1 І адправіўся Ёан з Газары, і расказаў бацьку свайму Сімону, што зрабіў Цэндэбэй.
2 І Сімон паклікаў двух старэйшых сыноў сваіх: Юду і Ёана ды сказаў ім: «Я, і браты мае, і сям’я бацькі майго ад юнацтва аж па сённяшні дзень ваявалі з непрыяцелямі Ізраэля, і многа раз удавалася нашымі рукамі вызваляць Ізраэль.
3 Цяпер жа я ўжо стары, а вы, дзякуючы міласэрнасці Божай, знаходзіцеся ў сталых гадах; заступіце на месца маё і брата майго, і выступіце, і ваюйце за наш народ; хай жа вам неба дапаможа».
4 І выбраў з краю дваццаць тысяч ваяроў і коннікаў; і яны направіліся супраць Цэндэбэя, і пераначавалі ў Модзіне,
5 І рана ўсталі ды пайшлі на раўніну. І вось, супраць іх вялікае войска пешых і коннікаў, і між імі была рэчка.
6 І паставіў ён лагер, ён і народ яго, і заўважыў, што людзі баяцца перапраўляцца праз раку; ды першы пераправіўся, і ваяры яго ўбачылі, і пераправіліся за ім.
7 І ён раздзяліў сваіх людзей, і конніцу паставіў пасярэдзіне пешых; непрыяцелі ж мелі конніцу надта вялікую.
8 І затрубілі ў трубы, і Цэндэбэй з войскам сваім пачаў уцякаць, і пала ў іх многа раненых; а астатнія скрыліся ў крэпасці.
9 Тады Юда, брат Ёана, быў паранены. Ёан жа пераследаваў іх, аж пакуль не дайшоў да Цэдрона, які адбудаваў.
10 І ўцяклі яны аж да вежаў, пабудаваных на палях Азота; ды агнём спаліў ён іх, і пала з іх дзве тысячы ваяроў. І спакойна вярнуўся ў Юдэю.
11 І кіраўніком на раўніне Ерыхонскай быў назначаны Пталемей, сын Абуба, які меў многа срэбра і золата,
12 бо быў ён зяцем першасвятара.
13 І ўзвысілася сэрца яго, і хацеў завалодаць краем, і меўся падступна выдаліць Сімона і яго сыноў.
14 Сімон жа, аб’язджаючы гарады краю ды рупячыся аб іх, у Ерыхон прыбыў сам і сыны яго: Мататыя і Юда; было гэта ў сто семдзесят сёмым годзе, у адзінаццатым месяцы, гэта значыць у месяцы Сабат.
15 І сын Абуба падступна прыняў іх у малай крэпасці, званай Док, якую сам пабудаваў; і падрыхтаваў ім вялікі баль ды схаваў там ваяроў.
16 І калі Сімон і яго сыны былі п’яныя, падняўся Пталемей і яго прыхільнікі, і схапілі зброю сваю, і ўварваліся на баль, і забілі яго разам з двума сынамі яго і некалькімі людзьмі з яго дружыны.
17 І дапусціўся вялікай здрады, і ліхам адплаціў за дабро.
18 І Пталемей напісаў пра гэта, і паслаў да цара з просьбай адправіць яму войска на дапамогу, і ён аддасць яму край і гарады.
19 І іншых паслаў у Газару, каб забіць Ёана; і тысячнікам разаслаў лісты, каб прыбылі да яго і каб даць ім срэбра, і золата, і дарункі.
20 І іншых паслаў, каб занялі Ерузалім і гару святыні.
21 І нехта раней дабег у Газару, і паведаміў Ёану, што загінуў бацька яго, і браты яго, і што: «Паслаў, каб таксама забіць і цябе».
22 Калі ж ён пачуў гэта, спалохаўся надта, і схапіў тых людзей, якія прыбылі забіць яго.
23 І іншае са слоў Ёана, і яго баі, і подзвігі, якія выканаў з мужнасцю, і адбудаванне муроў, якія пабудаваў, ды ўся яго дзейнасць —
24 запісана гэта ўсё ў кнігах дзён святарства яго, ад часу таго, як стаў ён па сваім бацьку першасвятаром.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першая Кніга Макабэяў, 16 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017