Сафона 1 разьдзел
Кніга прарока Сафона
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Слова Гасподняе, якое было Сафону, сыну Хусіі, сыну Гадаліі, сыну Амарыі, сыну Эзэкіі, у дні Ісаі, сына Амонавага, сына Юдавага.
Слова СПАДАРОВА, што было да Сохоні, сына Хусі, сына Ґедалі, сына Аморы Гэзэчонка за дзён Ёсі Амонёнка, караля Юдэйскага.
Усё зьнішчу з аблічча зямлі, — кажа Гасподзь:
«Супоўна зьнішчу ўсе зь віду зямлі, — агалашае СПАДАР: —
зьнішчу людзей і быдла, зьнішчу птушак нябесных і рыб марскіх, і спакусы разам зь бязбожнымі; зьнішчу людзей з улоньня зямлі, кажа Гасподзь.
Зьнішчу людзіну й статак; зьнішчу птушкі нябёсныя і рыбу морскую, і спадманы нягоднікаў; і адатну чалавека ізь зямлі, — агалашае СПАДАР.
І працягну руку Маю на Юдэю і на ўсіх жыхароў Ерусаліма: зьнішчу зь месца гэтага рэшткі Ваала, імя жрацоў са сьвятарамі,
І выцягну руку Сваю на Юдэю і на ўсіх жыхараў Ерузаліму; і адатну з гэтага месца астачу Ваала, і імя службітоў балвановых ізь сьвятарамі,
і тых, якія на дахах пакланяюцца воінству нябеснаму, і тых паклонцаў, якія запрысягаюцца Госпадам і запрысягаюцца царом сваім,
І тых, што кланяюцца на стрэхах войску нябёснаму, і тых, што кланяюцца і што прысягаюць СПАДАРОМ, і што прысягаюць каралём сваім,
і тых, якія адступіліся ад Госпада, ня шукалі Госпада і ня пыталіся пра Яго.
І тых, што адвярнуліся ад СПАДАРА, і тых, што ня гукалі СПАДАРА ані пыталіся празь Яго».
Змоўкні перад абліччам Госпада! бо блізкі дзень Госпада: ужо падрыхтаваў Гасподзь ахвярны закол, назначыў, каго паклікаць.
Змоўкні ў прытомнасьці Спадара СПАДАРА, бо блізка дзень СПАДАРОЎ, бо прыгатаваў СПАДАР аброк, пасьвяціў пазваных сваіх.
І будзе ў дзень ахвяры Гасподняй: Я наведаю князёў і сыноў цара і ўсіх, хто апранаецца ў вопратку іншапляменцаў;
І станецца ў дзень аброку СПАДАРОВАГА: «Я даведаюся да князёў а да сыноў каралеўскіх а да таковых, што адзяюцца ў вадзецьце чужаземскае;
наведаю ў той дзень усіх, якія пераскокваюць цераз парог, якія дом Госпада свайго напаўняюць гвалтам і ашуканствам.
Таго самага дня даведаюся да ўсіх тых, што скачуць пераз парог, што напаўняюць дамы гаспадара свайго ўсілствам а ашукаю.
І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь, лямант каля брамаў рыбных і галашэньне каля іншых брамаў і вялікае разбурэньне на пагорках.
І станецца таго дня, — агалашае СПАДАР, — гук галашэньня ад Рыбнае брамы, і вык ад другое, і вялікі грукат ад узгоркаў.
Галасеце, жыхары ніжняга горада, бо зьнікне ўвесь гандлёвы люд, і вынішчаны будуць абцяжаныя срэбрам.
Выйце, жыхары Мактэшу, бо ўвесь канаанскі люд будзе сьцяты, усі абешаныя срэбрам выгублены.
І будзе ў той час: Я са сьвяцільняю агледжу Ерусалім і пакараю тых, якія сядзяць на дрожджах сваіх і кажуць у сэрцы сваім: «ня робіць Гасподзь ні дабра ні ліха», —
І станецца ў тым часе, што Я ізь сьвечкамі прасачу Ерузалім і даведаюся да людзёў, што ськісьлі на бузе сваёй, што кажуць у сэрцу сваім: "СПАДАР ня робе ані дабра, ані ліха".
і абернуцца багацьці іхнія здабычаю і дамы іхнія — запусьценьнем: яны пабудуюць дамы, а жыць у іх ня будуць; насадзяць вінаграднікі, а віна зь іх ня піцьмуць.
І маемасьць іхная стане здабыткам, а дамы іхныя — спусьценьням; пастановяць дамы, але ня будуць жыць у іх; і пасадзяць вінішчы, але ня будуць піць віна зь іх».
Блізкі вялікі дзень Госпада, блізкі — і вельмі сьпяшаецца: ужо чуцен голас дня Гасподняга. Горка заенчыць тады і самы адважны!
Блізка вялікі дзень СПАДАРОЎ, блізка й вельма барзьдзіць; чуваць голас дня СПАДАРОВАГА; дужасіл там горка загалосе.
Дзень гневу — дзень гэты, дзень скрухі і ўціску, дзень спусташэньня і плягі, дзень цемры і змроку, дзень воблака і мглы,
Дзень гневу дзень тый, дзень немарасьці а гароты, дзень выгубленьня а спустошаньня, дзень болак а туману,
дзень трубы і ваяўнічага крыку супроць умацаваных гарадоў і высокіх вежаў.
Дзень трубы а гуку на ўмацаваных местах а на высокіх вежах.
І Я ўцісну людзей, і яны будуць хадзіць, як сьляпыя, бо яны зграшылі супроць Госпада, і раскідана будзе кроў іхняя, як тло, і плоць іхняя — як памёт.
І прывяду гароту на людзёў, і яны будуць хадзіць, як нявісныя, бо яны ізграшылі супроці СПАДАРА; і кроў іхная будзе выліта, як пыл, і цела іхнае, як гной.
Ні срэбра іхняе, ні золата іхняе ня зможа выратаваць іх у дзень Госпада, і агнём палкасьці Ягонай зжэртая будзе ўся гэта зямля, бо вынішчэньне, раптоўнае, зьдзейсьніць Ён над усімі жыхарамі зямлі.
Ані срэбра іхнае, ані золата іхнае ня зможа вывальніць іх у дзень гневу СПАДАРОВАГА, але агнём завісьці Ягонае пажэрта будзе ўся зямля, бо канец, ды борзды, зробе ўсім жыхарам гэтае зямлі.