1 Мёртвыя мухі псуюць і смуродзяць пахучую масьць міраварніцы, тое самае робіць малая дурнота шаноўнага чалавека зь яго мудрасьцю й гонарам.
2 Сэрца мудрага — праваруч, а сэрца бязглуздага — леваруч.
3 І па дарозе, калі дурань ідзе, не стае яму глузду, і кожнаму пакажа, што ён дурны.
4 Калі ўспыхне начальніцкі гнеў на цябе, не пакідай свайго месца; бо рахманасьць даводзіць да дараваньня вялікіх правінаў.
5 Ёсьць зло, якое бачыў я пад сонцам, падобнае да памылкі, якая ад валадара паўстала:
6 на вялікіх вышынях, бывае, сядзіць дурнота, а багатыя нізка садзяцца;
7 бачыў я конных рабоў, а князёў, што пеша, нібы рабы, хадзілі.
8 Хто яму капае, той у яе і ўпадзе, і хто разбурае агароджу, таго ўкусіць зьмяя.
9 Хто зносіць каменьне, той можа сябе надсадзіць, і хто коле дровы, той мае пагрозу ад іх.
10 Калі прытупляецца сякера і хтось ляза не навострыць, шмат намогі дадаць давядзецца; перавага плённае дзеі — мудрасьць.
11 Калі гадзіна ўкусіць без заклінаньня, дык ня лепшы за яе і злоязыкі.
12 Слова з вуснаў мудрага — мілата, а вусны дурнога яго ж і нішчаць:
13 пачатак слоў зь яго вуснаў — глупства, а канец яго казані з вуснаў — шаленства.
14 Дурны шмат чаго нагаворыць, хоць ня ведае чалавек, што будзе, і хто скажа яму, што пасьля яго станецца?
15 Праца дурнога стамляе яго, бо ён і ня ведае нават дарогі да горада.
16 Гора табе, зямля, калі цар твой — дзіця і калі ўладыкі твае ядуць рана!
17 Шчасьце табе, зямля, калі цар твой з высокага роду і ўладыкі твае ядуць у назначаны час, каб мацавацца, а не разьядацца!
18 Ад гультайства і столь прасядае; і як апусьцяцца рукі, дык дом пацячэ.
19 Гасьціны спраўляюць для асалоды, і віно зьвесяляе жыцьцё; а за ўсё адказвае срэбра.
20 Нават і ў думках тваіх не ліхаслові цара, і ў спальні тваёй не ліхаслові багатага; бо і птушка нябесная можа словы твае перанесьці, а крылатая — казань тваю пераказаць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка, 10 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002