Эклезіяста 4 разьдзел
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І прыгледзеўся зноў я, і ўгледзеў уціскі ўсялякія, што пад сонцам здараюцца: і вось сьлёзы прыгнечаных, а суцешніка ў іх няма; і ў руцэ ў прыгнятальнікаў іхніх — сіла, а суцешніка ў іх няма.
Ізноў я зьвярнуўся й разважаў усі ўціскі, што бываюць пад сонцам: і во сьлёзы ўцісканых, і няма ў іх пацяшыцеля; і на баку ўцісканьнікаў іхных сіла, і няма ў іх пацяшыцеля.
І прызнаў я шчасьлівымі мёртвых, якія памерлі даўно, больш, чым жывых, што дагэтуль жывуць;
І пахваліў я памерлых, што даўно памерлі, больш за жывых, што яшчэ жывуць;
а шчасьлівейшы той за абодвух, хто яшчэ не радзіўся, хто ня бачыў яшчэ ліхадзействаў, якія пад сонцам вядуцца.
Але ляпей за гэтых двух таму, хто яшчэ ня быў, хто ня бачыў благое дзейнасьці, што дзеюць пад сонцам.
І зноў я пабачыў, што ўсякая праца і посьпех усякі ў справах узаемную зайздрасьць паміж людзьмі спрычыняюць. І гэта — марнасьць і пагоня за ветрам!
Ізноў я разважаў усі натугі і ўсі ўменьні, што дзеля гэтага людзіна завідуе прыяцелю свайму. Гэта таксама марнасьць а немарасьць духа.
Неразумны сядзіць, склаўшы рукі свае, і жарэ сваё цела.
Дурны шчапляе рукі свае і зьядае цела свае.
Лепей жменя спакою за поўныя прыгаршчы клопату і пагоню за ветрам.
Валей жменя пацехі, як прыгоршчы натугі а немарасьці духа.
І зірнуў я, і зноў убачыў марнасьць пад сонцам:
І я зьвярнуўся, і бачыў марнасьці пад сонцам:
самотнік, і ня мае нікога ён іншага: ні сына, ні брата няма ў яго; і ня мае канца ён турботам сваім, і не насыціцца вока яго багацьцем. «На каго ж я працую, і даброцяў душу сваю пазбаўляю?» І гэта — марнасьць і прапалая справа!
Ё адзін, і няма другога, ані сына, ані брата няма ў яго; прымеж тога няма канца ўсёй натузе ягонай, і вока ягонае не насыціцца багацьцям. «На каго ж я натужуюся і спабываю душу сваю дабра?» Гэта таксама марнасьць; і благая дзейнасьць гэта.
Дваім лепей, чым аднаму, бо ёсьць ім добрая дзяка за іхнюю працу.
Двум ляпей, чымся аднаму, бо яны маюць добрую надгароду за натугу сваю;
Бо, як адзін упадзе, падыме другі свайго сябра! Але гора таму, хто адзін упадзе, а другога няма, хто падняў бы яго.
Бо калі яны паваляцца, то адзін падыйме сябру свайго. Але бяда аднаму, як ён паваліцца, бо няма другога падняць яго.
Гэтак сама, як двое ляжаць, дык ім цёпла; а дзе аднаму прыгрэцца?
Таксама, як лягуць два, дык цёпла ім; а аднаму як угрэцца?
І калі б хто напаў на другога, дык выстаяць двое супраць таго. І нітка, ссуканая з трох, ня скора парвецца.
І калі хтось дужае яго, два супроцьставяцца яму. І павароз у тры столкі ня борзда парвецца.
Лепей бедны, ды разумны хлапчына, чым стары, ды неразумны цар, які рады ня слухае.
Валей беднае, але мудрае дзяцё, чымся стары, але неразумны кароль, каторы ня можа быць жураны.
Бо той зь вязьніцы выйдзе на царства, хто нарадзіўся ў царстве сваім бедным.
Бо іншы зь вязьніцы выходзе караляваць, прымеж тога тый, што радзіўся ў каралеўстве сваім, бяднее.
Бачыў я ўсіх жывых, што ходзяць пад сонцам, з гэтым другім юнаком, які зойме месца таго.
Я бачыў усіх жывучых, што ходзяць пад сонцам ізь дзяцём — другім, што стане на месцу ягоным.
Ня было ліку ўсяму люду, які быў перад ім, хоць і наступныя радасьці ў ім ня мецьмуць. І гэта — марнасьць і пагоня за ветрам!
Няма канца ўсяго люду, усяго, што быў перад ім, таксама й апошнія не пацешацца зь яго. Напэўна й гэта марнасьць а немарасьць духа.
Сачы за нагою тваёю, калі ідзеш у дом Божы, і будзь гатовы больш слухаць, чым ахвяры прыносіць; ня думаюць бо яны, што благое ўчыняюць.
Уважай на нагу сваю, як пойдзеш да дому Божага, і будзь гатоўшы слухаць, чымся даваць аброк дурных, бо яны ня ведаюць, што блага робяць.