмерці й на вайне ад рукі мяча.
Ад біча языка схаваеш сябе і не збаішся спусташэньня, калі яно прыйдзе.
Ад пугі языка ты схаваешся і не зьлякаешся спустошаньня, як яно прыйдзе.
Са спусташэньня і голаду пасьмяешся і зьвяроў зямлі не збаішся,
Із спустошаньня а з галадові пасьмяешся і зьвяроў земных не зьлякаешся;
бо з камянямі польнымі ў цябе згода, і зьвяры польныя ў міры з табою.
Бо з каменьням палявым змова ў цябе, і зьвяры палявыя ў згодзе з табою.
І ўведаеш, што намёт твой у бясьпецы, і будзеш глядзець за домам тваім і ня згрэшыш.
І даведаешся, што будан твой у бясьпечнасьці, і перагледзіш сялібу сваю, і не абмылішся.
І ўбачыш, што насеньне тваё безьлічнае, і парасткі твае, як трава на зямлі.
І даведаешся, што шмат насеньня твайго, і патомкаў тваіх, як травы земнае.
Увойдзеш у магілу ў глыбокай старасьці, як укладваюцца снапы пшаніцы сваім часам.
Зыйдзеш да гробу ў глыбокай старасьці, як зыходзе стог збожжа ўпару.
Вось, што мы даведаліся; так яно і ёсьць; выслухай гэта і зазнач сабе.
Во гэта мы скумалі; гэта так; паслухай гэтага і ведай сабе».