Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

1 Макабэяў 1 1-я Макабэяў 1 разьдзел

1 І сталася: пасля таго як Аляксандр Вялікі, сын Піліпа, мацэдонец, які першы цараваў у Грэцыі, выйшаў з зямлі Кетым, перамог Дарыя, цара персаў і мідыйцаў,
2 ваяваў ён многа, заняў многа ўмацаваных мясцовасцей ды забіў цароў зямлі;
3 і так прайшоў аж да межаў зямлі, і набраў здабычы ад многіх народаў, і змоўкла перад ім зямля, і сэрца яго ўзганарылася і ўбілася ў пыху.
4 І ён сабраў надта вялікае войска і авалодаў дзяржавамі народаў ды іх валадарамі, і яны сталі яго даннікамі.
5 І затым злёг ён у пасцель і зразумеў, што памірае;
6 ды паклікаў знатных паслугачоў сваіх, якія ад юнацтва разам з ім былі ўзгадаваны, і раздзяліў між імі царства сваё, яшчэ жывы.
7 І цараваў Аляксандр дванаццаць гадоў, і памёр.
8 Тады сталі царамі паслугачы яго, кожны на сваім месцы;
9 і па смерці яго ўсе яны паўскладалі сабе на галовы вянцы, а па іх — сыны іх на многія гады. І памножылася ліха на зямлі.
10 І паміж іх выйшаў корань сапсаванасці — Антыёх Эпіфан, сын цара Антыёха, які быў заложнікам у Рыме і стаў царом у сто трыццаць сёмым годзе царавання грэкаў.
11 У тыя дні выйшлі з Ізраэля ліхія сыны, і яны ўгаварылі многіх людзей, кажучы: «Хадзем і заключым супакой з навакольнымі плямёнамі, бо ад таго часу, як адвярнуліся мы ад іх, напаткала нас многа бед».
12 І парада гэтая здалася ім добрай;
13 і некаторыя з народа заахвоціліся і пайшлі да цара, а ён даў ім уладу, каб чынілі справядлівасць, як у паганаў.
14 І пабудавалі ў Ерузаліме гімнасій па паганскіх законах;
15 і ўхіліліся ад абразання ды адступіліся ад святога прымірэння, і звязаліся з паганамі, і запрадаліся ім, каб чыніць тое, што блага.
16 І калі Антыёх убачыў, што царства яго ўмацавалася, і пачаў панаваць над зямлёю Егіпецкай, каб быць царом над двума царствамі,
17 дык увайшоў у Егіпет з вялікім войскам, і з калясніцамі, і са сланамі, і з коннікамі, і з мноствам караблёў;
18 і ўступіў у вайну супраць Пталемея, цара Егіпецкага, і Пталемей збаяўся аблічча яго і ўцёк, і пала многа параненых.
19 І авалодалі яны ўмацаванымі гарадамі ў зямлі Егіпта, ды ён абрабаваў зямлю Егіпецкую.
20 І па перамозе над Егіптам у сто сорак трэцім годзе Антыёх вярнуўся ды з вялікім войскам адправіўся на Ізраэль, супраць Ерузаліма;
21 і ў сваёй пыхлівасці ўварваўся ў святыню ды ўзяў залаты ахвярнік, і каганец, і ўсе пасудзіны яго,
22 і стол пакладны, і пасудзіны на вадкія ахвяры, і чары, і залатыя ахвярныя пасудзіны, і завесу, і вянкі, і залатое аздабленне, якое было на фасадзе святыні; дый усё паламаў.
23 Узяў срэбра, і золата, і пасудзіны, якія пажадаў; і ўзяў схаваныя скарбы, якія знайшоў;
24 і, узяўшы ўсё, адышоў у сваю зямлю, і ўчыніў разню людзей, і прамаўляў з вялікай пыхай.
25 І ўзнік вялікі плач у Ізраэлі ды па ўсіх яго сялібах;
26 і наракалі князі і старэйшыны, дзяўчыны і юнакі страцілі сілу, ды знікла прыгажосць у жанчын;
27 кожны жаніх пачаў лямантаваць, і тая, што сядзела на шлюбным ложку, паддалася смутку;
28 і зямля ўзварухнулася пад сваімі жыхарамі, і ўвесь дом Якуба пакрыўся сорамам.
29 І пасля двух гадоў часу паслаў цар да гарадоў Юды кіраўніка падатказбіральнікаў, і прыбыў у Ерузалім з вялікім войскам;
30 і падступна прамовіў да іх у словах супакою, і яны паверылі яму. А ён раптам напаў на горад і знішчыў яго паражэннем вялікім, і выгубіў шмат народа Ізраэля.
