Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіяста 10 Эклезіяста 10 разьдзел

1 Мёртвыя мухі псуюць і нішчаць алеек у слоіку. Малая безразважнасць больш важыць за мудрасць і славу.
2 Сэрца мудрага [звяртаецца] у правы бок, а сэрца неразумнага — у левы.
3 Нават ідучы дарогаю, дурань, паколькі ён безразважны, кожнаму паказвае, што ен дурны.
4 Калі гнеў таго, хто мае ўладу, узгарыцца супраць цябе, не пакідай свайго месца, бо захаванне супакою спыніць найгоршыя грахі.
5 Ёсць ліха, якое ўбачыў я пад сонцам, гэта быццам бы аблуда, што паходзіць ад начальніка:
6 пастаўлены на высокае становішча неразумны, а багатыя сядзяць нізка.
7 Убачыў слугаў на конях, а князёў, якія ішлі пешшу, быццам слугі.
8 Хто капае дол, той упадзе ў яго, а таго, хто руйнуе мур, укусіць гадзюка.
9 Хто разбівае камяні, будзе скалечаны імі, а хто сячэ дровы, выставіць сябе праз іх на небяспеку.
10 Калі ступіцца сякера і ляза яе не навострыш, больш становіцца працы, але плёнам стараннасці будзе мудрасць.
11 Калі ўкусіць змяя, а замову занядбаюць, то шаптун не будзе мець аніякага плёну.
12 Словы ў вуснах мудрага — ласка, але вусны безразважнага пагубяць яго самога.
13 Пачатак слоў яго — глупства, а канец яго размовы — вялікая бязглуздзіца.
14 Неразумны шмат гаворыць: «Не ведае чалавек, што будзе потым, і, што па ім станецца, хто можа яму паказаць?»
15 Праца неразумных будзе абцяжарваць тых, хто не ведае, як ісці ў горад.
16 Бяда табе, зямля, калі твой цар — юнак і калі твае князі рана частаванне ядуць.
17 Шчасная зямля, у якой цар дастойны, ды ў якой князі банкет ядуць у свой час для сілкавання, а не для раскошы.
18 Праз лянівыя рукі правісне столь, і праз апушчаныя — працячэ дом.
19 Баль ладзяць дзеля забавы, а віно развесяляе жыццё, і грошы даюць усё.
20 У думцы сваёй не зневажай цара, і ў сховах спальні сваёй не праклінай багатага, бо нават птушкі нябесныя занясуць голас твой і хто мае крылы — абвесціць сказанае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Эклезіяста, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017