Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

1 Макабэяў 6 1-я Макабэяў 6 разьдзел

1 І цар Антыёх у паходзе праз горныя рэгіёны даведаўся, што ў Персіі ёсць горад Элімаіда, слаўны багаццямі: срэбрам і золатам, —
2 і што ў ім ёсць святыня, з багаццямі вялікімі, і што завесы там залатыя, і панцыры, і шчыты, якія пакінуў там цар Мацэдоніі Аляксандр Піліпаў, які першы цараваў у Грэцыі.
3 Ды ён прыбыў і стараўся ўзяць той горад, і абрабаваць яго, і не змог, бо жыхары горада дазналіся пра яго намеры.
4 І яны стойка працівіліся яму ў баі. І ён мусіў адступіць адтуль і з вялікаю горыччу адышоў, каб вярнуцца ў Бабілонію.
5 І прыйшоў той, хто паведаміў яму ў Персіі, што дружыны, пасланыя ў Юдэю, змушаныя былі ўцякаць,
6 і што Лісія з моцным войскам выступіў першым і ўцёк ад іх, і што яны сталі мацнейшымі зброяй, і войскам ды вялікай здабычай, якую забралі ад разгромленых войскаў,
7 і што разбурылі яны агіднасць, якую ён пабудаваў на ахвярніку, што быў у Ерузаліме, і што святыню абвялі высокімі мурамі, як раней, і што Бэтсур — яго горад.
8 Калі цар пачуў аб гэтых падзеях, здзівіўся і надта спалохаўся, і ўпаў на ложак, і захварэў з-за смутку, што не здарылася з ім так, як ён хацеў.
9 І шмат дзён ён так праляжаў, бо аднавіўся ў ім вялікі смутак, і думаў, што памрэ.
10 І сабраў усіх прыяцеляў сваіх і сказаў ім: «Адступіў сон ад маіх вачэй, і гора сціскае маё сэрца,
11 ды сказаў я ў сэрцы сваім: да якога гора дажыў я і да вялікай няўпэўненасці, у якой я цяпер апынуўся? Бо быў я спагадны і любімы ў сваім валадаранні!
12 Цяпер жа прыпамінаю сабе злачынствы, якія я дапусціў у Ерузаліме, адкуль забраў я ўсе пасудзіны залатыя і срэбраныя, якія былі там, ды паслаў я загубіць жыхароў Юдэі без прычыны.
13 Знаю, што таму гэтыя беды нахлынулі на мяне; і, вось, прападаю з вялікага болю ў чужой зямлі».
14 І паклікаў Піліпа, аднаго са сваіх прыяцеляў, і паставіў яго правіцелем над усім сваім царствам;
15 і ўручыў яму вянец, і плашч свой, і пярсцёнак, каб прывёз сына яго, Антыёха, і вывучыў яго цараваць.
16 І там цар Антыёх памёр у сто сорак дзевятым годзе.
17 І Лісія даведаўся, што цар памёр, і паставіў царом сына яго Антыёха, якога выгадаваў ад дзяцінства; і даў яму прозвішча Эўпатар.
18 І тыя, што жылі ў крэпасці, вакол святынь, нападалі на Ізраэль, і заўсёды рабілі яму зло, і падтрымлівалі паганаў.
19 І Юда рашыўся знішчыць іх, і склікаў увесь народ, каб зрабіць асаду іх.
20 Ды сышліся разам і асадзілі іх у сто пяцідзесятым годзе, і навялі на іх каменямёты і машыны асадныя.
21 І з паміж асаджаных выйшла некалькі, і да іх далучыліся некаторыя бязбожныя ізраэльцы,
22 і пайшлі да цара, і казалі: «Чаму так доўга не чыніш суд і не адпомсціш за нашых братоў?
23 Мы рашыліся служыць бацьку твайму, і спаўняць загады яго, і падначальвацца загадам яго;
24 і дзеля таго сыны народа нашага асадзілі крэпасць, і сталі для нас ворагамі, і забівалі кожнага з нашых, каго схапілі, ды рабавалі нашу маёмасць.
25 І выцягнулі рукі не толькі супраць нас, але таксама супраць усіх тваіх межаў;
26 і вось сёння наблізіліся да крэпасці ў Ерузаліме, каб узяць яе, і ўмацавалі і святыні, і Бэтсур.
27 Ды калі не апярэдзіш іх хутчэй, то яшчэ горшых рэчаў дапусцяцца і ўжо не зможаш іх стрымаць».
28 І калі цар гэта пачуў, раззлаваўся, і склікаў усіх сваіх прыяцеляў, і кіраўнікоў свайго войска, і кіраўнікоў конніцы;
29 але і з другіх дзяржаў і марскіх астравоў прыбылі да яго наёмныя войскі.
30 І лік яго войска быў сто тысяч пешых, і дваццаць тысяч коннікаў, і трыццаць два сланы, навучаныя бою.
31 І прайшлі яны праз Ідумею, і да Бэтсура наблізіліся. І многа дзён ваявалі, і пабудавалі машыны аблогавыя, і асаджаныя выйшлі і спалілі іх агнём ды храбра ваявалі.
