Ёва 27 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І гаварыў далей Ёў сваё ўзьнёслае слова і сказаў:
 
І ўзноў рабіў Ёў свае адумысловае прыраўнаньне, і сказаў:

жывы Бог, Які пазбавіў мяне суду, і Ўсемагутны, Які засмуціў душу маю,
 
«Жыў Бог, што адвярнуў суд мой, і Ўсемагучы, што зьнемарасьціў душу маю,

што, пакуль яшчэ дыханьне маё ўва мне і дух Божы ў ноздрах маіх,
 
Што, пакуль яшчэ дых мой у імне, і дух Божы ў ноздрах маіх,

ня скажуць вусны мае няпраўды, і язык мой ня вымавіць ілжы!
 
Ня будуць гукаць вусны мае несправядлівасьці, і язык мой ня выдумае маны!

Я далёкі ад таго, каб прызнаць вас справядлівымі; пакуль не памру, не саступлю беззаганнасьці маёй.
 
Далёка я ад тога, каб прызнаць вас за справядлівых; пакуль не сканаю, не адракуся ад беззаганнасьці свае.

Моцна трымаў я праўду маю і ня ўпушчу яе; не папракне мяне сэрца маё праз усе дні мае.
 
Моцна дзяржаў я справядлівасьць сваю і ня скволю яе; ня ўпікнець імне сэрца мае ўсі дні мае.

Вораг мой будзе, як бязбожнік, і паўсталы супроць мяне, як беззаконьнік.
 
Хай непрыяцель мой будзе, як нягоднік, і паўстаючы на мяне, як несправядлівы;

Бо якая надзея крывадушніку, калі возьме, калі вырве Бог душу ягоную?
 
Бо што за надзея падлыжніку, як будзе ён адцяты, як Бог возьме душу ягоную?

Ці пачуе Бог лямант ягоны, калі прыйдзе на яго бяда?
 
Ці галашэньне ягонае пачуе Бог, як прыйдзе на яго бяда?

Ці будзе ён суцяшацца Ўсемагутным і заклікаць Бога ў любы час?
 
Ці будзе мець пацеху ў Усемагучым? ці будзе гукаць Бога ў кажным часе?

Абвяшчу вам, што ў руцэ Божай; што ва Ўсемагутнага, ня ўтою.
 
Наўчу вас, што ў руццэ Божай; што ў Усемагучага, не схаваю.

Вось, усе вы і самыя бачылі; і навошта вы столькі пустасловіце?
 
Вось, усі вы сузіралі самы; дык нашто вам марнасьцяй марнавацца?

Вось доля чалавеку беззаконнаму ад Бога, і спадчына, якую атрымліваюць ад Усеўладнага прыгнятальнікі.
 
Гэта дзель нягодніку ад БОГА, і спадак, што ўцісканьнікі ад Усемагучага возьмуць.

Калі памнажаюцца сыны ягоныя, дык пад меч; і нашчадкі яго не насыцяцца хлебам.
 
Калі памножацца сыны ягоныя, то пад меч; і патомкі ягоныя не насыцяцца хлебам.

Тых, што засталіся пасьля яго, сьмерць зьвядзе ў магілу, і ўдовы іхнія ня будуць плакаць.
 
Засталых па ім сьмерць зьвядзець да гробу, і ўдовы іх ня будуць плакаць.

Калі ён набярэ кучы срэбра, як пылу, і нарыхтуе вопраткі, як гразі,
 
Хоць ён назьбірае срэбра, як пылу, і на спраўляе адзецьця, як гліны;

дык ён нарыхтуе, а апранацца будзе праведнік, і срэбра атрымае сабе ў долю беспахібнік.
 
Дык ён наспраўляе, але адзявацца будзе справядлівы, і срэбра падзеле нявінны.

Ён будуе, як моль, дом свой і, як вартаўнік, робіць сабе будан;
 
Як павучыньне, дом, што ён станове, як буда, якую вартаўнік робе.

кладзецца спаць багатым і такім не ўстае; расплюшчвае вочы свае, і ён ужо ня той.
 
Кладзецца спаць багатыром, а гэткім ня ўстане; адчыне вочы, і ён ужо ня тый.

Як воды, спасьцігнуць яго жахі; уначы падхопіць яго бура.
 
Як воды, стрэнуць яго жахі; ночы ўхопе яго віхор.

Падыме яго ўсходні вецер і панясе, і ён порстка пабяжыць ад яго.
 
Падыйме яго вецер усходні, і ён пойдзе, і зь месца ягонага абура яго.

Памкнецца на яго і не пашкадуе, як бы ён ні высільваўся, каб уцячы ад рукі ягонай.
 
Пусьце на яго, і не пажалее; ад рукі Ягонае ён уцякае стрым галаву.

Пляснуць па ім рукамі і пасьвішчуць над ім зь месца ягонага!
 
Плясьне сваімі рукамі па ім, і засьвішча па ім зь месца свайго!