Эклезіяста 7 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Імя добрае лепш за масьць дарагую, а дзень сьмерці — за дзень нараджэньня.
 
Валей добрае імя, чымся добрая масьць, і дзень сьмерці, чымся дзень нараджэньня.

Лепей хадзіць у дом жалобы па мёртвым, чым у харомы банкету; бо такі ёсьць канец усякаму чалавеку, і жывы бярэ гэта да сэрца свайго.
 
Валей хадзіць да дому жалобы, чымся да дому чэсьці, бо там канец кажнага чалавека, і жывы возьме гэта да сэрца свайго.

Смутак лепшы за сьмех; таму што пры смутку асобы сэрца робіцца лепш.
 
Валей немарасьць, чымся сьмех, бо ад марнасьці віду лепшае сэрца.

Сэрца мудрых — у доме плачу, а сэрца бязглуздых — у доме вясёлым.
 
Сэрца мудрых у доме жалобы, а сэрца неразумных у доме радасьці.

Лепей слухаць дакоры ад мудрага, чым слухаць пахвалы ад неразумных;
 
Валей чалавеку слухаць упікі мудрага, чымся чалавеку слухаць песьню неразумных;

бо сьмех неразумных ёсьць тое, што й трэск сухога ядлоўцу пад горшчыкам. І гэта — марнасьць!
 
Бо як трэск церняў пад гаршком, так сьмех неразумнага. І таксама гэта марнасьць.

Уціскаючы іншых, разумны дурнее, і хабар сэрца псуе.
 
Уціск напэўна дурніць мудрага, і падарак губе сэрца.

Канец працы лепшы за пачатак яе; цярплівы лепшы за пыхлівага.
 
Валей канец рэчы, чымся пачатак яе; цярплівы духам лелшы за гордага духам.

Не сьпяшайся да гневу духам тваім, бо гняздуецца гнеў у сэрцы бязглуздых.
 
Не сьпяшайся ў духу сваім гневацца, бо гнеў у грудзёх неразумных супачывае.

Не кажы: «чаму гэта колісь было лепей, чым сёньня?» — не зь вялікага розуму ты папытаўся пра гэта.
 
Не кажы: «Чаму гэта пярэднія дні лепшыя за гэтыя?» бо ня з мудрасьці ты пытаешся праз гэта.

Добрая мудрасьць — як і добрая спадчына, асабліва ж бо тым, што сонца бачаць:
 
Мудрасьць добрая із спадкам, але карысьнейшая тым, што бачаць сонца;

бо пад шатамі мудрасьці, як пад шатамі срэбра; а перавага пазнаньня ў тым, што мудрасьць жыцьцё зьберагае таму, хто яе мае.
 
Бо мудрасьць абарона, срэбра абарона, але пераваге веды ў тым, што мудрасьць даець жыцьцё тым, хто мае яе.

Прыгледзься да дзеяў Божых: хто можа выправіць тое, што Ён зрабіў крывым.
 
Глядзі на дзела Божае, бо хто можа выпрастаць, што Ён скрывіў?

У добрыя дні карыстайся з дабротаў, а ў ліхія дні разважай: і тое і іншае стварыў Бог, каб ня мог чалавек нічога сказаць пасьля сябе.
 
У дзень добры карыстай з дабра, але ў дзень няшчасьця зважай: адно супроці другога ўладзіў Бог; бо ня знойдзе чалавек просьле сябе нічога.

Нагледзеўся я ў дні марноты сваёй усялякага ўдосыць: справядлівы гіне ў сваёй справядлівасьці; бязбожны доўга жыве ў бязбожнасьці сваёй.
 
Усяго нагледзеўся я ў дні марнасьці свае: бывае справядлівы гіне ў справядлівасьці сваёй, і нягодны далей жывець у нягоднасьці сваёй.

Ня будзь лішне строгі, і не выстаўляйся залішне мудрым; навошта табе нішчыць сябе?
 
Ня будзь лішне справядлівы і ня мудрагель лішне: нашто табе нішчыць самога сябе?

Не ўпадай у грахі і ня будзь шалёны; навошта табе паміраць заўчасна?
 
Ня будзь лішне нягодны і ня будзь дурны: нашто табе паміраць не ўпару?

Добра, калі трымацьмешся толькі аднога і не адымеш рукі ад другога; бо хто богабаязны, той пазьбегне ўсяго благога.
 
Добра, каб ты дзяржаўся гэтага і таксама з гэтага ня здыймай рукі свае, бо хто баіцца Бога, пройдзе ўсе.

Мудрасьць робіць мудрага мацнейшым за дзесяць уладароў, якія ў горадзе.
 
Мудрасьць мацуе мудрага болей, як дзесяцёх валадароў, што былі ў месьце;

Няма чалавека справядлівага на зямлі, які рабіў бы дабро і не грашыў;
 
Бо няма чалавека, нават справядлівага, на зямлі, што рабіў бы дабро й не грашыў;

таму не на ўсякае сказанае слова зважай, каб не пачуць табе, як твой раб цябе ганіць.
 
Затым не на ўсі словы, што кажуць, зварачай увагу, каб ня чуць табе слугі свайго, што клінець цябе;

Бо многа выпадкаў ведае сэрца тваё, калі сам ты ганіў іншых.
 
Бо сэрца твае дазнала шмат разоў, што й сам ты кляў іншых.

Я ўсё гэта мудрасьцю выпрабаваў; я сказаў: «буду я мудры»; але мудрасьць далёка ад мяне.
 
Усе спрабаваў я мудрасьцю; я сказаў: «Я буду мудры», але яна далёка ад мяне.

Далёка тое, што ёсьць, і глыбока-глыбока: хто дастане яго?
 
Далёка тое, што было, і глыбака, глыбака: хто можа знайсьці яго?

І паклаў я на сэрца помысел мой, каб дазнацца, дасьледаваць, і знайсьці мудрасьць і розум, і каб ведаць бязбожнасьць дурноты, невуцтва і шаленства.
 
Зьвярнуўся я із сэрцам сваім, каб пазнаць а скумаць а вышукаць мудрасьць а вылічэньне, і пазнаць нягоднасьць дураты а дурноту шалу.

І знайшоў я, што горш за сьмерць жанчына, таму што яна — сетка, і сэрца ў яе — пастка, рукі ў яе — кайданы; любасны Богу ўратуецца ад яе, а грэшніка схопіць яна.
 
І знаходжу я, што гарчэйшая за сьмерць жонка, каторай сэрца пасадкі а сеткі, рукі ейныя, як зялезьзе; каторага падабае Бог, тый уцячэць ад яе, але грэшніка ўхопе яна.

Вось гэта знайшоў я, сказаў Эклезіяст, выпрабоўваючы адно за адным.
 
Гля, гэта знайшоў я, сказаў Казаньнік: кідаючы адно да аднаго, каб знайсьці лічбу,

Чаго яшчэ шукала душа мая, і я не знайшоў? Мужчыну аднаго з тысячы я знайшоў, а жанчыны сярод іх усіх не знайшоў.
 
Каторай яшчэ шукала душа мая, але я не знаходзіў: аднаго мужчыну сярод тысяча я знайшоў; але жонкі сярод усіх іх я не знайшоў.

Толькі гэта знайшоў я, што Бог стварыў чалавека праведнага, а людзі кінуліся ў вымудры ўсякія.
 
Гля, гэта толькі я знайшоў, што Бог учыніў чалавека пасьцівым, але яны вынайшлі шмат вынаходаў.