Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

1 Макабэяў 2 1-я Макабэяў 2 разьдзел

1 У гэтыя дні паўстаў Матація, сын Ёана, сына Сімяона, святар з сыноў Ёарыба, з Ерузаліма, і ён жыў у Модзіне.
2 Ён меў пяць сыноў: Ёана, празванага Гадзіс,
3 і Сімона, празванага Тазі,
4 і Юду, празванага Макабэем,
5 і Элеазара, празванага Абаранам, і Ёнату, празванага Апфусам.
6 І ён убачыў знявагі Бога, якія адбываліся ў Юдэі і ў Ерузаліме,
7 і ён сказаў: «Гора мне! Чаму я нарадзіўся бачыць знішчэнне народа майго ды падзенне святога горада? І заселі там, каб выдаць яго ў рукі ворагаў, святыню — у рукі чужынцаў.
8 Святыня стала, як чалавек без пашаны,
9 пасудзіны славы яе забраны ў палон, малыя горада памардаваныя на вуліцах яго, юнакі яго пазабіваны мечам варожым.
10 Які народ не займаў царства яго ды не рабаваў яго?
11 Усе яго ўпрыгожанні зрабаваныя; калісьці свабодны народ стаў нявольнікам.
12 І вось, святыня наша, і годнасць наша, і слава наша — спустошаны, ды зганьбілі іх пагане.
13 Дык навошта нам жыццё?»
14 І разарвалі шаты свае Матація і яго сыны, і апрануліся ў зрэбніцы, і горка плакалі.
15 І ў горад Модзіну прыбылі пасланнікі цара, якія змушалі людзей да адступніцтва праз складанне ахвяр ідалам.
16 І многа ізраэльцаў далучыліся да іх, і Матація і сыны яго сабраліся.
17 І пасланнікі цара сказалі Матаціі: «Ты з’яўляешся кіраўніком, і выдатным, і вялікім у гэтым горадзе ды маеш апору ў сынах і сваяках.
18 Цяпер прыступіся першы і выканай загад цара, як выканалі ўсе народы і людзі Юды, і тыя, якія засталіся ў Ерузаліме, то і ты, і твае сыны будзеце прыяцелямі цару, ды ты і сыны твае будзеце праслаўленыя срэбрам, і золатам, і многімі дарункамі».
19 І ў адказ сказаў Матація моцным голасам: «Нават калі ўсе народы, прабываючыя ў доме царства, паслухаюць цара, і адступяцца кожны ад абраду бацькоў сваіх, і згадзяцца з загадамі яго, —
20 то і я, і сыны мае, і сваякі мае будзем стаяць пры прымірэнні бацькоў нашых.
21 Хай ласкавы будзе да нас Госпад, каб не пакінуць закону і апраўданняў;
22 не паслухаем слоў цара, каб ад свайго абавязку не адступіцца ані ўправа, ані ўлева».
23 І ледзь скончыў гаварыць гэтыя словы, як адзін юдэй на вачах усіх падышоў да ахвярніка ў Модзіне, каб ускласці ахвяру па загадзе цара.
24 І ўбачыў гэта Матація, і ўзгарэўся руплівасцю, і задрыжэлі яго сцёгны; і, ахоплены гневам дзеля парушэння закону, падбег і забіў яго на ахвярніку.
25 І забіў тады ж чалавека цара, які змушаў ускладаць ахвяры ідалам, і ахвярнік разбурыў;
26 і ўзгарэўся руплівасцю па законе, як учыніў Пінхас Замбры, сыну Саліма.
27 І стаў моцным голасам крычаць у горадзе, кажучы: «Кожны, хто рупіцца пра закон і стаіць за прымірэнне, хай ідзе за мною».
28 І ён сам, і сыны яго ўцяклі ў горы і пакінулі ўсё, што мелі ў горадзе.
29 Тады мноства людзей, якія хацелі жыць справядліва і законна, пайшлі ў пустыню і там прабывалі яны
30 разам са сваімі дзецьмі, і са сваімі жонкамі, і са сваёй жывёлай, бо ўсякія беды зваліліся на іх.
31 І паведамлена было людзям цара і войску, якія знаходзіліся ў Ерузаліме, горадзе Давіда, што людзі некаторыя, што не паслухаліся загаду цара, пайшлі ў пустыню, у патаемныя месцы.
32 Ды шмат людзей пабегла за імі і, калі іх дагналі, накіраваліся супраць іх ды ў суботу распачалі супраць іх бой і казалі ім:
33 «Хопіць ужо! Выходзьце і выканайце загад цара і будзеце жыць!»