32 І Юда адступіў ад крэпасці і перамясціў лагер да Бэтзахары насупраць царскага лагера.
33 І ўстаў цар перад світаннем, і вывеў імкліва сваё войска на дарогу Бэтзахары, і падрыхтаваліся войскі да бою, і затрубілі ў трубы,
34 і сланам падалі сок вінаграду і смакоўніцы, каб раз’юшыць іх да бою.
35 І раздзялілі жывёл на групы, і паставілі да кожнага слана па тысячы ваяроў у жалезных кальчугах і з меднымі шлемамі на галовах іх, і па пяцьсот адборных коннікаў прыстаўлена было да кожнага слана.
36 Яны ўжо раней былі там, дзе быў слон, і, дзе ён ішоў, ішлі; не адступалі ад яго.
37 І на іх былі моцныя драўляныя вежы, пакрываючыя кожнага слана, прымацаваныя спецыяльным прыстройствам з ваеннымі прыладамі, ды на кожным — чатыры ваяры, якія з яе ваявалі, а апрача ўсяго, індус, які кіраваў сланом.
38 І астатніх коннікаў расставіў на адным і другім баку, на двух баках войска, каб запалохаць ворагаў і абараніць флангі, якія ваявалі.
39 І калі сонца засвяціла на залатыя і медныя шчыты, то заблішчэлі ад іх горы ды засвяцілі, як светачы агню.
40 Адна частка войска царскага расцягнулася па высокіх гарах, і некаторыя — на нізінах; і ішлі яны асцярожна і стройна.
41 І задрыжэлі ўсе, чуючы мнагалюдны гармідар, і хаду натоўпу, і грукат зброі; было бо гэта вельмі вялікае і моцнае вайска.
42 І Юда са сваім войскам наблізіўся, каб уступіць у бой, ды з царскага войска пала шэсцьсот ваяроў.
43 І Элеазар Абаран убачыў, што адзін са сланоў мае на сабе царскую кальчугу і ён быў большы за іншых сланоў; і здалося яму, што на ім быў цар;
44 дык аддаў сябе, каб вызваліць свой народ ды заручыцца вечнай славай.
45 І ён адважна падбег да яго праз сярэдзіну дружыны, забіваючы направа і налева, і адступалі ад яго на адзін і на другі бок;
46 і кінуўся пад слана, і лёг пад ім, і забіў яго, і той упаў на зямлю на яго, і памёр ён там.
47 І яны, убачыўшы сілу царства і ўпартасць войска, адышлі ад іх.
48 Часць войска цара накіравалася супраць іх у бок Ерузаліма, і цар наблізіўся да Юдэі і гары Сіён, каб ваяваць супраць юдэяў.
49 І з тымі, што былі ў Бэтсуры, заключыў мір; і выйшлі яны з горада, бо не мелі там харчоў, бо былі замкнёныя ў ім, бо быў у зямлі год шабату.
50 Дык цар захапіў Бэтсуру, і пакінуў там варту, каб сцерагчы яе.
51 Сам жа распачаў асаду святыні, якая трывала доўгі час; і паставіў там каменямёты і аблогавыя машыны, прылады для кідання агню і стрэлаў.
52 Але і юдэі зрабілі машыны супраць іх машын і ваявалі многа дзён;
53 і не хапіла, аднак, у свірнах харчоў, бо быў гэта сёмы год, і рэшту запасаў з’елі тыя, хто прыйшоў з паганаў у Юдэю.
54 І ў святыні засталося ўжо няшмат абаронцаў, бо голад іх ахапіў, і паразыходзіліся кожны ў сваю мясцовасць.
55 І Лісія даведаўся, што Піліп, якому цар Антыёх яшчэ за жыццём даручыў гадаваць сына свайго, Антыёха, на цара,
56 вярнуўся з Персіі і Мідыі і войска, якое пайшло з ім, і што ён намагаецца стаць царом.
57 Ён паспяшаўся і даў знак ісці і сказаў цару, і кіраўнікам войска, і ваярам: «Памяншаецца штодзень лік наш, і харчавання нам нестае, і месца, якое асаджаем, умацаванае, і ляжаць на нас справы дзяржавы.
58 Дык зараз пададзім правіцу тым людзям, і заключым з імі супакой і з усім іх народам, і дамовімся з імі:
59 хай жывуць па сваіх законах, як раней; разгневаліся бо яны на нас, што мы іх законы забаранілі, і таму ўсё гэта зрабілі».
60 І спадабалася гэта мова цару і кіраўнікам, дык паслаў да іх заключыць супакой, і яны прынялі яго.
61 І пакляліся ім цар і кіраўнікі. Дзеля гэтых умоў выйшлі з умацавання.
62 І цар увайшоў у гару Сіён і ўбачыў, як умацавана тое месца, і зламаў клятву, якою пакляўся, і загадаў зламаць навакольны мур.
63 І адправіўся паспешна, і вярнуўся ў Антыёхію; і застаў Піліпа, які правіў горадам, дык ваяваў з ім і сілаю ўзяў горад.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая Кніга Макабэяў, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017