Ёва 33 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Дык вось, слухай, Ёў, словы мае і ўважай усім словам маім.
Слухай, адылі, калі ласка, Ёве, мову маю і на ўсю гутарку маю ўважай.
Вось, я адкрываю вусны мае, язык мой гаворыць у гартані маёй.
Вось жа, я адчыніў вусны свае; язык мой гукае ў паднябеньню маім.
Словы мае ад шчырасьці майго сэрца, і вусны мае вымавяць веданьне чыстае.
Словы мае ад шчырасьці сэрца майго, і веданьне вусны мае ясна вымаўляюць.
Дух Божы стварыў мяне, і дыханьне Ўсеўладнага дало мне жыцьцё.
Дух Божы ўчыніў мяне, і дых Усемагучага ажывіў мяне.
Калі можаш, адказвай мне і стань перад мною.
Калі можаш, адказуй імне, прыгатуйся перад імною і стань.
Вось я, па жаданьні тваім, замест Бога. Я створаны таксама з гразі;
Вось я, бы вусны твае перад Богам; з гліны ўхармаваны я.
таму страх перад мною ня можа зьбянтэжыць мяне, і рука мая ня будзе цяжкая табе.
Вось, страх мой хай не палохае цябе, даланя мая на табе хай ня будзе цяжкая.
Ты гаварыў у вушы мае, і я чуў гук слоў:
Але, ты гукаў у вушы мае, і голас словаў тваіх я чуў.
«чысты я, без пахібы, нявінны я і няма ўва мне няпраўды;
Ты кажаш: "Я чысты, бяз выступу, нявінны я, і няма бяспраўя ў імне.
а Ён знайшоў абвінавачаньне супроць мяне і лічыць мяне Сваім супраціўцам;
Вось, Ён знаходзе прычыны непрыязьньства да мяне, Ён мае мяне за непрыяцеля Свайго.
закаваў ногі мае ў калодкі, сочыць за ўсімі шляхамі маімі».
Пастанавіў у калодкі ногі мае, цікуе на ўсі сьцежкі мае".
Вось у гэтым няпраўда твая, адказваю табе, таму што Бог вышэйшы за чалавека.
Во ў гэтым не твая праўда, я адказую табе, бо Бог большы за людзіну.
Навошта табе спаборнічаць зь Ім? Ён не адказвае ні за якія дзеі Свае.
Чаму ты сьперачаешся зь Ім, што Ён не здаець табе лічбы з усіх справаў Сваіх?
Бог гаворыць адзін раз, і калі таго не заўважаць, другі раз:
Бо Бог гукае адным парадкам і другім, ня цяміцца гэта:
у сьне, у начных відзежах, калі сон находзіць на людзей, у час дрымоты на ложку.
У сьне, у ночнай відзені, як нападае глыбокі сон на людзёў, як яны дрэмяць на ложках, —
Тады ён адкрывае ў чалавека вуха і ўкладвае Сваё настаўленьне,
Тады Ён адкрывае вушы людзкія і пячатавае навуку, даную ім,
каб адвесьці чалавека ад якой-небудзь задумы і адвесьці ад яго пыху,
Каб адвярнуць чалавека ад учынку, і гордасьць ад чалавека Ён хавае,
каб адвесьці душу ягоную ад прорвы і жыцьцё ягонае ад паразы мечам.
Ён узьдзержуе душу ягоную ад загубы й жыцьцё ягонае ад зьнішчэньня мячом.
Альбо ён наводзіцца на розум хваробаю на ложку сваім і моцным болем ва ўсіх касьцях сваіх, —
І навучае болям на ягоным ложку і болям у ягоных касьцёх, —
і жыцьцё ягонае адварочваецца ад хлеба і душа ягоная ад смачнай яму ежы.
І жыцьцё ягонае збрыдзе хлеб, і душа ягоная ласую ежу.
Плоць на ім прападае, так што яе ня відаць, і паказваюцца косьці ягоныя, якіх ня было відаць.
Чэзьне цела ягонае, ажно яго ня відаць, і адкрываюцца косьці ягоныя, каторыя ня былі відаць.
І душа ягоная набліжаецца да магілы і жыцьцё ягонае — да сьмерці.
І бліжыцца да ямы душа ягоная, і жыцьцё ягонае — да забіўцаў.
Калі ёсьць у яго анёл-настаўнік адзін з тысячы, каб паказаць чалавеку простую дарогу ягоную, —
Калі будзе ў яго Ангіл-прычынца, адзін із тысяча, азнайміць людзіне пасьцівасьць ейную;
Бог умілажаліцца зь яго і скажа: вызвалі яго ад магілы; Я знайшоў умілажаленьне.
І ён міласэрны да яго, і скажа: "Вывальні яго ад зыходу да долу; Я знайшоў выкуп".
Тады цела ягонае зробіцца сьвяжэйшае, чым у маладосьці; ён вернецца ў дні маладосьці сваёй.
Сьвежшае за дзяцюцкае стане цела ягонае, ён зьвернецца да дзён маладосьці свае.
Будзе маліцца Богу, і Ён — літасьцівы да яго; з радасьцю глядзіць на твар ягоны і вяртае чалавеку праведнасьць ягоную.
Моле Бога, і Ён прыйме яго, і Ён абача від ягоны з гуканьням, Ён зьверне людзіне справядлівасьць яе.
Ён будзе глядзець на людзей і казаць: «грашыў я і перакручваў праўду, і не адплачана мне;
І ён будзе глядзець на людзёў, і скажа: "Ізграшыў я, і скрывіў простае, і бескарысна было імне".
Ён вызваліў душу маю ад магілы, і жыцьцё маё бачыць сьвятло».
Ён вывальне душу ягоную ад зыходу да долу, і жыцьцё ягонае будзе аглядаць сьвятліню.
Вось, усё гэта робіць Бог два-тры разы з чалавекам,
Вось, усе гэта робе Бог разы два, тры з мужчынам.
каб адвесьці душу ягоную ад магілы і прасьвятліць яго сьвятлом жывых.
Каб адвярнуць душу ягоную ад долу, каб ён сьвяціў у сьвятліні жыцьця.
Уважай, Ёве, слухай мяне, маўчы, і я буду гаварыць.
Уважай, Ёве, слухай мяне, маўчы, і я буду гукаць.
Калі маеш сказаць што, адказвай; кажы, бо Я хацеў бы твайго апраўданьня;
Калі маеш што сказаць, адказаць імне, кажы, бо я зычу апраўленьня твайго.
а калі не, дык слухай мяне, і я навучу цябе мудрасьці.
Калі не; ты слухай мяне, маўчы, а я наўчу цябя мудрасьці».