Ёва 23 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І адказваў Ёў і сказаў:
 
І адказаў Ёў, і сказаў:

яшчэ і цяпер горкае слова маё: пакуты мае цяжэйшыя за стогны мае.
 
«Яшчэ й цяпер гаркая мова мая, цяжкая рука мая за стогны мае.

О, калі б я ведаў, дзе знайсьці Яго, і мог падысьці да трона Ягонага!
 
О, калі б я ведаў і знайшоў Яго, я мог бы падысьці да пасаду Ягонага!

Я выклаў бы прад Ім усё маё і вусны мае напоўніў бы апраўданьнямі;
 
Я палажыў бы суд свой перад ім і вусны свае напоўніў бы довадамі.

уведаў бы словы, якімі Ён адкажа мне, і зразумеў бы, што Ён скажа мне.
 
Я даведаўся б словы, што Ён адкажа імне, і ўцяміў бы, што Ён скажа імне.

Няўжо Ён у поўнай магутнасьці пачаў бы спаборнічаць са мною? О, не! Няхай бы толькі даў увагі мне.
 
Нягож у вялікасьці сілы Свае Ён будзе сьперачацца з імною? Не, Ён меў бы бачнасьць на мяне.

Тады праведнік мог бы спаборнічаць зь Ім, — і я назаўсёды атрымаў бы свабоду ад Судзьдзі майго.
 
Там пасьцівы разважаў бы зь Ім, і я ўцёк бы ад Судзьдзі свайго на векі.

Але вось, я іду наперад — і няма Яго, назад — і не знаходжу Яго;
 
А вось, я йду наперад, і няма Яго, назад — і ня цемлю Яго;

ці робіць Ён што зь левага боку, я ня бачу; ці хаваецца з правага, не разгледжу.
 
Шукаю налева ў дзеяньнях Яго і ня бачу відзені Ягонае; павярнуся направа, але ня бачу Яго.

Але Ён ведае шлях мой; няхай выпрабуе мяне, — выйду, як золата.
 
Але Ён знае дарогу, што пры імне; калі б Ён спрабаваў мяне, я выйду, як золата.

Нага мая цьвёрда трымаецца сьцежкі Ягонай; шляхі Ягоныя я захоўваў і ня ўхіляўся зь іх.
 
Нага мая цьверда дзяржалася сьцежкі Ягонай; дарогі Ягонае я дзяржаўся і не адхінаўся.

Ад наказаў вуснаў Ягоных не адступаўся; словы вуснаў Ягоных захоўваў болей, чым мае правілы.
 
Ад расказаньня вуснаў Ягоных я не адступаў; над уставу сваю я хаваў словы вуснаў Ягоных.

Але Ён цьвёрды; і хто ўхіліць Яго? Ён робіць, чаго хоча душа Ягоная.
 
Але Ён пры адным стаіць; і хто адхінець Яго? І чаго душа Ягоная жадае, тое Ён чыне.

Так, Ён выканаў тое, што належала мне, і падобнага на гэта многа ў Яго.
 
Але, Ён споўне прызначанае імне, і падобнага да гэтага шмат у Яго.

Таму я дрыжу прад абліччам Ягоным; разважаю — і баюся Яго.
 
Затым дрыжу перад відам Ягоным; думаю й лякаюся Яго.

Бог расслабіў сэрца маё, і Ўсеўладны напалохаў мяне.
 
Бог скволіў сэрца мае, і Ўсемагучы напалохаў мяне;

Чаму я ня зьнішчаны раней за гэтую цемру, і Ён не схаваў мораку ад твару майго!
 
Бо я не адцяты ад цемні, і перад імною Ён не закрыў густое цемры.