1 На ўсё гэта я скіраваў сэрца маё для выясьненьня, што справядлівыя і мудрыя ўчынкі іх у руцэ Божай і што чалавек ня знае ані любові, ані ненавісьці ў усім тым, што перад ім.
2 Усяму і ўсім адно; адзін удзел справядліваму і бязбожнаму, добраму і чыстаму і нячыстаму, прыносячаму ахвяры і не прыносячаму, добраму і грэшніку, прысягаючаму і таму, хто баіцца прысягі.
3 Гэта і ёсьць блага ў усім, што робіцца пад сонцам, што аднолькавы ўдзел усім і сэрца сыноў чалавечых напоўнена злом і дурнота ў сэрцы іх, падчас іхнага жыцьця, а пасьля таго яны адыходзяць да памершых.
4 Хто яшчэ жыве, таму яшчэ ёсьць надзея, бо-ж і жывому сабаку лепш, чым мёртваму ільву.
5 Жывыя ведаюць, што памруць, а мёртвыя нічога ня ведаюць і ўжо няма ім адплаты, дзеля таго, што і памяць аб іх забылася,
6 і любоў іх і ненавісьць і зайздрасьць іх ужо зьніклі і няма ім больш часткі ні ў чым, што дзеецца пад сонцам.
7 Дык ідзі, еш з вясельлем хлеб твой і пій у радасьці сэрца тваёго віно тваё, калі Бог спрыяе справам тваім.
8 Няхай будуць у кожны час сьветлыя твае вопраткі і няхай заўсёды будзе алей на галаве тваёй.
9 Цешся жыцьцём з жонкай тваёю, якую любіш, у ўсе дні жыцьця твайго, якое даў табе Бог пад сонцам на ўсе дарэмныя дні твае, дзеля таго, што гэта твой удзел у жыцьці і працах тваіх, якія ты выконываеш пад сонцам.
10 Усё, што можа рабіць рука твая, па сілах рабі, бо ў магіле, куды ты пойдзеш няма ні працы, ні раздумываньня, ні веды, ні мудрасьці.
11 І абярнуўся я, і бачыў пад сонцам, што ня хуткія здабываюць бег, не адважныя перамогу, ня мудрыя хлеб і не разумныя багацьце, ані ласку здольныя, але прыносіць час і выпадак.
12 Бо чалавек ня ведае свайго часу. Як рыбы трапляюць у згубную сетку, як птушкі трапляюць у сіло, так ловяцца сыны чалавечыя ў благі час, калі ён нечакана прыходзіць.
13 Вось яшчэ якую мудрасьць бачыў я пад сонцам і яна выдалася мне важкай:
14 малое места і людзей у ім няшмат. Супроць яго выйшаў вялікі кароль і аблажыў яго, і выканаў супроць яго вялікія абложныя працы;
15 але ў ім знайшоўся мудры бядак і ён збавіў места; аднак ніхто не ўспамінаў аб гэтым бедаку.
16 І сказаў я: — мудрасьць лепш сілы, хаця мудрасьць бядака была пагарджоная і слоў ягоных ня слухалі.
17 Словы мудрых выказываныя супакойна выслухіваюцца лепш, чым крык пануючага паміж дурнымі.
18 Мудрасьць лепшая ад ваеннага аружжа, але адзін грэшнік псуе шмат добрага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Экклезіяста, 9 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.