Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіяста 9 Эклезіяста 9 разьдзел

1 Усё гэта сабраў я ў сэрцы маім, каб дэталёва асэнсаваць, што справядлівыя і мудрыя і іх учынкі — у руцэ Божай. Што любоў, а што нянавісць, — чалавек зусім не ведае: усё — перад ім.
2 Быццам бы для ўсіх — адна доля: для справядлівага і бязбожнага, для добрага і ліхога, для чыстага і нячыстага, для таго, хто складае ахвяры, і для таго, хто не складае. Быццам бы добры — такі ж, як грэшнік; як той, хто прысягае, — такі ж і той, хто баіцца прысягі.
3 І гэта — найгоршае сярод усяго, што адбываецца пад сонцам, бо аднолькавая доля — для ўсіх; таму і сэрцы сыноў чалавечых напаўняюцца ліхам і неразумнасцю ў іх жыцці, і самыя апошнія іх [справы] — у мёртвых.
4 Той, хто знаходзіцца між усімі жывымі, мае надзею: лепшы жывы сабака, чым здохлы леў.
5 Тыя, якія жывуць, ведаюць, што памруць; мёртвыя ж нічога больш не даведаюцца, і не маюць больш [ніякай] заплаты, бо памяць аб іх аддадзена забыццю.
6 Таксама любоў іх, і нянавісць, і зайздрасць адначасова згінулі, і не маюць ужо яны ўдзелу ў гэтым свеце і ў дзеях, што адбываюцца пад сонцам.
7 Дык ідзі і ў радасці еж хлеб свой і пі з весялосцю віно сваё; бо ўжо даўно спадабаліся Богу ўчынкі твае.
8 Хай увесь час будуць белымі шаты твае, ды хай алеек з галавы тваёй не знікае!
9 Цешся жыццём з жонкаю, якую кахаеш, ва ўсе дні жыцця няўстойлівасці тваёй, якія дадзены табе пад сонцам на ўвесь час марнасці тваёй: бо гэта ёсць доля ў жыцці і працы тваёй, якою займаешся пад сонцам.
10 Што толькі можа рабіць рука твая, выконвай несупынна, бо ў пекле, куды ты спяшаешся, не будзе ані працы, ані розуму, ані мудрасці, ані ведаў.
11 Звярнуў я ўвагу на што іншае; і ўбачыў пад сонцам, што не шпаркім удаецца бег і не моцным — перамога ў баі, ані вучоным — багацце, ані мудрым — хлеб, ані разважлівым — ласка, але для ўсяго — час і нагода.
12 Акрамя гэтага, чалавек не ведае канца свайго, але як рыбы трапляюцца ў згубную сетку або як птушкі захопліваюцца ў сіло, так і людзі апаноўваюцца ліхім часам, калі ён нечакана для іх надыходзіць.
13 Вось яшчэ якую ўбачыў я мудрасць пад сонцам і прызнаў яе найвышэйшай:
14 малы горад, і мужчын у ім няшмат; выступіў супраць яго вялікі цар, і зрабіў аблогу, і збудаваў навокал вялікія ўмацаванні.
15 Але знайшоўся ў ім чалавек бедны і мудры, і вызваліў горад мудрасцю сваёю; і ніхто потым не прыпомніў гэтага беднага чалавека.
16 І я казаў, што мудрасць лепшая за сілу, але мудрасць беднага бывае ў пагардзе, і слоў яго не слухаюць.
17 Спакойныя словы мудрых выслухоўваюць лепш, чым крык начальнікаў сярод неразумных.
18 Лепшая мудрасць, чым зброя ваенная, але адзін, калі ўчыніў грэх, шмат добрага знішчае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Эклезіяста, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017