31 І забраў награбленае дабро горада, ды спаліў яго агнём, ды разбурыў дамы яго і муры вакол яго;
32 і павялі ў палон жанчын, і дзяцей, і захапілі жывёлу.
33 І горад Давідаў агарадзілі высокім і моцным мурам і моцнымі вежамі; і стаў ён іх крэпасцю.
34 І там памясцілі грэшны народ, ліхіх людзей, і яны ўмацаваліся ў ёй;
35 і там запасліся зброяй і правіянтам, і памясцілі там нарабаваныя ў Ерузаліме рэчы; і сталі яны вялікаю пасткаю.
36 Ды сталася гэта засадаю для святыні і дэманам ліхім для Ізраэля назаўсёды;
37 і пралілі яны нявінную кроў вакол святыні ды святыню спаганілі.
38 Дзеля іх паўцякалі жыхары з Ерузаліма ды стаў ён сялібай чужынцаў і стаў ён чужым свайму роду; нават ураджэнцы пакінулі яго.
39 Святыня яго апусцела, як пустыня, святочныя дні яго абярнуліся ў галашэнне, суботы яго — у пасмешышча, слава яго — у нішто.
40 Замест славы яго памножылася ганьба яго, і ўзвышэнне яго ў жалобу абярнулася.
41 І цар Антыёх напісаў усяму свайму царству, каб усе народы былі адным,
42 ды каб кожны пакінуў свой закон. Ды ўсе народы прынялі гэты загад цара Антыёха;
43 прытым многія згадзіліся на культ яго, і ўсклалі ахвяры ідалам, і апаганьвалі шабат.
44 Ды цар паслаў праз вестуноў у Ерузалім і ў гарады Юды лісты, каб яны дзейнічалі паводле законаў паганскіх земляў,
45 і забаранілі ўскладаць у святыні Божай ахвяры цэласпалення, і ахвяры крывавыя, а таксама ахвяры прымірэння, ды каб апаганьвалі суботы і ўрачыстыя дні,
46 дый каб зневажалі святое з святых,
47 каб будавалі ахвярнікі, і храмы, і ідалаў, і каб ускладалі ў ахвяру свіное мяса і нячыстых жывёл,
48 ды каб пакідалі сыноў сваіх неабрэзанымі, ды каб душы іх апаганьвалі ўсім нячыстым і агіднасцю,
49 такім чынам, каб забыліся пра закон ды змянілі ўсе пастановы;
50 і той, хто не зробіць паводле загаду цара Антыёха, смерцю будзе пакараны.
51 Паводле ўсіх гэтых слоў напісаў ён усяму царству свайму і над усім народам паставіў наглядчыкаў, і гарадам Юды загадаў аднаму за адным складаць ахвяры ідалам.
52 І паміж народа многія далучыліся да іх, усе, якія пакінулі закон Госпадаў ды дапускаліся зла на зямлі;
53 і яны сталіся прычынай таго, што ізраэльцы мусілі хавацца ў мясцовасцях выдаленых і скрытых, для ўцекачоў.
54 У пятнаццаты дзень месяца Каслеў сто сорак пятага года на ахвярніку цэласпалення ён пабудаваў «агіднасць спусташэння», і ў суседніх гарадах Юды пабудавалі ахвярнікі,
55 і перад дзвярамі дамоў і на вуліцах складалі ахвяры.
56 І кнігі закону, якія знайшлі, раздзерлі на кавалкі і спалілі іх агнём;
57 і калі ў каго знаходзілі кнігу запавету ды калі хто трымаўся закону, таго па загадзе цара забівалі.
58 Гэтак з месяца ў месяц прымянялі сілу супраць Ізраэля, супраць кожнага, каго знаходзілі ў гарадах.
59 І ў дваццаць пяты дзень месяца ўскладалі ахвяры на ахвярніку, які пабудавалі па-над ахвярнікам;
60 тады па загадзе забівалі жанчын, якія абразалі сваіх сыноў, —
61 і вешалі дзетак на шыях іх; — і дамы іх, і тых, хто абразаў іх, забівалі.
62 І многія ў Ізраэлі рашыліся і набраліся сілы ў сабе, каб не есці нячыстага,
63 і выбралі смерць, каб не апаганіцца ежай ды не зганьбіць прымірэння святога, і паміралі.
64 Ды стаўся вялікі гнеў над Ізраэлем.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая Кніга Макабэяў, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017