Ёва 24 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Чаму не схаваныя ад Усемагутнага часіны, і тыя, што ведаюць Яго, ня бачаць дзён Ягоных?
Чаму не схаваны ад Усемагучага часы, і знаючыя Яго ня бачаць дзён Ягоных?
Межы перасоўваюць, гоняць статкі і пасьвяць у сябе;
Межы перасуваюць, глабаюць стады, і пасьвяць.
у сіротаў зводзяць асла, ва ўдавы бяруць пад заклад вала;
У сіротаў выводзяць асла, у ўдавы бяруць у заставу вала.
бедных сьпіхваюць з дарогі, усе прыніжаныя зямлі вымушаны хавацца.
Бедных сьхінаюць з дарогі, разам хаваюцца бедныя зямлі.
Вось яны, як дзікія аслы ў пустыні, выходзяць на дзею сваю, устаючы рана на здабычу; стэп дае хлеб ім і дзецям іхнім;
Вось, дзікія на пустыні, яны выходзяць на работу сваю рана нараніцы, на здабытак, пустыня яму — еміна дзяцюком ягоным.
жнуць яны на полі не сваім і зьбіраюць вінагарад у бязбожніка;
Жнуць яны на полю не сваім і зьбіраюць віно ў нягоднага.
голыя начуюць без покрыва і бяз вопраткі на сьцюжы;
Голыя начуюць без адзецьця і ня маюць накрыцьця ў сьцюжы;
мокнуць ад горных дажджоў і, ня маючы сховішча, ціснуцца да скалы;
Ад гаравое мыглы мокнуць і, бяз прытулішча, абыймаюць скалу.
адрываюць ад саскоў сірату і з убогага бяруць заклад;
Ад грудзёў адрываюць сірату і з убогага бяруць заклад;
прымушаюць хадзіць голымі, без адзеньня, і галодных кормяць каласамі;
Ходзяць голыя, без адзецьця, і галодныя носяць снапы;
паміж сьценамі чавяць алей аліўкавы, топчуць у чавілах і прагнуць.
Памеж сьцен выціскаюць аліву, таўкуць у таўчэльнях, але сьмягнуць.
У горадзе людзі стогнуць, і душа забіваных енчыць, і Бог не забараняе гэтага.
У месьце людзі стогнуць, і душа забіваных галосе, і Бог не забараняе гэтае дурноты.
Ёсьць сярод іх ворагі сьвятла, ня ведаюць ягоных шляхоў і ня ходзяць па сьцежках ягоных.
Яны былі меж бунтаўнікоў сьвятла, не пазналі дарогаў Ягоных, і не заставаліся на сьцежках Ягоных.
На золку ўстае забойца, забівае беднага і ўбогага, а ўначы бывае злодзеем.
Із золкам устаець убіўца, забівае беднага а ўбогага, а ночы бывае злодзеям.
І вока пералюбніка чакае сутоньня, кажучы: нічыё вока ня ўбачыць мяне, — і захінае твар.
І вока чужаложніка жджэць зьмярканьня, кажучы: "Хай вока не абача мяне", — таемным робе від свой.
У цемры падкопваюцца пад дамы, якія ўдзень яны прыкмецілі сабе; ня ведаюць сьвятла.
У цямноце падкопуюцца пад дамы, што ўдзень яны зазначылі сабе; ня знаюць сьвятла.
Бо ім раніца — сьмяротны цень, бо яны знаёмыя з жахамі сьмяротнага ценю.
Бо ім усім разам раніца — сьмяротны сьцень, бо яны пазнаюць жахі сьмяротнага сьценю.
Лёгкі такі на паверхні вады, праклятая доля ягоная на зямлі, і не глядзіць ён на дарогу садоў вінаградных.
Лягкі ён на зьверху вады; праклятая дзель ягоная на зямлі; і не зварачае ён на дарогу гародаў вінных.
Засуш і сьпёка паглынаюць сьнегавую ваду: так апраметная — грэшнікаў.
Сухмень а гарачыня забіраюць сьнежныя воды; гэтак шэоль тых, што грашылі.
Няхай забудзе яго нутроба матчыная; няхай ласуецца ім чарвяк; няхай не захаваецца пра яго памяць; як дрэва, няхай зломіцца беззаконьнік,
Забудзецца яго ўлоньне; хай ласуецца ім чарвяк; наперад яго ня ўспомняць, і несправядлівасьць будзе зломлена, як дзерва.
які прыгнятае бязьдзетную, якая не раджала, і ўдаве ня робіць дабра.
Зьядаюць бязьдзетную, каб не радзіла, і ўдаве ня робяць добра.
Ён і дужых зводзіць сілаю сваёю; ён устае, і ніхто ня пэўны за жыцьцё сваё.
Ён цягне таксама дужога сілаю сваёю; ён устаець, і ніхто ня пэўны жыцьця.
А Ён дае яму ўсё для бясьпекі, і ён на тое абапіраецца, і вочы Ягоныя бачаць шляхі іхнія.
Ён дасьць ім бясьпечнасьць, і яны апіраюцца, і вочы Ягоныя — на дарогах іхных.
Падняліся высока, — і вось, няма іх; падаюць, і паміраюць, як і ўсе, і, як вярхі каласкоў, зразаюцца.
Узьняліся троху, — і няма іх; павалены, як усе іншае, іх зьбіраюць і, як вярхі каласоў, сьцінаюць.
Калі гэта ня так, — хто выкрые мяне за ману і ў нівеч аберне словы мае?
А калі ня так? Хто імне давядзець ману і ў нішто аберне мову маю?»