34 І яны казалі: «Не выйдзем і не споўнім загаду цара, і не апаганім дзень суботні».
35 І тыя пачалі супраць іх ваяваць.
36 І яны не ўспрацівіліся ім, ані ў іх каменя не кінулі і не загарадзілі сховішчаў,
37 кажучы: «Памром усе ў шчырасці нашай, і сведкамі будуць нам неба і зямля, што несправядліва губіце нас».
38 І тыя напалі на іх боем у дзень суботні; і загінулі яны самі, і іх жонкі, і іх дзеці, і жывёла іх, — аж да тысячы душ людзей.
39 І даведаўся пра гэта Матація і сябры яго, і горка плакалі дзеля іх;
40 і адзін казаў другому: «Калі ўсе мы так будзем рабіць, як нашы браты, ды не будзем ваяваць з паганамі за сваё жыццё і за нашы апраўданні, то тым хутчэй сатруць нас з паверхні зямлі».
41 І рашылі ў той дзень, кажучы: «Супраць кожнага чалавека, які пойдзе на нас вайной у дзень суботні, будзем ваяваць супраць яго і не памром усе, як загінулі браты нашы ў патаемных месцах».
42 Тады далучыўся да іх сход асыдэйцаў, мужных ізраэльцаў, усе яны верныя закону;
43 і ўсе, што паўцякалі ад бед, далучыліся да іх і сталі ім апораю.
44 І ўтварылі яны войска, і ў гневе сваім напалі на грэшнікаў і на адступнікаў; і іншыя ўцякалі да паганаў, каб вызваліцца.
45 І Матація і яго сябры абышлі вакол і знішчылі ахвярнікі;
46 і абрэзалі неабрэзаных дзяцей, дзе толькі знайшлі ў межах Ізраэля, нічога не баючыся.
47 І пераследавалі сыноў пыхлівасці, і праца іх рук мела поспех;
48 і абаранілі закон ад рук паганаў, і ад рук цароў, і не далі трыумфаваць грэшніку.
49 І наблізіліся дні смерці Матаціі, і сказаў ён сваім сынам: «Цяпер умацавалася пыхлівасць, і кара, і час пераваротнасці, і абурэнне злосці.
50 Цяпер, дзеткі, беражыце закон; ды аддавайце жыццё вашае за прымірэнне бацькоў вашых.
51 І памятайце пра дзейнасць бацькоў, што яны зрабілі ў пакаленнях сваіх ды заслужыце вялікую славу і імя навек.
52 Ці ж Абрагам у выпрабаванні не аказаўся верным, і ці не залічана яму гэта за справядлівасць?
53 Язэп у час гора свайго збярог прыказанне і стаў гаспадаром Егіпта.
54 Бацька наш Пінхас сваёю руплівасцю па Богу атрымаў абяцанне вечнага святарства.
55 Ешуа за выкананне загаду стаў суддзёю Ізраэля.
56 Калеб за пасведчанне перад сходам атрымаў зямлю ў спадчыну.
57 Давід за сваю міласэрнасць атрымаў у спадчыну на вечнасць пасад царскі.
58 Ілля за вялікую руплівасць пра закон быў узяты ў неба.
59 Ананія, Азарыя і Місаэль праз веру былі вызвалены ад полымя.
60 Даніэль у сваёй шчырасці быў вызвалены з пашчы львоў.
61 І так думкаю перайдзіце з роду ў род і пераканайцеся, што кожны, хто пакладае надзею ў Ім, не будзе падведзены.
62 І не бойцеся пагроз грэшнага чалавека, бо слава яго — гэта гной і чарвякі;
63 сёння ён узвысіцца, і заўтра знікне ён, бо абярнуўся ён у парахно сваё, і намеры яго прапалі.
64 Дзеці, будзьце мужнымі і мужна трымайцеся закону, бо праз яго станеце слаўнымі.
65 І вось, брат ваш — Сімон. Ведаю, што ён чалавек парады: яго слухайце заўсёды; ён будзе для вас бацькам.
66 І Юда Макабэй з маладосці сваёй дужы мужнасцю, будзе для вас кіраўніком войска; і ён будзе ваяваць з народамі.
67 Ды вы сабярыце да сябе ўсіх, што трымаюцца закону, і помсціце помстаю за народ ваш;
68 адплачвайце належнае паганам і беражыце пастанову закону».
69 І дабраславіў іх, і быў далучаны да сваіх бацькоў.
70 І памёр ён у сто сорак шостым годзе; ды быў пахаваны ў грабніцах бацькоў сваіх у Модзіне. Увесь Ізраэль аплакаў яго з вялікім жалем.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая Кніга Макабэяў, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017