Эклезіяста 1 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Слова Эклезіяста, сына Давідавага, цара ў Ерусаліме.
 
Словы Казаньніка, сына Давідавага, караля ў Ерузаліме.

Пустая марнасьць сказаў Эклезіяст, пустая марнасьць, — усё марнасьць!
 
Марнасьць марнасьцяў, сказаў Казаньнік, марнасьць марнасьцяў, усе марнасьць.

Якая карысьць чалавеку ад усёй працы ягонай, якую ён робіць пад сонцам?
 
Якая перавага чалавеку з усяе гарапашнасьці ягонае, што ён гарапашнічае пад сонцам?

Пакаленьне прыходзіць, і пакаленьне праходзіць, а зямля векавечна стаіць.
 
Пакаленьне адыходзе, і пакаленьне прыходзе, але зямля трывае на векі.

Сонца ўзыходзіць, і сонца заходзіць і сьпяшаецца ў месца сваё, дзе ўстае.
 
Таксама сонца ўзыходзе, і сонца заходзе, і сьпяшаецца да месца свайго, ідзе яно ўзышло.

Вее вецер на поўдзень і на поўнач вяртаецца, віруе, віхурыцца веючы, і на шлях віраваньня вяртаецца вецер.
 
Вецер вее на паўдня і кружыняе на поўнач, кружыняе, кружыняе, дзьмець і на кругі свае зварачаецца вецер.

Рэкі ўсе ў мора плывуць, а мора не перапаўняецца; да месца таго, адкуль рэкі плывуць, вяртаюцца зноў, каб далей пацячы.
 
Усі рэкі цякуць у мора, мора, адылі, ня поўнае; да тога месца, скуль рэкі цякуць, яны зварачаюцца.

Усё існае — поўніцца працай; ня можа ўсяго чалавек пакласьці на словы: не насыціцца бачаньнем вока; не напоўніцца слуханьнем вуха.
 
Усі рэчы поўныя працы; ня можа людзіна выказаць; не насыціцца вока глядзеньням, ані вуха напоўніцца слуханьням.

Што было, тое і будзе; што рабілася, тое й рабіцьмецца, і нічога новага пад сонцам няма.
 
Што было, тое й будзе; і што дзеялася, тое й будзе дзеяцца; і няма нічога новага пад сонцам.

Бывае такое, пра што людзі кажуць: «Дзівіся, вось гэта новае»; але яно ўжо было спрадвеку, да нас.
 
Бывае штось, праз што кажуць: «Глянь гэта навіна»; але было яно ўжо ад веку, што быў перад намі.

Няма памяці пра былое; ды і пра тое, што будзе, не застанецца згадкі між тымі, што прыйдуць пасьля.
 
Няма памяці пярэдняга, дый апошнія, што будуць, не застануцца ў памяці тых, што прыйдуць наапошку.

Я, Эклезіяст, быў царом над Ізраілем у Ерусаліме.
 
Я, Казаньнік, быў каралём над Ізраелям у Ерузаліме.

І паклаў я на сэрца помысел мой, каб шукаць і дасьледаваць мудрасьцю ўсё, што пад небам робіцца: гэты прыкры занятак даў Бог сынам чалавечым, каб кіраваліся ім.
 
І я наважыў у сэрцу сваім сачыць а скумаць розумам усе, што дзеецца пад нябёсамі. Гэты цяжкі занятак даў Бог сыном людзкім, каб мучылі сябе ім.

Я ўсе дзеі пабачыў, якія пад сонцам чыняцца, і вось, усё — марнасьць і пагоня за ветрам!
 
Бачыў я ўсі справы, якія робяць пад сонцам: і вось, усе — марнасьць а тамаваньне духа.

Крывое ня выпрастаецца, і чаго няма, таго нельга зьлічыць.
 
Скрыўленага нельга выпрастаць, і нестаючага нельга лічыць.

Гаварыў я з сэрцам маім і сказаў: вось, узьвялічыўся я і здабыў мудрасьці болей за ўсіх, што былі да мяне над Ерусалімам, і сэрца маё шмат нагледзела мудрасьці ўсякай і ведаў.
 
Мужаваў я із сэрцам сваім, кажучы: «Я, гля, я ўзьвялічыўся а прыдбаў болей мудрасьці, чымся ўсі, што былі перад імною ў Ерузаліме, і сэрца мае бачыла шмат мудрасьці а веды».

І паклаў я на сэрца помысел мой, каб мудрасьць уведаць, спасьцігнуць шаленства і неразумнасьць; спазнаў, што і гэта — пагоня за ветрам.
 
І я даў сэрцу свайму пазнаць мудрасьць а веду, шал а дурноту; і я ведаю, што таксама гэта немарасьць духа;

Бо пры многасьці мудрасьці множыцца й скруха; і хто памнажае спазнаньне, той памнажае і боль.
 
Бо ў шмат мудрасьці, шмат і гневу, і хто павялічае веду, павялічае боль.