Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Экклезіяста 10 Кніга Экклезіяста 10 разьдзел

1 Мёртвыя мухі псуюць і робяць сьмярдзючым пахнючы алей: тое самае робіць невялікае глупства паважанага чалавека з ягонай мудрасьцяй і славай.
2 Сэрца мудрага на правым баку, сэрца дурнога — па левым.
3 Нават тады, калі дурны ідзе дарогаю ў яго нестае розуму і ён пакажа кожнаму, што дурны.
4 Калі гнеў пануючага будзе супроць цябе, не пакідай свайго месца, бо пакора хавае і вялікшыя паступкі.
5 Ёсьць зло, якое я бачыў пад сонцам, гэта як-бы памылка, якая паходзіць ад пануючага:
6 Дурныя стаўляюцца высака, а багатыя мудрасьцяй сядаюць нізка.
7 Бачыў я слугаў на канёх, а князёў, ходзячых пехатою, як слугі.
8 Хто капае яму, той упадзе ў яе, а хто раскідывае плот, таго ўкусіць зьмяя.
9 Хто пераносіць каменьні, той параніцца імі, а хто сячэ дровы, той можа быць пашкоджаны імі.
10 Калі прытупіцца сякера і калі лязо ня будзе навострана, дык трэба будзе напружываць сілы. Мудрасьць умее гэта паправіць.
11 Калі зьмяя ўкусіць перад замовай, нічога не памогуць словы замаўляючага.
12 Словы з вуснаў мудрага — дабрадзейныя, а вусны дурнога губяць яго.
13 Пачатак словаў з вуснаў яго — дурнота, а канец словаў яго — шаленства.
14 Дурны гаворыць шмат, хаця чалавек ня ведае, што мае быць. Бо хто-ж скажа яму, што будзе пасьля яго?
15 Праца дурнога мучыць яго, бо ён ня ведае нават дарогі ў места.
16 Гора табе, зямля, калі кароль твой юнак і князі якой раніцою бяседуюць.
17 Добра табе, зямля, калі кароль твой ёсьць сынам паважаных, а князі якой ядуць у адпаведны час, для падмацаваньня, а не абжорства.
18 Ад гультайства асядае столь, а калі апусьцяцца рукі, дык працякае хата.
19 Бяседы робяцца для прыемнасьці і віно весяліць жыцьцё, а за ўсё адказывае серабро.
20 Нават у думках сваіх не гавары благога аб каралі і ў спальным пакоі сваім не гавары блага аб багатым, бо птушка нябесная можа перанесьці слова, а тое, што мае крылы, пераказаць мову тваю.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Экклезіяста, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.