1 І прыгледзеўся зноў я, і ўгледзеў уціскі ўсялякія, што пад сонцам здараюцца: і вось сьлёзы прыгнечаных, а суцешніка ў іх няма; і ў руцэ ў прыгнятальнікаў іхніх — сіла, а суцешніка ў іх няма.
2 І прызнаў я шчасьлівымі мёртвых, якія памерлі даўно, больш, чым жывых, што дагэтуль жывуць;
3 а шчасьлівейшы той за абодвух, хто яшчэ не радзіўся, хто ня бачыў яшчэ ліхадзействаў, якія пад сонцам вядуцца.
4 І зноў я пабачыў, што ўсякая праца і посьпех усякі ў справах узаемную зайздрасьць паміж людзьмі спрычыняюць. І гэта — марнасьць і пагоня за ветрам!
5 Неразумны сядзіць, склаўшы рукі свае, і жарэ сваё цела.
6 Лепей жменя спакою за поўныя прыгаршчы клопату і пагоню за ветрам.
7 І зірнуў я, і зноў убачыў марнасьць пад сонцам:
8 самотнік, і ня мае нікога ён іншага: ні сына, ні брата няма ў яго; і ня мае канца ён турботам сваім, і не насыціцца вока яго багацьцем. «На каго ж я працую, і даброцяў душу сваю пазбаўляю?» І гэта — марнасьць і прапалая справа!
9 Дваім лепей, чым аднаму, бо ёсьць ім добрая дзяка за іхнюю працу.
10 Бо, як адзін упадзе, падыме другі свайго сябра! Але гора таму, хто адзін упадзе, а другога няма, хто падняў бы яго.
11 Гэтак сама, як двое ляжаць, дык ім цёпла; а дзе аднаму прыгрэцца?
12 І калі б хто напаў на другога, дык выстаяць двое супраць таго. І нітка, ссуканая з трох, ня скора парвецца.
13 Лепей бедны, ды разумны хлапчына, чым стары, ды неразумны цар, які рады ня слухае.
14 Бо той зь вязьніцы выйдзе на царства, хто нарадзіўся ў царстве сваім бедным.
15 Бачыў я ўсіх жывых, што ходзяць пад сонцам, з гэтым другім юнаком, які зойме месца таго.
16 Ня было ліку ўсяму люду, які быў перад ім, хоць і наступныя радасьці ў ім ня мецьмуць. І гэта — марнасьць і пагоня за ветрам!
17 Сачы за нагою тваёю, калі ідзеш у дом Божы, і будзь гатовы больш слухаць, чым ахвяры прыносіць; ня думаюць бо яны, што благое ўчыняюць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002